Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прынятыя законы супраць «Pussy Riot» і гей-прапаганды


Акцыя «Pussy Riot» у Маскве
Акцыя «Pussy Riot» у Маскве

Расейская дзярждума прыняла закон, які ўводзіць крымінальную адказнасьць за абразу рэлігійных пачуцьцяў вернікаў — да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Законам прапануецца новая рэдакцыя арт. 148 КК РФ «Парушэньне права на свабоду сумленьня і веравызнаньня», якой уводзіцца адказнасьць «за публічныя дзеяньні, якія выказваюць відавочную непавагу да грамадзтва і скіраваныя на абразу рэлігійных пачуцьцяў вернікаў».

У тым выпадку, калі падобнае робіцца ў месцах, спэцыяльна прызначаных для набажэнстваў, іншых рэлігійных абрадаў і цырымоніяў, тэрмін зьняволеньня ўзрастае да трох гадоў.

Фэдэральны закон павінен уступіць у сілу з 1 ліпеня 2013 года. Як заявіў адзін з аўтараў законапраекту, намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы ў справах грамадзкіх аб’яднаньняў і рэлігійных арганізацый Міхаіл Маркелаў («Адзіная Расія»), у апошні час сталі больш частымі замахі на прадстаўнікоў розных канфэсій.

«Людзі, якія вызнаюць традыцыйныя формы рэлігіі, ўвесь час сутыкаюцца з рознага кшталту пагрозамі, — адзначыў ён. — Гэта тычыцца апошніх выхадак у дачыненьні да праваслаўнай царквы з боку вядомага гурту „Pussy Riot“, гэта тычыцца вандалізму на могілках, калі руйнуюцца магілы, гэта тычыцца, у тым ліку, і замахаў на жыцьцё духоўных лідэраў».

Законапраект, падтрыманы ўсімі фракцыямі Дзярждумы, выклікае крытыку з боку шэрагу грамадзкіх арганізацый і пазапарлямэнцкай апазыцыі. Паводле партыі «Яблык» закон «топча канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян Расеі». У заяве партыі гаворыцца — «гісторыя сьведчыць, што абапіраючыся на „пачуцьці вернікаў“, можна рабіць разнастайныя злачынствы, як, напрыклад, гэта рабіла сярэднявечная інквізыцыя».

Адначасова Дзярждума прыняла закон аб штрафах за прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх.

За прыняцьце закона прагаласавалі 436 дэпутатаў, адзін устрымаўся.

Згодна з законапраектам, за «распаўсюд інфармацыі, накіраванай на фармаваньне ў непаўналетніх нетрадыцыйных сэксуальных установак, прывабнасьці нетрадыцыйных сэксуальных адносін, скажонага ўяўленьня аб сацыяльнай раўнацэннасьці традыцыйных і нетрадыцыйных сэксуальных адносін альбо навязваньне інфармацыі аб нетрадыцыйных сэксуальных адносінах, якія выклікаюць цікавасьць да такіх адносін» уводзіцца штраф для грамадзян да 4-5 тыс. рублёў.

Для службовых асоб гэтая сума апынецца большай у 10 разоў, а для юрыдычных — штраф можа дасягаць 1 млн рублёў. Пры гэтым, як адзначаецца ў дакумэнце, штрафы будуць павялічвацца, калі ў прапагандзе задзейнічаныя СМІ ці інтэрнэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG