Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч і самота мастака


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
Заняткі ў адной зь менскіх аўташкол. Дамачка, якая ўзяла на сябе ролю старасты групы, часта езьдзіць з мужам у кабіне аўтамабіля:

— Я вось заўважыла, што калі едзеш на Горадню, дык дальнабойшчыкі нейкія больш ветлівыя. А вось у нас у Менску, ну… Як выяжджаеш на Слуцкую трасу, дык не такія. Больш агрэсіўныя.

Выкладчык Аляксандар Іванавіч родам з Заходняй Беларусі, усім сваім выглядам сыгналізуе: «Ну дык гэта ж мы! Мы такія — ветлівыя». А на словах адказвае:

— Гарадзенскія часта езьдзяць у Польшчу, пераймаюць у палякаў паводзіны на дарозе. Польскія кіроўцы вельмі ветлівыя: бачаць па нумары, што не мясцовы едзе, саступаюць дарогу.

Але раптам выкладчык крыху пахмурнее:

— А вось калі польскі дальнабойшчык прыяжджае да нас і далей у Расею, гэта ня людзі — так нахабна сябе паводзяць.

Голас з аўдыторыі:

— Дык палякі проста прывыклі да Расеі!

***
Шэф-рэдактар газэты «Народная Воля» Сьвятлана Калінкіна рэагуе на словы першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, які між іншым заявіў у кантэксьце незалежнай журналістыкі:

— Калі ўлады вядуць жорсткую прапаганду са свайго боку, то апазыцыя мусіць зрабіць усе намаганьні для таго, каб адказаць на гэта контрпрапагандай.

Сьвятлана Калінкіна парыруе:

— Мяне проста скасавурыла ад гэтых словаў Станіслава Шушкевіча, таму што ён казаў не пра інфармацыйна-прапагандысцкую работу палітычных партый. Ён казаў пра незалежныя СМІ. Таму прапаганда — са знакам плюс ці са знакам мінус — гэта не журналістыка. Гэта абслуга…

***
Расея — галоўная крыніца ўспамінаў Аляксандра Іванавіча пра нялёгкі хлеб кіроўцы далёкіх перавозак. Выкладчык не хавае абурэньня:

— Для масквічоў усе беларусы — лохі. Бо трымаюцца правілаў дарожнага руху. А нават тыя адчайныя беларусы, што не выконваюць правілы, усё роўна лохі — бо бульбашы!!!

Прысутныя прызадумаліся.

Тут дзьверы вучэбнага кляса адчыніліся.

— О, Ірка, заходзь, здала залік?

— Садала, садала.

Атрымаўшы «оk» ад выкладчыка, мініятурная ўсьмешлівая дзяўчына-азіятка пасьпешліва выйшла.

— Кітаёза, — дабразычліва патлумачыў Аляксандар Іванавіч, і прысутныя дружна засьмяяліся.

— Яе клічуць неяк кшталту Дзінь Цянь, але запомніць немагчыма. Іркай клічу.

***
Дабразычлівы ўсьмешлівы выкладчык Аляксандар Іванавіч не адчуў інвэрсію: беларускія дальнабойшчыкі чым далей на захад робяцца ўсё больш прыязнымі, а польскія чым далей на Ўсход — больш агрэсіўнымі.

Як ня ўбачыў падабенства між стаўленьнем да сябе — «бульбаша», і сваім — да «кітаёзы».

Інвэрсія адбываецца ў паводзінах людзей, якія вяртаюцца на свае радзімы, але іх досьвед аніяк не ўплывае на соцыюм наўкола. Гэта як на шахматнай дошцы: падчас гульні чорныя фігуры мяшаюцца зь белымі, але па заканчэньні партыі/рэйсу/візыту ўсё перасоўваецца на стартавую пазыцыю.

Станіслаў Шушкевіч не самотны ў сваім меркаваньні. Мала хто зь фігур сучаснай беларускай палітыкі (ці прэтэнзіі на палітыку) ўспрымае журналістыку не як прапаганду, а як спробу данесьці аб’ектыўную інфармацыю праз прызму асабістай/калектыўнай пазыцыі. Ад савецкіх часоў СМІ ўспрымаліся і ўспрымаюцца як рупар кагосьці ці чагосьці. Як дадатак. Як прапагандысцкі інструмэнт.

Самотныя ў сваім меркаваньні нешматлікія журналісты, якія, ня гледзячы на амаль дзевятнаццацігадовы рэнэсанс СССР, спрабуюць гуляць па правілах прафэсіі.

Гэта самота мастака, у якога пытаюцца: «А што вы хацелі сваім творам сказаць?».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG