Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тавары лёгкай прамысловасьці могуць падаражэць у 4 разы


Эканаміст Леў Марголін, прэсавая сакратарка АГП Ганна Красуліна, старшыня арганізацыйнай групы па стварэньні беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч

Да 85% беларускіх прадпрымальнікаў, якія займаюцца продажам тавараў лёгкай прамысловасьці, ад 1 ліпеня могуць спыніць сваю працу.

Гэта прывядзе найперш да «вымываньня» з продажу танных тавараў і значнага падаражэньня іншых. Такі сумны прагноз прагучаў сёньня адразу ў двух месцах — на прэсавай канфэрэнцыі, якую правялі ў Менску ініцыятары страйку віцебскіх прадпрымальнікаў, і на нарадзе грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва».

Гандляры-прадпрымальнікі мусяць мець сэртыфікат якасьці на тавары, якія яны прадаюць. Цяпер гэтая праблема вырашаецца проста — дастаткова мець сэртыфікат, які выдае фабрыка альбо той аптовы прадавец, у якога тавар купляўся. Аднак з 1 ліпеня ўсё кардынальна зьмяняецца. Пасьля стварэньня Мытнага зьвязу Расеі, Казахстану і Беларусі згодна з Адзіным мытным рэглямэнтам сэртыфікат якасьці можна браць толькі ў спэцыяльных цэнтрах.

На кантроль трэба прынесьці як мінімум пяць узораў, — тлумачыць старшыня арганізацыйнай групы па стварэньні беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч. І кажа, што ў шмат якіх выпадках гэта ўся партыя:

«Калі ты здаеш пяць узораў, два зь іх псуюць. Адбываецца так званы разбуральны кантроль. Табе вернуць толькі тры. І за гэтае „цудоўнае задавальненьне“ ты яшчэ заплаціш два мільёны. І таму атрымліваецца, што сацыяльныя тавары, а бальшыня носіць і купляе менавіта іх, вырастуць у цане як мінімум у чатыры разы, альбо будуць „вымывацца“. Мы ж цудоўна разумеем, што тапачкі па цане белвэстаўскіх чаравікаў ніхто ня купіць».

Менавіта на гэта і зьвярнулі ўвагу прадпрымальнікі Віцебску, якія правялі 6 чэрвеня аднадзённы страйк. «Чаму ж вас не падтрымалі ў іншых рэгіёнах?» — спытаўся я ў Ірыны Яскевіч:

«У нас гэта была не стыхійная акцыя. У Віцебску са сьнежня мы абмяркоўвалі гэтую тэму. Калі б так рабілі ўсе…»

«Мы маем плян сваіх дзеяньняў» — заявіў сёньня «Свабодзе» пасьля сустрэчы ў дэпартамэнце прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Беларусі старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка:

«Мы абазначылі крайні пункт — 24 чэрвеня. Мы праінфармавалі, што калі да гэтай даты ня будзе прынята ніякіх рашэньняў, то зь вялікай верагоднасьцю можна казаць, што прадпрымальнікі ня будуць выплачваць падаткі і пойдуць у адпачынак на знак пратэсту. А мы створым штаб і пачнём дзейнічаць у абарону нацыянальных інтарэсаў беларускіх прадпрымальнікаў».

Леў Марголін

Леў Марголін

«Калі Пуцін, Назарбаеў і Лукашэнка стваралі Мытны зьвяз, то яны абяцалі велізарныя выгоды і перавагі. Але насамрэч адна накладка ідзе за другой, — адзначае эканаміст Леў Марголін:

«Схемы Мытнага зьвязу і Адзінай эканамічнай прасторы скапіяваныя са схемаў Эўразьвязу. Але нашыя „інтэгратары“ забыліся пра тое, што Эўразьвяз ішоў да гэтага 45 гадоў. А мы хочам адразу перанесьці гэтыя штампы на нашу прастору. А яшчэ не выходзіць і таму, што Расея, Казахстан і Беларусь маюць зусім розныя эканомікі. У Расеі, напрыклад, 75 альбо нават 80% эканомікі — прыватная. У нас, калі не лічыць акцыянэрныя таварыствы, якія цалкам кантралюе дзяржава, такой не набярэцца і 20%».
XS
SM
MD
LG