Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць сьмяротнае кары ў Беларусі выступяць у Мадрыдзе


Дэлегацыя беларускіх праваабаронцаў вылецела ў Мадрыд, дзе пройдзе Ўсясьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня.

«Нас шэсьць чалавек. Мы будзем мець на кангрэсе ўласны стэнд. Там мы пакажам нашу прадукцыю, уключна зь фільмам, а таксама шматлікія відэа- і папяровыя матэрыялы. Беларусь — адзіная з эўрапейскіх краінаў, якія ўваходзяць у АБСЭ, дзе дагэтуль існуе сьмяротнае пакараньне. Таму, зразумела, цікаўнасьць да нас будзе павышанай», — кажа намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Мне ўжо прапанавалі выступіць з дакладам на эўрапейскай панэлі, дзе будзе абмяркоўвацца сытуацыя са сьмяротным пакараньнем на кантынэнце. А Паліна Сьцепаненка — аўтарка сцэнару дакумэнтальнай стужкі „Убыл по приговору“ — раскажа пра працу над гэтым фільмам. Ён зьняты ў межах кампаніі „Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня“. Разам з каардынатарам кампаніі Андрэем Палудам Паліна адкажа на пытаньні гледачоў», — дадае Стэфановіч.

Эўрапейскі Зьвяз неаднаразова зьвяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбаю скасаваць сьмяротнае пакараньне альбо хаця б увесьці мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў. Апошнім разам з адпаведнай заявай у траўні 2013 году выступіла Вярхоўная прадстаўніца Эўрапейскага Зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. Яна заклікала афіцыйны Менск далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

«Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня пры любых акалічнасьцях. ЭЗ лічыць сьмяротнае пакараньне жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое ня ў стане служыць фактарам стрымліваньня і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне годнасьці і недатыкальнасьці чалавека», — гаворыцца ў заяве.

Аднак беларускія ўлады не прымаюць радыкальных рашэньняў. Пакуль у Нацыянальным сходзе толькі стварылі групу зь сямі чалавек па вывучэньні праблемаў сьмяротнага пакараньня, паведаміў «Свабодзе» старшыня гэтай групы, кіраўнік камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка.

Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка
«Пытаньне пра сьмяротнае пакараньне зьяўляецца актуальным. Беларускі народ выказаўся па ім на рэфэрэндуме, але з часу рэфэрэндуму прайшло паўтара дзясятка гадоў, і за гэты час сытуацыя зьмянілася. Наша група якраз і будзе займацца вывучэньнем усіх праблемаў сьмяротнага пакараньня, у тым ліку і стаўленьня да іх насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Пытаньне аб сьмяротным пакараньні выносілася на рэфэрэндум у 1996 годзе. Таму пытаньне аб поўнай адмене сьмяротнага пакараньня неабходна, мабыць, таксама вырашаць праз рэфэрэндум. Што тычыцца ўвядзеньня мараторыю, то для гэтага рэфэрэндум не патрэбны», — кажа Самасейка.

Спадар Самасейка таксама паведаміў, што ён мае асабістае запрашэньне на мадрыдзкі кангрэс. Але пакуль ня ведае, ці зможа ў ім удзельнічаць, бо адначасова з гэтым форумам праходзіць паседжаньне Парлямэнцкага сходу гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Апошні сьмяротны вырак вынесены судовай калегіяй Магілёўскага абласнога суду ў красавіку 2013-га.

У 2012 годзе ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў, асуджаныя за тэракт у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году.

Паводле зьвестак арганізацыі Amnesty International, у Беларусі летась, акрамя гэтых двух, быў выкананы яшчэ адзін сьмяротны прысуд, які таксама вынесьлі ў 2011 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG