Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летняя школьная «практыка» — перажытак «саўка»


Сёньня адзначаюць Усясьветны дзень барацьбы зь дзіцячай працай. Сёлета ён праходзіць пад лёзунгам «Не — працы дзяцей у хатніх гаспадарках!»

Паводле ацэнак Міжнароднай арганізацыі працы, 15,5 мільёна дзяцей у сьвеце займаюцца аплатнай ці неаплатнай хатняй працай, працуючы на трэціх асобаў ці працадаўцаў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, адказваючы на пытаньне Свабоды, выказаў меркаваньне, што, у адрозьненьне ад працы на палетках пад наглядам школьных настаўнікаў, у Беларусі невядомыя выпадкі, калі б дзеці станавіліся ахвярамі прымусовай хатняй працы:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Прымусовая праца дома — гэта характэрна для краінаў трэцяга сьвету. У нас любая праца, у тым ліку і дзіцячая, рэгулюецца Працоўным кодэксам, дзе гаворыцца, колькі гадзін у дзень і зь якога ўзросту можна працаваць. Працоўную дамову дзеці з 14 гадоў могуць заключыць толькі са згоды бацькоў. Калі гаварыць пра працу на палетках пад наглядам школы, пра так званую „практыку“, дык тут павінен быць абавязкова момант добраахвотнасьці. Калі гэта адбываецца ня добраахвотна — то гэта прымусовая праца. А калі дзеці пагадзіліся і ім за гэта заплацілі грошы — то якія могуць быць пытаньні? А ўвогуле, і суботнікі, і праца на палетках — савецкія перажыткі, якія маюць элемэнты прымусовай працы. Таму што людзі ня могуць адмовіцца ад удзелу ў гэтых мерапрыемствах, бо пасьля гэтага для іх могуць быць наступствы».

У полацкай сярэдняй школе № 5 прымусовая праца існуе ў выглядзе летняй «практыкі», калі на працягу аднаго тыдня дзеці робяць на прышкольным гародзе ці ў клясах. Распавядае выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Лера Сом:

Лера Сом
Лера Сом
«Гэтая завядзёнка ідзе яшчэ з „саўка“. Так званая „практыка“, калі на працягу тыдня дзеці 5–8, а таксама 10 клясы павінны адпрацаваць у школе. Звычайна цяжкой працай іх не нагружаюць, яны выконваюць работы па абслугоўваньні, па азеляненьні. Яшчэ мясцовы цэнтар занятасьці дае пэўную колькасьць аплатных працоўных месцаў для школаў. Дзеці, якія маюць 14 гадоў, могуць уладкавацца і за грошы зьбіраць парты, дапамагаць рамантаваць клясы. Такім працаўнікам практыка залічваецца аўтаматам. А тыя, хто не прайшоў практыкі, нават не пераводзяцца ў наступную клясу. Праўда, у нас такіх выпадкаў не было. Сказаць пра нейкае працоўнае выхаваньне не магу, бо тое, што робяць дзеці на практыцы, яны могуць рабіць на гародах у сваіх бацькоў. Звычайна гэта праполка, паліваньне кветак».

У Беларускім дзяржаўным мэдычным каледжы, куды паступаюць пасьля 11 клясы, прымусовая праца таксама існуе. Увосень навучэнцы прымусова зграбаюць лісьце. Адбываецца гэта ў час заняткаў. На ўмовах ананімнасьці пра гэта расказвае выкладчык каледжу:

«Гэта практычна паўсюль ёсьць. У нас восеньню задзейнічаюць навучэнцаў
навучэнцы фармальна могуць адмовіцца, але з улікам таго, што гэта адбываецца пад наглядам выкладчыка, звычайна не адмаўляюцца
на прыбіраньні лісьця. Іх здымаюць з заняткаў прыбіраць прылеглыя тэрыторыі. Таксама бывае, што задзейнічаюць студэнтаў для мыцьця вокнаў, разгрузкі чаго-небудзь. Гэта адбываецца такім чынам, што здымаюць з заняткаў і адказнага выкладчыка, які кіруе працэсам прыбіраньня ці разгрузкі і сочыць за студэнтамі. Атрымліваецца, што навучэнцы фармальна могуць адмовіцца, але з улікам таго, што гэта адбываецца пад наглядам выкладчыка, звычайна не адмаўляюцца. Таму ўсё адбываецца добраахвотна-прымусова. З улікам таго, што ў нас навучаецца вялікая колькасьць іншагародніх студэнтаў, якія жывуць асобна ад сваіх сем’яў, бацькі ніколі ня скардзіліся, што навучэнцы працуюць замест таго, каб атрымліваць веды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG