Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Запішуць у „пятую калёну“ — бяды не абярэсься»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 12 чэрвеня 2013 году

Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — неабходнасьць палітычных зьменаў у Беларусі. Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе ўжо амаль 19 гадоў. Многія лічаць, што за гэты час свой рэсурс аўтарытарная сыстэма кіраваньня цалкам вычарпала і цяпер толькі стрымлівае разьвіцьцё краіны.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Віталь Макаловіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёну, разважаючы пра насьпелыя ў Беларусі перамены, піша:

«Пачуў нядаўна па Свабодзе тэлефанаваньне адной слухачкі, якая сказала: перамены ў Беларусі неабходныя, але бяда ў тым, што ў краіне няма такога лідэра, як Лукашэнка, які вельмі тонка адчувае псыхалёгію народа. Таму, маўляў, яго ўвесь час і пераабіраюць...

Я б з гэтай нагоды выказаўся крыху іначай. Народ наш у многім задураны камуністычнай прапагандай, замбаваны, русыфікаваны. А Лукашэнка — такі ж прадукт той камуністычнай эпохі...

У нас і ў
2010-м годзе, і раней былі кандыдаты ў прэзыдэнты нашмат больш талковыя, дальнабачныя, адукаваныя... Але ім не далі магчымасьці самарэалізавацца. Уключылі на поўную магутнасьць адміністратыўны рэсурс, каб пакінуць усё бязь зьменаў.

Праўда, цяпер народ паступова пачынае цьверазець і расплюшчваць вочы. Людзі ў асноўным бачаць неабходнасьць зьменаў. Але працэс гэты ідзе пакуль вельмі туга. У нашай апазыцыі няма ні газэты, ні тэлебачаньня, ні іншай масавай трыбуны, каб распаўсюджваць свае ідэі. Людзі баяцца станавіцца апазыцыянэрамі, бо ведаюць, якімі драматычнымі асабіста для іх ды іхных сем’яў могуць быць наступствы. Словам, няма ніякай свабоды думкі. Запішуць у „пятую калёну“ — бяды не абярэсься...

Лукашэнка прыйшоў да ўлады на дэмагогіі, а цяпер нікому не аддае яе, выкарыстоўваючы сілу і несумленныя спосабы. Вось і ўвесь сакрэт ягонага палітычнага доўгажыхарства»
.

Я б не перабольшваў уплыў камуністычнай прапаганды і яе наступствы, спадар Віталь. Савецкага Саюзу няма ўжо больш як дваццаць гадоў. Вырасла цэлае пакаленьне моладзі, якое ня памятае савецкіх рэаліяў і ніколі ня слухала лекцыяў навуковага камунізму. Да таго ж будзем улічваць, што камуністычнай ідэалёгіі ня надта верылі нават тыя людзі, якія паводле абавязку службы павінны былі яе распаўсюджваць.

Дый Лукашэнка палымяным барацьбітом за сацыяльную роўнасьць і справядлівасьць наўрад ці можа лічыцца. Партыйная намэнклятура ў свой час нават ня марыла пра такія жыльлёвыя ўмовы, якія ён забясьпечыў сваім набліжаным, перасяліўшы іх у палацы ў Драздах. За падобнае «буржуазнае перараджэньне» і «правадырскую нясьціпласьць» Камітэт партыйнага кантролю яго ў той час ня тое што з пасады — з партыі мог выключыць....

Міхаіл Леках з Рыгі быў абураны пачутым па Свабодзе тэлефанаваньнем слухача, які крытычна выказваўся пра геаграфію афіцыйных візытаў Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі, як вядома, нярэдка падарожнічае па далёкіх экзатычных краінах, а вось у суседнім Эўразьвязе практычна не бывае. Спадар Міхаіл з гэтай нагоды піша:

«Прэзыдэнт Беларусі мае поўнае права лётаць туды, куды палічыць мэтазгодным, патрэбным. Радыёслухач, вядома, можа пра гэта ня ведаць. А вось журналіст Свабоды ведаць абавязаны. Такім чынам, вы павінны былі пракамэнтаваць тэлефанаваньне, патлумачыць слухачу ягоную памылку.

Беларусь — высокаразьвітая індустрыяльна-аграрная краіна. І такімі рынкамі, як Вэнэсуэла, вобразна кажучы, кідацца ня можа. Мільярд даляраў, які Беларусь можа зарабіць у Вэнэсуэле, — гэта немалыя грошы. Так што Лукашэнка туды лётае зусім абгрунтавана. І добра зрабіла Свабода, што нядаўна падрабязна расказала пра супрацоўніцтва дзьвюх краін»
.

Аляксандар Лукашэнка лётае не на сваім прыватным самалёце і не за ўласныя грошы, спадар Леках. І грамадзяне маюць поўнае права абмяркоўваць афіцыйныя візыты, якія ажыцьцяўляюцца на іхныя грошы. Беларусь — усходнеэўрапейская краіна, тры зь пяці суседніх зь ёй дзяржаў — сябры Эўразьвязу. На Эўразьвяз прыпадае амаль палова зьнешняга гандлю Беларусі. Дык ці нармальная гэта сытуацыя, што прэзыдэнт Беларусі лётае куды заўгодна далёка — у Лацінскую Амэрыку, на інданэзійскія выспы, на Блізкі Ўсход — толькі не ў Эўропу? Зусім лягічна, што людзі задаюць у гэтай сувязі пытаньні і робяць папрокі.

Наступны ліст даслаў нам Антон Мелюх зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну. Слухач наракае на складанасьці, зь якімі даводзіцца сутыкацца ў вёсцы самотным інвалідам і старым людзям. Ён піша:

«Зьвяртаецца да вас інвалід 2-й групы зь дзяцінства. Мне 58 год. Ужо 21 год я ў адзіноце. Цяжка жыць аднаму. З задавальненьнем перасяліўся б у дом інвалідаў ці састарэлых. Ды толькі як гэта зрабіць?

Столькі наўкол будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца. Асабліва колішніх бальніц, якія сталі нікому не патрэбнымі. Казалі, адзін зь іх возьме міліцыя, будзе лячыць алькаголікаў... А тут і старая хірургія стаіць парожняя, і стары раддом... Чаму б не адкрыць тут невялікі дом састарэлых? Колькі самотных людзей у вёсках, за якімі няма ніякага догляду. Няхай бы забіралі 90 працэнтаў пэнсіі — толькі б быў бы догляд. Дык жа не! Ніхто ня хоча ні займацца рамонтам, ні браць сабе на шыю іншыя лішнія клопаты. Усё спасылаюцца на тое, што няма грошай. Кажуць: „Пашукайце спонсара, няхай дасьць на гэта грошы“.

У нас у Лунінецкім раёне ёсьць усё, ды толькі няма талковага гаспадара. Гэта ганьба. Дажыліся, называецца. І калі ўсё гэта скончыцца... Можа, Радыё Свабода стане нашым спонсарам ды знойдзе грошы, каб адрамантаваць старыя бальніцы ды адкрыць дом састарэлых»
.

На жаль, спадар Антон, радыё ня мае такой магчымасьці. Мы не займаемся дабрачыннымі сацыяльнымі праектамі. Чыноўнікі могуць колькі заўгодна спасылацца на недахоп грошай, але дбаць пра інвалідаў, састарэлых, самотных і нямоглых людзей — іхны найпершы абавязак. Дзеля гэтага спаганяюцца падаткі, пералічваюцца немалыя сумы ў Фонд сацыяльнай абароны. Раённая і абласная ўлада, калі нават сутыкаецца з пэўнымі фінансавымі цяжкасьцямі, заўсёды можа знайсьці дадатковыя пазабюджэтныя сродкі. У тым ліку і за кошт той дзяржаўнай нерухомасьці, якая не выкарыстоўваецца. Чаму б не прадаць будынкі старой бальніцы прыватным гаспадарам альбо не перадаць бясплатна — з той умовай, што адну з пабудоў яны адрамантуюць і перададуць пад невялікі дом інвалідаў? Зразумела, што гэта вымагае ад чыноўнікаў пэўных высілкаў, працы, часу, ініцыятывы... Але за тое яны і атрымліваюць свае высокія аклады і льготы, каб займацца сацыяльна важнымі справамі.

І на заканчэньне ліст ад Дануты Крупіцы зь Ліды. Слухачка даўно заклапочана экалягічнымі праблемамі свайго гораду і тым, як да іх ставяцца мясцовыя ўлады. У сваім новым лісьце на Свабоду спадарыня Данута піша:

«Колькасьць аўтатранспарту няспынна расьце, а вось плошча зялёных насаджэньняў у нашых гарадах, наадварот, скарачаецца. У 2010 годзе ў нас у Лідзе пры падрыхтоўцы да Дажынак так апантана высякалі дрэвы, што не засталася нечапанай ніводная мясьціна. Замест дрэў дзе-нідзе пакінулі газоны, засеяныя травой і кветкамі. Мне падаецца, што гэта — нераўнацэнная замена. Асабліва пацярпеў сквэр ля возера, які захіляў горад ад шкодных выкідаў лякафарбавага заводу. Выдзіралі дрэвы там бязьлітасна. Пакінулі, можа, якую траціну, а месцамі і цалкам вынішчылі. Праўда, дзе-нідзе пасадзілі маладыя дрэўцы, але забыліся паліць — яны і засохлі.

Нядобрую ролю тут, мне здаецца, выканалі нашы дворнікі. Ім неахвота прыбіраць шмат лістоты, вось яны і ўводзяць у вушы начальству, што дрэў зашмат.

Яшчэ адна распаўсюджаная практыка ў гэтай сувязі — нявечаньне дрэў пад выглядам фармаваньня кроны. Пілуюць бязьлітасна. Я чытала, што на Захадзе дазваляецца фармаваць кроны толькі ў маладых дрэў, да 10 год. А абпілоўваюць там толькі сухія і зламаныя галіны. У нас жа пілуюць усё спрэс.

Вось дабраліся і да нашага двара, да дрэў, якім па
20–30 год. Я абуралася, тэлефанавала ў Зеленгас. Часова спыніліся, але потым усё роўна давялі сваю брудную справу да канца. Зьнявечылі зялёны куток, дзе можна было схавацца ад летняй сьпёкі...

Карацей кажучы, пытаньні, зьвязаныя са здароўем людзей, адсоўваюцца ў нас на другі плян. Наводзяцца вонкавыя чысьціня і парадак, абы ўвесьці грамадзкасьць у зман»
.

Ня ведаю, якую эстэтыку бачаць чыноўнікі ў выглядзе скалечаных старых дрэў, ад якіх пасьля завіханьняў Зелянгасу застаюцца часам толькі голы ствол ды некалькі галін. Можа, прыгажосьць для начальства ў тым, што ўсе яны становяцца падобнымі адно да аднаго — як салдаты, пашыхтаваныя на пляцы? Вонкава нібыта парадак і чысьціня, як у казарме. А па сутнасьці — паказуха, зьдзек з прыроды і са здаровага сэнсу. Гэтак у савецкім войску перад прыездам высокага начальства прымушалі салдат фарбаваць газон зялёнай фарбай — дзеля таго каб было, так бы мовіць, «красіва» і не парушала армейскага «едзінаабразія»...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG