Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.



НАЦІСКІ

Малéнькі, пусьцéнькі, дóбранькі, цíхенькі

Дзе паставіць націск — сýхенькі ці сухéнькі, хýдзенькі ці худзéнькі? Якая тут норма? Ад чаго залежыць месца націску ў такіх памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў?

Правіла ў гэтым выпадку простае: трэба зважаць на націск у прыметніку, ад якога памяншальная форма ўтвораная. Калі ў прыметніку націскны канчатак, то ў вытворнай памяншальнай форме націск будзе на суфіксальным галосным: дарагí — даражэ́нькі, залаты́ — залацéнькі, малы́ — малéнькі, пусты́ — пусьцéнькі, руды́ — рудзéнькі. Калі ж у прыметніка націск на галосным асновы, тамсама ён застаецца і ў вытворнай форме: востры — востранькі, добры — добранькі, кахáны — кахáненькі, цíхі — цíхенькі.

Ня маючы пэўнасьці што да націску ў тым або іншым памяншальна-ласкальным прыметніку, заўсёды зьвяраймася па слове, ад якога гэты прыметнік утвораны. У прыведзеных на пачатку тэмы словах націск падае на галосны суфікса — сухéнькі і худзéнькі — бо сухí і худы́.

ФОРМЫ СЛОВА

Бярэце, гаварэце, леце, нясеце

«Беце ў сэрцы іх — беце мячамі», — у такой рэдакцыі — з загаднай формаю беце — зьмешчаны радок «Пагоні» на плякаце, які Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку выпусьціў на пачатку 1990-х да Багдановічавага стагодзьдзя. У самога Багдановіча ў першым друкаваным варыянце «Пагоні» было: бійце. Эміграцыйныя выдаўцы Багдановічавых твораў дазволілі сабе паасобныя моўныя падпраўкі — у імя нормы: так і зьявілася рэдакцыя «Пагоні» з формаю беце.

Увогуле, у 10–20-я гады мінулага стагодзьдзя, калі крышталізаваліся нормы нашае літаратурнае мовы, ніхто ня ставіў пад сумнеў нарматыўнасьці загадных формаў з канчаткам -еце (-эце): бярэце, глядзеце, нясеце, пішэце. Была агульная думка, што гэтым адмысловым беларускім формам трэба адназначна аддаваць у літаратурнай мове перавагу. Савецкія рэфарматары 1933-га меркавалі ўжо іначай — у якасьці абавязковых былі ўведзеныя формы на -і-це (-ы-це): нясіце, рабіце. Гэта таксама формы беларускія — толькі што менш адметныя, агульныя з расійскімі. Таму ў несавецкім літаратурным ужытку на працягу паваенных дзесяцігодзьдзяў формаў на -і-це (-ы-це) стараліся высьцерагацца, пераважна гаварылі і пісалі: вазьмеце, жывеце, леце, пеце, скажэце.

Формы з канчаткам -еце (-эце) у паўднёва-заходнім беларускім дыялекце жывуць да сёньняшняга дня. Зважаючы на адметнасьць гэтых формаў, думаю, варта нам аджыўляць іх і ў літаратурнай мове, хаця б у якасьці граматычных варыянтаў.

Такім чынам, ставячы дзеясловы ў загадным ладзе (2-й асобе множнага ліку), можам скарыстаць форму на -еце (-эце): зрабеце нам ласку; прынясеце, як вам ня цяжка; вазьмеце — гэта ад сэрца; калі будзе час, напішэце нам; будзьце ласкавыя, налеце кавы; запрасеце іх да сябе; раскажэце ім праўду.



БУДОВА ФРАЗЫ

Два, тры, чатыры вялікія дамы

Часам памыляюцца ў нас, выбіраючы форму залежнага ад лічэбнікаў два, тры і чатыры слова — можам пачуць пра два высокіх будынкі або тры доўгіх гадзіны. Пры такім хібным ужываньні прыметнікі ставяць у форме роднага склону.

Каб было правільна, прыметнікі, залежныя ад лічэбнікаў два, тры і чатыры, трэба ўжываць толькі ў форме назоўнага склону множнага ліку: два высокія будынкі, тры доўгія гадзіны. На гэтую граматычную норму нельга забывацца, чытаючы, называючы дробавыя лічэбнікі. Гаворым: дзьве трэція, тры пятыя, чатыры сёмыя, але пяць шостых, шэсьць восьмых — пры лічэбніках пяць, шэсьць і далейшых залежнае слова ставіцца ўжо ў форме роднага склону.

Спалучаючыся зь лічэбнікамі два, тры і чатыры, шэраг назоўнікаў захоўвае націск даўняй формы парнага ліку: дзьве сястры́, тры акны́. Перасьцерагаю ад памылак у спалучэньнях з назоўнікамі ніякага роду — пры лічэбніках два, тры і чатыры яны заўсёды маюць канчатак множнага ліку: два вяслы, тры вядры, чатыры палатны.

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG