Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква. «За вашу і нашу свабоду!»


12 чэрвеня ў Маскве прайшла чарговая акцыя пратэсту апазыцыі супраць перасьледу па палітычных матывах.


У Маскве завяршылася шэсьце апазыцыі ў падтрымку палітвязьняў «За вашу і нашу свабоду!»

У акцыі, па ацэнцы карэспандэнтаў Радыё Свабода, прынялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек. У цэлым марш прайшоў арганізавана, без сур’ёзных парушэньняў. Да пачатку шэсьця былі затрыманыя 10 чалавек, якія адмовіліся згарнуць сьцягі руху «Левы фронт». Паліцыянты матывавалі сваё патрабаваньне загадам пракуратуры, якая ў красавіку прыпыніла дзейнасьць руху на тры месяцы.

Калёну дэманстрантаў ўзначалілі апазыцыянэры Аляксей Навальны, Міхаіл Касьянаў, Уладзімір Рыжкоў і Ільля Яшын.



Удзельнікі акцыі трымалі партрэты вязьняў «балотнага справы» і скандавалі лёзунгі «Свабоду палітвязьням!», «Ганьба катам!», «Пуцін — злодзей!», «Расея будзе вольнай!».



У Пецярбургу, дзе ўлады забаранілі правесьці апазыцыйнае шэсьце, праходзіць акцыя пад назвай «НЕмітынг». Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, актывісты апазыцыі сабраліся на Марсавым поле, каб раздаць улёткі ў падтрымку палітвязьняў ўдзельнікам адзіночных пікетаў.

Акцыі заплянаваныя і ў іншых расейскіх гарадах, а таксама каля будынкаў пасольстваў Расеі ў Францыі і ў Нямеччыне.

Сайт Свабоды вёў наўпростую трансьляцыю дэманстрацыі расейскай апазыцыі.



«Гэта перш за ўсё марш у абарону палітвязьняў,— падкрэсьлівае адзін з арганізатараў акцыі Аляксандр Рыклін.— Да лёзунгаў, якія абмяркоўваліся раней, дадаўся, толькі адзін: „У абарону Навальнага!“. Таму што справядліва было заўважана, што Навальны, такі ж фігурант „балотнай справы“, як і ўсе астатнія. Хоць фармальна яго судзяць за іншае. Але мы ж разумеем, што ён таксама падвяргаецца палітычным рэпрэсіям. Мы разумеем, што ўся гэтая гісторыя з „Кіраўлесам“, ды ўсё і іншыя яго крымінальныя справы,— гэта проста нагода. Судзяць яго за палітычную пазыцыю».

Гэта першая з 2011 года акцыя пратэсту, якую ўдалося ўзгадніць з маскоўскімі ўладамі без доўгіх перамоваў. На думку Аляксандра Рыкліна, гэта было цалкам чакана — фармальных падстаў для адмовы чыноўнікі знайсьці не змаглі. Зрэшты, у апошні час маскоўскія ўлады дэманструюць некаторую стрыманасьць у адносінах да ўдзельнікаў акцый апазыцыі.

6 чэрвеня Замаскварэцкі суд Масквы пачаў разглядаць справу ў дачыненьні да дванаццаці з без малога трыццаці абвінавачаных па справе аб беспарадках на Балотнай плошчы ў траўні мінулага года. Тады ўзгодненая з уладамі мірная акцыя завяршылася сутыкненьнямі яе ўдзельнікаў з паліцыяй. Сьледчы камітэт Расеі кваліфікаваў тое, што адбылося, як масавыя беспарадкі і распачаў крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG