Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і за кім сочаць спэцслужбы ЗША?


Штаб-кватэа АНБ у Форт Мідзе, штат Мэрылэнд
Штаб-кватэа АНБ у Форт Мідзе, штат Мэрылэнд
Эдвард Сноўдэн, былы супрацоўнік амэрыканскіх спэцслужбаў, абнародаваў інфармацыю пра маштабныя праграмы сачэньня і збору дадзеных пра амэрыканцаў і замежнікаў, якія ажыцьцяўляюцца Агенцтвам нацыянальнай бясьпекі (АНБ) і ЦРУ. Амэрыканскія ўрадоўцы тлумачаць, што збор інфармацыі ў такіх вялікіх маштабах адыгрывае важную ролю ў барацьбе з тэрарызмам. На думку праваабаронцаў, гэтыя праграмы ўяўляюць сабой замах на грамадзянскія свабоды.

Эдвард Сноўдэн
Эдвард Сноўдэн
Паводле Сноўдэна, размова ідзе пра два віды сачэньня — за тэлефоннымі размовамі і за інтэрнэт-рахункі. АНБ атрымала доступ да ўліку тэлефонных званкоў, якія вядуцца як унутры ЗША, гэтак і з замежжам, праз кампанію Verizon. Гэта адзін з найбуйнейшых амэрыканскіх тэлефонных апэратараў. Праўда, адпаведныя запісы ўключаюць у сябе толькі дату гутаркі, працягласьць і нумары тэлефонаў абанэнтаў. Дазвол на доступ да гэтай інфармацыі АНБ атрымала ад спэцыяльнага суду, які быў створаны ў 1978 годзе на падставе Акту аб выведнай дзейнасьці.

Што да інтэрнэт-дадзеных, то АНБ атрымала інфармацыю з сэрвэраў буйных інтэрнэт-кампаній, такіх як Facebook, Google, Microsoft і Yahoo. Джэймс Клэпэр, дырэктар амэрыканскай нацыянальнай выведкі, заявіў, што збор дадзеных быў законным і грунтаваўся на Акце аб выведнай дзейнасьці. У сваю чаргу ўсе прыгаданыя інтэрнэт-кампаніі адмаўляюць, што яны сьвядома дазвалялі спэцслужбам атрымаць доступ да сваіх сэрвэраў.

Джэймс Клэпэр
Джэймс Клэпэр
Праграма адсочваньня інтэрнэт-дадзеных мае кодавую назву PRISM. Паведамляецца, што PRISM кантралюе электронную пошту, відэа- і галасавыя чаты, фатаграфіі, перадачу файлаў і іншыя элемэнты рахункаў у сацыяльных сетках. Амэрыканскія чыноўнікі кажуць, што PRISM дазваляе АНБ і іншым установам адсочваць сувязі замежных грамадзянаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да тэрарызму.

Праграма PRISM была прынятая ў 2007 годзе ў рамках зьменаў у заканадаўстве, якія адбыліся ў ЗША пасьля тэрарыстычных нападаў 11 верасьня 2001 году. Праграма была адноўленая летась пры прэзыдэнце Абаме. Існуе яшчэ адна праграма амэрыканскіх спэцслужбаў па зборы інфармацыі — яна тычыцца так званых запісаў камунікацыі, альбо мэтададзеных. Гэтая праграма мае назву «Бязьмежны інфарматар» (Boundless Informant).

Паводле зьвестак брытанскіх СМІ, толькі за сакавік у рамках «Бязьмежнага інфарматара» з амэрыканскіх кампутарных сетак спэцслужбы ЗША сабралі 3 мільярды адзінак інфармацыі, яшчэ 100 мільярдаў паступіла з-за мяжы.

Найбольш зьвестак празь «Бязьмежны інфарматар» было атрымана з Ірану (14 мільярдаў адзінак), сабраных у сакавіку саюзьнікамі ЗША Пакістанам і Ярданіяй. На другім і трэцім месцах — Эгіпэт і Індыя.

Прэзыдэнт Абама абараніў мэтады збору інфармацыі, якія ўжываюць спэцслужбы, заявіўшы, што яны зьяўляюцца важным інструмэнтам у барацьбе з тэрарызмам. Абама таксама заявіў, што праграмы юрыдычна законныя і кантралююцца Кангрэсам. Ён запэўніў амэрыканцаў, што «ніхто ня слухае вашы тэлефонныя гутаркі».

Аднак зьвесткі пра праграмы амэрыканскай выведкі выклікалі гучную рэакцыю за мяжой. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сказала, што будзе ўздымаць пытаньне аб падслухоўваньні АНБ падчас сустрэчы з Баракам Абамам на наступным тыдні. Прадстаўнікі Эўразьвязу заявілі, што яны таксама маюць намер абмеркаваць уплыў праграм кшталту PRISM на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця грамадзян ЭЗ падчас трансатлянтычнай сустрэчы ў Дубліне 13 чэрвеня. Брытанскі міністар замежных справаў Уільям Гейг адмяніў візыт у Вашынгтон. Выступаючы 10 чэрвеня ў парлямэнце, ён абверг сьцвярджэньні аб тым, што брытанскія спэцслужбы выкарыстоўвалі інфармацыю, атрыманую ад ЗША, каб шпіёніць за брытанскімі грамадзянамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG