Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотаканфлікт вакол кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае»


Алег Лукашэвіч

Алег Лукашэвіч

Алег Лукашэвіч, аўтар кнігі «Спадчына Беларусі» (у суаўтарстве з Аляксандрам Аляксеевым) і журналіст БТ, абураны тым, што здымкі зь іхнага выданьня выкарыстаныя ў кнізе Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае». Справа можа дайсьці да суду.

Алег Лукашэвіч: «Мы зь цікавасьцю прыйшлі ў краму паглядзець новае выданьне „Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае“. І былі вельмі расчараваныя, калі пабачылі там фатаздымкі, якія належаць нам. Нідзе не пазначана, што гэта здымкі Аляксеева-Лукашэвіча. Нават маленькімі літарамі. Проста было напісана „сучаснае фота“, а на адным здымку нават напісана, што гэта фота Зьмітра Герасімовіча».

Па словах Лукашэвіча, ня трэба экспэртызы, каб зразумець, што здымкі з «Краіны Беларусі» належаць ім. Агулам ён сьцьвярджае, што ідзецца пра нелегальнае выкарыстаньне 22 здымкаў.

Тэкст да кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» пісаў Уладзімер Арлоў. Мастацкім аздабленьнем займаўся Зьміцер Герасімовіч. Ён сьцьвярджае, што вядзецца не пра 22, а, магчыма, пра 5 здымкаў:

Зьміцер Герасімовіч

Зьміцер Герасімовіч

«Ілюстрацыі падобныя. Так атрымалася, што яны не падпісаныя, бо яны трапілі да мяне ў выніку абмену паміж выдавецтвам „Беларусь“ і мной. Я ім даў ілюстрацыі са свайго архіву. Я нават ня ведаў, што гэта здымкі Лукашэвіча-Аляксеева. Я звычайна стаўлю подпісы, гэта можна ва ўсіх маіх кніжках пабачыць».

«Я гатовы выбачыцца, — кажа Зьміцер Герасімовіч, — і пазначыць іхнае аўтарства ў іншых выданьнях».

Зьміцер Герасімовіч ужо меў тэлефонную размову з Алегам Лукашэвічам. Заўтра яны будуць улагоджваць канфлікт пры асабістай сустрэчы.

«Мы не хацелі б нават завастраць гэтае пытаньне ці падаваць у суд, — кажа Алег Лукашэвіч. — Але на год 3–5 такіх сытуацый бывае: мы выпадкова бачым нашыя фатаздымкі ў банкаўскіх календарах, брашурах, часопісах».

Калі сытуацыю ня ўдасца разьвязаць мірным шляхам, аўтары «Спадчыны Беларусі» ў суд усё ж пойдуць — і не ўпершыню. Ім ужо здаралася выйграваць падобныя працэсы.

Алег Лукашэвіч: «Былі выпадкі, калі чалавек прасіў прабачэньня, і гэта мірна вырашалася. Нас не цікавіць матэрыяльная выгада, мы людзі забясьпечаныя. Што мы можам стрэсьці з дадзенага праекту? Ня ў гэтым сэнс. Сэнс у тым, што не захоўваюцца аўтарскія правы».

Лукашэвіч распавядае, што «Спадчыну» яны робяць самі. Прададзена ўжо 40 тысяч асобнікаў. Праект гэты прыбытковы, аднак колькі ўдалося зарабіць, Алег распавядаць ня хоча: «камэрцыйная таямніца».

«Але вы самі можаце палічыць: 40 тысяч асобнікаў прадалося па цане ад 50 да 100 даляраў. Падумайце, колькі аўтары маглі атрымаць».

Лукашэвіч шмат разоў паўтарае, што гэты канфлікт моцна «сапсаваў яму настрой», але падкрэсьлівае, што да аўтараў «Краіны Беларусі» ставіцца з павагай.

Алег Лукашэвіч: «Я ня ведаю, як мы разьвяжам гэтую сытуацыю. Будзем нейкім чынам выходзіць зь яе, каб яна задаволіла ўсе бакі. Я спадзяюся, што гэта мірна вырашыцца. Я зь вялікай павагай стаўлюся да Арлова і Герасімовіча. Яны робяць вялікую справу. Агулам мы робім адзіную справу — гэта падмурак у нашую маладую краіну, кожную сваю цаглінку кладзе. І калі наш дом будзе мацнейшы, тым лепей мы ўсе разам будзем жыць».

У кнізе "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае" зьмешчаныя блізу дзьвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, унікальныя фотаздымкі і рэканструкцыі. Як гаворыцца ў анатацыі, шмат якія ілюстрацыі беларускаму чытачу дагэтуль былі невядомыя.

Рэдактар кнігі — Зьміцер Санько, падбор ілюстрацый — Зьміцер Герасімовіч.


З Фэйсбуку Алег Лукашэвіч

Фота з кнігі "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае"



Арыгінал фота з небам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG