Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткія праверкі на беларуска-ўкраінскіх дарогах


Пасьля таго, як у Беларусі шматкроць падаражэлі гарэлка і тытунь, вывозіць іх за мяжу стала нявыгадна, і дробным памежным гандлярам давялося пераключацца на іншыя тавары. Рэпартаж зь беларуска-ўкраінскай мяжы.



Мяжа Беларусі з суседняй Украінай цягнецца амаль на 900 кілямэтраў. З надыходам лета празь яе ў Беларусь пацягнуўся транспарт з паўднёвай садавіной і гароднінай — чарэшнямі, памідорамі, трускалкамі, абрыкосамі. Яны ў суседзяў у два разы таньнейшыя. Калі, напрыклад, тыя ж чарэшні каштуюць на гомельскіх рынках 45–50 тысяч, то ва Ўкраіне іх можна набыць за 15–20 грыўняў, а часам і таньней.

Малады бізнэсовец, які не схацеў афішаваць сваё імя, апавядае пра цяперашнія парадкі на беларускай мяжы:

«Вельмі жорсткія. І перадузятае стаўленьне: калі нешта не спадабалася, пачынаюць шманаць. І парадкі такія: адны супрацоўнікі мытні кажуць, што, дапусьцім, чарэшань можна правезьці 10 кіляграмаў, іншыя — 50 кіляграмаў можна правозіць раз на тры месяцы. Ну, як настрой будзе ў мытніка. Учора я ехаў, дык нас толькі зь дзесяцьцю кіляграмамі чарэшні на чалавека пусьцілі. Толькі дзесяць на чалавека».

Каб усё ж такі правезьці тыя ж чарэшні празь мяжу, гандляры ідуць на розныя хітрыкі:

«Людзей просім, каб больш народу ў машыне было. Тры чалавекі дадаткова сядаюць, якія ня езьдзілі па тавар… Але не заўсёды пускаюць».

Не прапускаюць ня толькі дробныя партыі, але й буйныя, і асабліва калі нехта хоча схітрыць. 4 чэрвеня Мытны камітэт паведаміў, што гомельскія мытнікі ў пункце мытнага афармленьня «Мазыр-Козенкі» сканфіскавалі 18 тон сьвежых чарэшань, якія везьлі на грузавіку з Сэрбіі ў Расею. У суправаджальных дакумэнтах вага чарэшань была заніжана, каб зьменшыць іхні кошт і, вядома, мытны збор.

Спадарыня Надзея з Чарнігава ўвесь гэты тыдзень возіць у Гомель то трускалкі, то чарэшні:

«Жорстка правяраюць — і на вагу ставяць, і па кішэнях могуць палазіць. Усё што заўгодна — усё правераць. Мы ўтраіх ехалі — у нас 50 кіляграмаў на траіх. Выходзіць па 17 кіляграмаў на чалавека. Дык што я парушыла? Я нічога не парушыла, калі можна правезьці на фізычную асобу 30 кіляграмаў прадуктаў харчаваньня. Наркотыкі нельга правозіць, гранаты, пісталет нельга, мяшок патронаў нельга. А садавіна — гэта ж сэзоннае!»

Сэзонны гандаль, аднак, заканчваецца ў лістападзе. І ўкраінцы, і беларусы ведаюць, што, пачынаючы з гэтага часу, правезьці празь мяжу можна толькі 5 кіляграмаў харчу, да якога аднесена садавіна й гародніна.

Свой інтарэс украінскія гандляры маюць да беларускіх тавараў.
Каўбаску сабе бяром, малако згушчанае. І трыкатаж ваш добры… А вашы едуць па ерунду

Надзея: «Каўбаску сабе бяром, малако згушчанае. І трыкатаж ваш добры — фабрыкі „8 Сакавіка“, менскі, пінскі трыкатаж, пасьцельная бялізна з Воршы. А вашы едуць па ерунду — той адэскі трыкатаж, які ў падвалах шыюць. Памылі тыя трусы, а яны разьлезьліся. Шкарпэткі на ногі надзеў, прыйшоў у госьці, абутак зьняў, а там — пальцы голыя… Але ж усё ў вас дарагое, усё цяпер у вас дарагое».

Да нядаўняга часу, каб зарабіць, беларусы вазілі ва Ўкраіну дызэльнае паліва. Асабліва гэта было выгадна рабіць тым, хто мае легкавікі з дызэльнымі рухавікамі й 100-літровымі паліўнымі бакамі. За адзін рэйс ва Ўкраіну можна было зарабіць 90-95 даляраў. Аднак «паліўны бізнэс» улады абмежавалі — спачатку павялічылі да 8 колькасьць дзён, на працягу якіх за паліва ня бралі мыта, а неўзабаве паднялі й цану на саму салярку.

Прывабліваюць беларусаў ва Ўкраіне цыгарэты, больш танныя сьпіртовыя напоі і асабліва каньякі, цукеркі, а таксама побытавыя прылады, мэталёвы посуд, хатняя тэхніка, мабільныя тэлефоны, электронныя кнігі, пляншэты. У лютым, напрыклад, на пункце пропуску «Новая Гута» партыю электронных кніг і пляншэтаў мытнікі знайшлі ў багажным адсеку аўтобуса, які кіраваўся з Адэсы ў Менск.

Беларускіх прадпрымальніц і проста жыхароў памежных раёнаў цікавяць ва Ўкраіне найперш абутак і адзеньне — і для дзяцей, і для дарослых.

Гаворыць гомельская прадпрымальніца Валянціна:

«Там таньней адзецца — і верхняя вопратка, і кофтачкі, і бялізна. Усё купляем. І для гаспадаркі тавары набываем. Шмат, вядома, не правязеш празь мяжу, але ўсё роўна таньней выходзіць. Курткі ня возім, бо везьці можна толькі тры рэчы аднаго найменьня — тры курткі можна везьці. А ехаць туды па тры курткі — нявыгадна».
XS
SM
MD
LG