Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
З надыходам лета многія менчукі пацягнуцца да вады. На шматлікія пляжы ў навакольлі сталіцы. У тым ліку і на Пціч. Многім нават у галаву ня прыйдзе, якім па-эўрапейску шляхетным выглядала б навакольле, каб у 50-я гады савецкая ўлада захавала касьцёл у вёсцы Воўкавічы, пабудаваны графам Ежы Гутэн-Чапскім у 1905-м. Нэагатычны храм на высокім могілкавым пагорку калісьці панаваў над усім навакольлем і быў бачны здалёку. Па дарозе зь Берасьця ён быў бы добрай прыкметай набліжэньня сталіцы.

Перад Радаўніцай на Воўкавіцкіх могілках некалькі немаладых параў прыбіраюць магілы дзядоў. Я задаў пытаньне невысокаму засяроджанаму спадару.

— Тут быў касьцёл?

— Так. На маёй памяці. Узарвалі яго. Гэта было ў 53-м годзе. Я яшчэ зусім пацаном быў. Яшчэ стаяў такі моцны помнік, крыж чорны з мармуру. Саветы ўсё ўзарвалі. І касьцёл, і помнік гэты. Вось засталося толькі… Параскідала кавалкі.

— Людзі не шкадавалі?

— Вядома. Асабліва старыя людзі перажывалі. Бо ўсе ж хадзілі сюды. Каталікоў у кожнай вёсцы было 50 на 50. Можа, калі і знойдуцца сілы аднавіць. Але, бачыце, пахаваньні падышлі ўпрытык. Раней жа гэтага не было. Пахаваньні толькі да дрэваў былі.


Месца, дзе калісьці быў касьцёл, цяпер выглядае неахайным зарослым пагоркам з раскіданымі кавалкамі былога падмурку. Непадалёк ад былога касьцёла ўзвышаецца чорны мармуровы крыж. Магіла жонкі фундатара касьцёла, Юзэфы Караліны. Крыж бяз надпісаў і эпітафій. Заўважыўшы мае блуканьні, да мяне падышоў вясёлы чалавек гадоў 50. Разгаварыліся. Былы вайсковец распавёў, як цэглу касьцёла мясцовыя людзі выкарыстоўвалі на сваіх сядзібах.

— Вось так пабудаваліся, падмуркі паскладалі. А пасьля ў іх лёс склаўся неяк нядобра. Таму што нефіг было браць адтуль.

— А яны бралі цэглу?

— Так. Тут адна патанула. Яе шкада. Яна старэйшая за мяне гадоў на 20. Але лёс усіх людзей, хто нажываўся на гэтым… Яны не ўзрывалі. Але тым ня менш браць нельга. Людзі жылі бедна. Яны ўзялі гэтыя камяні, не чакаючы… Пасьля вайны нічога няма, цэглы няма, усе жабракі. Але так супала. Што адна патанула, а ў другой ногі адняліся.

Аказваецца, надмагільны крыж графіні Чапскай калісьці быў дзіцячай забаўкай.

— Вунь там графіня. Дык мы дзецьмі гулялі. На гэты крыж лазілі. Цяпер мне заплаці, я туды не палезу. А тады мы былі дзеці. Дзякуй Богу, ня скінулі гэты крыж. А то б зваліўся, і ніхто б яго не знайшоў. Дзеці былі.

Найстарэйшая жыхарка Воўкавічаў Валянціна Пшыдатак, загарэлая, бадзёрая, адкрытая старая праблем са здароўем ня мела. Хоць печку склалі з той самай касьцельнай цэглы.

— Канечне, хай бы стаяў. А хто нас спытае? Узарвалі, і ўсё.

— Мне сказалі, што людзі яго разьбіралі на цэглу.

— Разьбіралі. І грубкі рабілі. І мы ўзялі на грубку. Не было дзе ўзяць. Многія рабілі. Асабліва на грубкі. І грэх было. Ведалі, што грэх.

У 37-м расстрэльным годзе, напэўна, у самай вялікай небясьпецы апынуліся беларускія палякі. Іх тысячамі запісвалі ў польскія шпіёны. І пытаючыся ў пані Валянціны, ці зачапіла каго з радні тая хваля рэпрэсій, я ведаў адказ. З такім выразным польскім прозьвішчам перажыць 37 год не пашчасьціла яе сьвёкру.

— Сказаў слова, сусед пачуў — забралі ноччу. У майго мужыка забралі бацьку. Тры каровы было, тры кані. Зямлі было многа. Застрэлілі. Пётра Пшыдатак. За што расстралялі? Усё пазабіралі. У майго бацькі было 7 дзяцей. Хацеў пабудаваць дом у 30-м годзе. Забралі. Каня забралі. Бацька і памёр. Што дзеці галодныя. Ня дай Бог.

Згодна з картатэкай Сталіна Пшыдатак Пётра Іванавіч, народжаны ў 1878-м, быў асуджаны за контрарэвалюцыйную агітацыю. І асуджаны на 10 гадоў лягераў. Але старая кажа пра расстрэл. Напэўна, гэта знакамітыя 10 гадоў бяз права перапіскі.

Іншая старажылка Воўкавічаў, Надзея Мятліцкая, старая мажная і дабрадушная, парадавала мяне сваёй надта вобразнай беларускай моваю.

— Высокі, прыгожы. Вокны рознакаляровыя. Вельмі прыгожы касьцёл. Мы, праваслаўныя, хадзілі ў гэты касьцёл.

— І праваслаўныя туды хадзілі?

— Хадзілі, вядома.

— А падчас вайны там службы былі ці не?

— Падчас вайны ўсё тады разьюшана было. Нічога.

— А ў 30-я?

— У 30-я былі, вядома. Я ж сама з 30-га году. Помню, што малая бегала ўсё туды. І касьцёл я добра помню. Ужо, мусіць, не ўваскрэсьне. Надта дарагі касьцёл быў. Як якое сьвята, усе вёскі прыяжджалі сюды. Хто на конях едзе, хто пяшком ідзе. Галоўны храм. Паверхаў многа. Вокны. Помню, шкельцы зьбіралі мы. Рознакаляровыя. Вітражы.

Пры згадцы пра часы акупацыі ў голасе старой Надзеі зьявіліся ноткі гонару. Бо недалёкія ад гораду Воўкавічы былі, як высьвятляецца, паратункам для менскіх габрэяў.

— Хавалі мы габрэяў тутака. Мы сябравалі з габрэямі. Тутака іх многа хавалася. І на могілках, і дзе хто прытуляў. Прытулялі так, каб ня ведалі. Каб нават суседзі ня ведалі. Нават мае сваякі хавалі. Давалі есьці, дапамагалі, пакуль прыгасла ўсё.
Хавалі мы габрэяў тутака. Прытулялі так, каб нават суседзі ня ведалі

— А што, габрэі жылі тут? У Воўкавічах?

— З гораду ўцякалі. Уцякалі да нас у вёску і хаваліся. У лясах ямы капалі і хаваліся. Адны хавалі, а другія даносілі. Хто пайшоў на немцаў служыць.

Непадалёк адсюль, у Прылуках, была загарадная рэзыдэнцыя гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Вядома, я ня мог не запытацца пра яго.

— А вы тады, у 41-м, у 42-м годзе чулі такое імя — Вільгельм Кубэ? Яно было вядомае вам ці не?

— Гаварылі. На слыху быў. Вільгельм Кубэ.

— А што гаварылі? Гэта быў злы чалавек? Нацыст, акупант? Ці нешта больш прыемнае?

— Старэйшыя больш разумелі, дык шкадавалі яго.

Вось табе і зьезьдзіў пагаварыць пра касьцёл. Я яшчэ раз паўтарыў пытаньне.

— Яго забілі.

— Забілі ў 43-м годзе.

— Людзі радаваліся, што яго забілі?

— Шкадавалі.

— Шкадавалі?

— Шкадавалі.

Чаму людзі шкадавалі Кубэ, старая Надзея, вядома, ня памятае. Няўжо беларускія сяляне ведалі, на кім ляжыць адказнасьць за Хатыні і Боркі? Няўжо яны былі ў курсе, што цывільны начальнік Кубэ не займаўся карнымі апэрацыямі? Загадка, але факт, пагадзіцеся, цікавы.

Вельмі часта пажылыя вясковыя людзі выглядаюць мудрымі набожнымі старымі. Як Адам Дудко. Чалавек, які першы ў Воўкавічах успомніў імя фундатара храма. Ягоны бацька, Максім, будаваў гэты касьцёл.

— Вы першы чалавек, які ўспомніў фундатара гэтага касьцёла.

— Граф Чапскі. Мой бацька нават сам рабіў грабніцу пры касьцёле. Цэглу вазіў з Польшчы.

Па вайне Адам быў мясцовым камсамольскім важаком. Дзень, калі ўзарвалі храм, ён памятае добра. І дэталі таго выбуху расказвае яскрава.

— Я помню, як яго ўзарвалі. Як рванулі. Яго падняла ўверх. А пасьля аж праз раку. Надта многа аманалу паклалі.

— Яго раскідала на сотні мэтраў?

— Так.

Я першы раз пачуў пра гэтае выбуховае рэчыва. Аманал. Якая дасьведчанасьць у старога селяніна ў такой справе! Але зь ягоных словаў вынікае, што кавалкі касьцельнай цэглы паляцелі на супрацьлеглы бок Пцічы. Там, дзе цяпер лінія пляжа. І калі раптам вам сярод дрэваў зоны адпачынку трапіцца старая цагліна, не чапайце яе. Мала што…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG