Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: закрыты суд над «шпіёнам» Гайдуковым

абноўлена

Віцебскі абласны суд разглядае справу Андрэя Гайдукова, 23-гадовага навапалачаніна, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Суд закрыты.

20:30 Вольга Гайдукова паведаміла, што апавялі адвакаты пра першы дзень закрытага судовага працэсу:

«Шмат не расказвалі. Яны ня маюць права. Але я ўжо задаволеная, што ў Андрэя палепшылася здароўе. Яшчэ, сказалі, яму цяжка гаварыць пасьля прастуды, яшчэ кашляе, але трымаецца добра. Стараецца гаварыць пераканаўча. Я спадзяюся, адвакаты яго абароняць, гэта цяпер самае галоўнае! Якія ў іх пляны, што да чаго, я ня ведаю. І не распытваю: навошта ставіць іх у рызыкоўнае становішча, калі я буду прасіць пра нешта недазволенае... Апавялі, што працэс завяршыўся каля 17-й, што быў перапынак на абед, што абед Андрэю прывозілі. Гэта добра. Заўтра будзе працяг суду, здаецца, зноў а 10 раніцы. Пра тое, каб мяне выклікалі ў якасьці сьведкі, пакуль гаворкі няма. Можа, гэта будзе на наступным тыдні. А ці будзе суд у пятніцу, мне скажуць толькі заўтра».

Маці падсуднага Андрэя Гайдукова ўвесь дзень сачыла за падзеямі праз інтэрнэт:

«Было вельмі прыемна даведацца, што падтрымаць Андрэя прыехалі навапалачане. Натальля Валяева, якая балятавалася на мясцовых выбарах, Андрэй у яе камандзе працаваў. Іншых я ня ведаю асабіста, але добра, што яны прыйшлі, што прыйшлі Тацяна Севярынец і Павал Левінаў. Шкада, Андрэй ня ведае, што ён тут быў не адзін! А зьдзівіла мяне сытуацыя зь лістом, атрыманым Тацянай Севярынец. Вось як мне, дык лісты ня йдуць! Прыйшлі толькі ад 2 і ад 4 чэрвеня, і там толькі пра тое, што перадаць. Мае лісты Андрэй не атрымлівае таксама. І адкуль узяўся гэты ліст пра тое, у чым яго вінавацяць, як яго прапусьціла цэнзура, я ня ведаю!»

Спадарыня Гайдукова зьбіраецца і заўтра чакаць тэлефанаваньняў ад адвакатаў. Гэта адзіная магчымасьць даведацца хоць нешта пра закрыты судовы працэс.

18:00 Маці Андрэя Гайдукова дагэтуль ня ведае, ці скончылася сёньняшняе судовае пасяджэньне. Яна чакае тэлефонных паведамленьняў ад адвакатаў. Сама спадарыня Вольга вырашыла, што ехаць у Віцебск з Наваполацку ня мае сэнсу: ёй заставалася б толькі пастаяць на судовым ганку. Так зрабіла сёньня яе сястра, цёця Андрэя Гайдукова, якая жыве ў Віцебску: прыйшла, пастаяла, паглядзела, як не прапускаюць у будынак людзей, ды мусіла пайсьці.

Вольга Гайдукова шкадуе, што перад судом родныя не змаглі выканаць Андрэеву просьбу:

«У віцебскім СІЗА нейкія дзіўныя парадкі. Сястра сёньня чацьверты раз спрабавала перадаць Андрэю летнія чаравікі. Ён прасіў — хацеў на судзе добра выглядаць. Ён заўсёды сочыць за сабой, напэўна, і тут хацеў быць прыгожым... Але мы ня можам дабіцца праўды, як памяняць чаравікі на нейкі іншы абутак, што ў Андрэя ёсьць. Там можна мець толькі 3 пары абутку, у яго ёсьць красоўкі, нейкія тапачкі, яшчэ нешта... А ў СІЗА ня кажуць, да каго зьвяртацца, каб замяніць. Сказалі нават, што трэба прасіць дазволу ў судзьдзі. Няўжо яна будзе гэткім займацца?

Ну, урэшце, і гэта няважна. У нечым жа ён на судзе быў, хоць і ня так, як хацеў. Галоўнае — што там рабілася? Як ён трымаўся, як аргумэнтаваў... Чакаю зьвестак ад адвакатаў, хоць шмат яны й ня скажуць, бо ў іх падпіска пра неразгалошваньне».

15:30 Актывісты Леанід Аўтухоў і Ян Дзяржаўцаў кажуць, што будынак абласнога суду знутры пільна ахоўваюць міліцыянты.

«Яны глядзяць, каб ніхто блізка ня трапіў вышэй за першы паверх. Судзьдзя Смалякова разглядала маю касацыйную скаргу, і ледзьве толькі я выйшаў адтуль, як мяне атачылі міліцыянты і загадалі выйсьці вонкі. Я хацеў хаця б убачыць Гайдукова, але бачыў толькі машыну, на якой яго прывезьлі. Яго судзяць недзе на вышэйшых паверхах, куды нікога не пускаюць», — апавёў сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

«На першым паверсе стаіць мэталашукальнік, мы прайшлі асабісты агляд перад разглядам касацыйных скаргаў. І ніколі ж не было, каб разгляды скаргаў праходзілі на першым паверсе, заўжды — на другім. Але вышэй нікога не пускаюць, на першым паверсе дзяжураць міліцыянты і ўсіх адсочваюць людзі ў цывільным. Затрымацца ў будынку суду не дазволілі, прайсьці вышэй — таксама забаранілі. На пытаньні пра Гайдукова адзін адказ: «Працэс закрыты!» — дадае старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.

15:00 Да будынку абласнога суду зноў прыйшла каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец. Ня ўбачыўшы тут нікога, хто прыходзіў зранку ў надзеі трапіць на працэс, спадарыня Тацяна накіравалася ў Пакроўскі храм, каб памаліцца за Андрэя Гайдукова.

Па дарозе яна апавяла, што яе непакоіць атрыманы напярэдадні ліст:

«Гэта першы і апошні ліст ад Андрэя Гайдукова, хоць я пісала яму і раней. Пісала, што мы падтрымліваем стасункі зь ягонай маці, і праз Вольгу Пятроўну ён мне перадаваў, бывала, прывітаньні... Але дзіўна: ліст, дзе пераказана сутнасьць абвінавачаньня, раптам прайшоў цэнзуру ды трапіў да мяне напярэдадні суду. Нібыта нехта ведаў, што я не ўтрымаюся ды пакажу яго журналістам.

У лісьце ён піша пра абвінавачаньне так: што, маўляў, мог пагражаць нацыянальнай бясьпецы, што клясыфікуецца як замах на канстытуцыйны лад, што яго вінавацяць за нейкія страты, якія нібыта маглі здарыцца ў выніку дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сытуацыі. Ён піша, што яго дакараюць тым, што ён патрабаваў візавых санкцыяў для беларускіх чыноўнікаў, і што ягонае меркаваньне, «паводле вэрсіі КДБ, можа пагражаць эканамічнай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Ліст даволі вялікі, на некалькі аркушыкаў з нататніка. І ў ім амаль няма закрэсьленых словаў ці выразаў. Тацяна Севярынец ня пэўная, што можна верыць усяму таму, што там напісана. Яна не выключае, што гэты ліст пісаўся пад ціскам з мэтай агучваньня на волі. А тым часам за зачыненымі дзьвярыма ў судзе гучыць нешта зусім іншае.

11:30 Ад будынку Віцебскага абласнога суду, дзе судзяць Андрэя Гайдукова, сышлі журналісты і праваабаронцы, якія хацелі прысутнічаць на працэсе. Праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што працэс працягнецца больш, чым два дні, якія фігуруюць у інфармацыі, вывешанай у будынку суду:

«Мяркуючы па тым, што сьледзтва ішло паўгода, гэтак хутка справу не разгледзяць. Магчыма, зробяць перапынак і зноў пачнуць празь некалькі дзён».

Паводле маці абвінавачанага Вольгі Гайдуковай, у яе сына напярэдадні працэсу былі праблемы са здароўем. Актывістка Тацяна Севярынец, якая перапісваецца з Андрэем Гайдуковым, кажа, што ў апошнім лісьце той нічога не напісаў ёй пра стан здароўя.

11:05 Праваабаронца Павал Левінаў у судзе спрабуе высьветліць, чаму працэс закрыты.

Левінаў выйшаў з будынку суду. Ён кажа: на дошцы аб’яваў ёсьць паведамленьне, што працэс над Гайдуковым будзе 12 і 13 чэрвеня, аднак у паведамленьні няма згадак, што працэс будзе закрытым.

Левінаў напісаў скаргу на імя старшыні суду.

Ён таксама плянуе паскардзіцца ў пракуратуру на тое, што журналістам забаранілі здымаць ля будынку суду.

Пачаўся суд над «шпіёнам» Андрэем Гайдуковым
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:22 0:00
Наўпроставы лінк


10:40 Падтрымаць Андрэя Гайдукова ў судзе прыехаў ягоны калега па працы на Нафтане Антон Ясіновіч, як і Андрэй, ён працуе там апэратарам. Антон ня верыць у шпіёнскія дзеяньні Гайдукова, характарызуе яго станоўча. Антон кажа, што не ведае на сваім прадпрыемстве людзей, якія верылі б, што Гайдукоў у нечым вінаваты, але большасьць рабочых ухіляецца ад палітыкі.

Праваабаронца Павал Левінаў ад пачатку працэсу спрабуе даведацца, па якой прычыне суд абвешчаны закрытым, ён зьвяртаўся ва ўправу юстыцыі, да кіраўніцтва суду, у іншыя інстанцыі, але пакуль безвынікова, ніякіх афіцыйных тлумачэньняў няма. Левінаў таксама патрабуе на дзьверы будынку суду вывесілі копію пастановы пра закрыты характар працэсу.

Міліцыянты забараняюць здымкі і агрэсіўна ставяцца да журналістаў.

10:15 Начальнік аховы Віцебскага абласнога суду паведаміў, што працэс над Гайдуковым пачаўся. Гэта пацьвердзіў апазыцыйны актывіст Ян Дзяржаўцаў, у якога ў гэтым судзе паралельна разглядалася касацыйная справа.

На суд прыехалі некалькі актывістаў БСДП «Грамада», якіх не пусьцілі ў залю, як і астатніх.

Альбэрт Маркаў з Наваполацка заявіў Свабодзе, што ён хацеў высьветліць, у чым абвінавачваюць Гайдукова, у чым сутнасьць справы, але бачыць што суд закрыты, таму што ўлада не хоча адказваць на гэтыя пытаньні. Альбэрт гэтым абураны і ацэньвае сам працэс як ціск на моладзь

Наталья Валяева з Полацка зазначыла, што Гайдукоў быў у яе ініцыятыўнай групе пад час выбараў у Палату прадстаўнікоў, яна заявіла, што не верыць у вінаватасьць падсуднага.

«Калі працэс закрылі, то ўладзе ёсьць што хаваць. Шмат людзей занепакоеныя гэтай справай, мы бачым што ўлада далей дзейнічае рэпрэсіўным шляхам».

У працэсе бяруць удзел два адвакаты Гайдукова, якія прасілі не называць іх прозьвішчы, і пракурор у рангу старшага саветніка юстыцыі. Вядзе працэс судзьдзя Галіна Ўрбановіч, вядомая тым, што ў ў 2008 годзе яна судзіла праваабаронцу Леаніда Сьвеціка.

9:45. Супрацоўнікі міліцыі старэйшы лейтэнант Андрэй Камах забараняе журналістам рабіць фота і відэаздымкі і пагражаюць адвезьці ў РАУС. Тацяна Севярынец зачытала ліст Гайдукова, які прыйшоў да яе літаральна ўчора.

Зь ліста Андрэя Гайдукова Тацяне Севярынец:

«Я абвінавачваюся ў тым, што мог пагражаць нацыянальнай бясьпецы, што характарызуецца як пасягальніцтва на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, навязваньне Рэспубліцы Беларусь курса, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Характар магчымага ўрону можа выяўляцца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сытуацыі, у тым, што шукаў фінансаваньне на сваю дзейнасьць ў фондзе пасольства ЗША (ЦРУ ЗША паводле вэрсіі КДБ)».

«А таксама ў тым, што я заклікаў да ўвядзеньня візавых санкцыяў у адносінах да пэўных катэгорыяў дзяржаўных службоўцаў. Акрамя таго, паводле вэрсіі КДБ, мая думка можа пагражаць эканамічнай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Ніякіх замежных прадстаўнікоў фактычна няма ў крымінальнай справе. Ніякіх падставаў, тайнаў, каб закрываць разгляд справы, няма».




Судзьдзя закрыла працэс над Гайдуковым

9:30. Карэспандэнта Свабоды ахова Віцебскага абласнога суду не прапусьціла на працэс над Андрэем Гайдуковым, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.

Маёр міліцыі сказаў нашаму карэспандэнту, што судзьдзя Галіна Ўрбановіч прыняла рашэньне закрыць гэты працэс ад публікі. Маёр нічога ня змог адказаць на пытаньне, чаму парушаны парадак прыняцьця такога рашэньня — суд можа абвясьціць працэс закрытым, спытаўшы меркаваньні ўсіх бакоў, ужо пачаўшы судовае пасяджэньне.

Усіх, хто прыйшоў на працэс Гайдукова ў суд не дапускаюць таксама. Побач з судом знаходзяцца каля 10 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Да ганку суду прыбылі праваабаронцы Тацяна Севярынец, Павал Левінаў.
У двор суду заехала міліцэйская машына.

На ўвесь працэс адведзена 5 дзён. Так маці падсуднага, Вользе Гайдуковай, сказалі адвакаты. Іх на працэсе будзе двое: адзін зь Віцебску, другі зь Менску. Прозьвішчы адвакатаў сваякі падсуднага не афішуюць.



Вольга Гайдукова зьбіраецца быць сьведкай на судзе ў сына. З такім хадайніцтвам да суду маюць зьвярнуцца адвакаты. Для маці гэта адзіная магчымасьць убачыць Андрэя ва ўмовах закрытага працэсу. Раней яна тройчы зьвярталася з просьбай пра спатканьні з сынам і тройчы атрымлівала адмовы — і ад сьледчага віцебскай управы КДБ Алега Барысевіча, і ад судзьдзі віцебскага абласнога суду Галіны Ўрбановіч, якую прызначылі разьбіраць справу Гайдукова. Сустрэцца асабіста з маці падсуднага судзьдзя Ўрбановіч адмовілася.

Маці Андрэя Гайдукова адзначае, што падчас сынавага арышту, які працягваецца ўжо 7 месяцаў, ня раз узьнікалі праблемы зь ліставаньнем, не заўсёды да сына маглі трапіць ягоныя адвакаты. З усіх сваякоў яе адну апыталі ў справе сына, і яна ня можа сказаць, ці шмат ягоных сяброў давалі паказаньні ў КДБ.

Пэўны час у справе аб «здрадзе дзяржаве» быў яшчэ адзін падазраваны — актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ільля Багданаў. Але ў гэтым статусе ён быў нядоўга і цяпер зноў праходзіць па справе ў якасьці сьведкі.

Андрэй Гайдукоў
Андрэй Гайдукоў
Увогуле ж знаёмыя і родныя сумняваюцца, што Андрэй Гайдукоў, шараговы апэратар наваполацкага «Нафтану», мог займацца шпіянажам. Найперш таму, што ягоная праца не была зьвязаная зь нейкай сакрэтнай інфармацыяй дзяржаўнай важнасьці. Арышт хлопца многія зьвязваюць зь ягонымі апазыцыйнымі поглядамі: ён быў у камандах дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў, у тым ліку ў камандзе Андрэя Саньнікава. Удзельнічаў у «маўклівых акцыях пратэсту». Непасрэдна перад арыштам займаўся падрыхтоўкай дакумэнтаў, каб зарэгістраваць у Наваполацку грамадзкую арганізацыю «Саюз маладых інтэлектуалаў». Адразу пасьля затрыманьня ў яго дома і на працы былі праведзеныя ператрусы, гэтаксама як і ў Ільлі Багданава. Апошні, хоць і пабыў у статусе падазраванага, увесь час заставаўся на волі.

Гайдукова арыштавалі ў Віцебску летась 8 лістапада. Паводле афіцыйнай інфармацыі КДБ, нібыта «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы». З таго часу ён пад вартай: пераважна ў менскім СІЗА КДБ, за выключэньнем аднаго месяца, калі яго ўзімку перавялі ў віцебскі СІЗА, і апошніх дзён, калі яго зноў этапавалі ў Віцебск на суд.

Паводле маці, некалькі дзён таму Андрэй захварэў. І нават стаяла пытаньне пра тое, каб перанесьці працэс. Але цяпер яго здароўе паціху вяртаецца да нормы, хоць рэшткі прастуднага захворваньня яшчэ даюць пра сябе знаць.

Вольга Гайдукова ня раз казала, што яна — за адкрыты працэс, бо сям’і і асабіста Андрэю няма чаго хаваць. Яна хацела сама пачуць, на якіх падставах сына абвінавачваюць у шпіянажы. Таго ж самага патрабавалі і праваабаронцы.

Але яшчэ за тыдзень да суду старшыня КДБ Валеры Вакульчык заяўляў, што, найхутчэй, суд пройдзе ў закрытым рэжыме. Паводле часткі 1 артыкула 356 за «здраду дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці» Андрэю Гайдукову пагражае зьняволеньне тэрмінам ад 7 да 15 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG