Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з разьдзелы "Выбар слова"..

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda @ rferl.org.


ВЫБАР СЛОВА

Асабісты і асабовы

Два беларускія прыметнікі — асабісты і асабовы — у мове ў кожнага зь іх сваё месца.

Асабісты — той, які належыць канкрэтнай асобе, зьвязаны з гэтай асобаю, закранае яе, для яе прызначаны. Падбіраючы сынонімы, можам сказаць, што асабісты — гэта пэрсанальны, уласны, індывідуальны. Гаворым, напрыклад, пра асабістую ўласнасьць, асабістага прадстаўніка, асабісты клопат, асабістую думку, асабісты лёс.

Прыметнік асабовы бальшыні з нас добра знаёмы з школьнай граматыкі: памятаем пра асабовыя займеньнікі, асабовыя сказы, асабовыя канчаткі — ніхто не назаве іх асабістымі. Другое значэньне слова асабовы рэалізуецца ў такіх, скажам, спалучэньнях, як асабовы лісток, асабовы склад, асабовы рахунак. Тут асабовы, бо мае дачыненьне да асобы ўвогуле, да шматлікіх людзей. Асабовы лісток — дакумэнт, запаўняны асобаю пры ўліку кадраў, асабовы рахунак — той, які адкрываецца на асобу, нарэшце, асабовы склад — склад асобаў нейкай установы, арганізацыі. Яшчэ адзін ўстойлівы беларускі выраз — асабовая справа — тэчка ці, іначай, папка з дакумэнтамі канкрэтнай асобы, дакумэнтамі, якія характарызуюць асобу. Вось жа, асабовы — гэта таксама й той, які асобу характарызуе. Можам, прыкладам, сказаць пра асабовыя якасьці — прыметнік асабовы дарэчы на месцы скалькаванага з расійскай слова асобасны.

На завяршэньне жменька ілюстрацыяў, каб ня блыталі мы асабістага з асабовым: асабістыя рэчы, асабісты досьвед, асабістае жыцьцё, асабовы склад ураду, асабовая справа супрацоўніка, асабовыя якасьці прэтэндэнта.




Асадка, ручка, самапіска

Як называем па-беларуску тую прыладу, якой пішам? Відавочна, найчасьцей ужываны сёньня назоў — ручка, радзейшыя — самапіска і асадка.

Чаму менавіта асадка? Вякамі пісалі палачкаю зь пяром на канцы. Палачку назвалі асадкаю: яна «садзілася», асаджвалася на пяро. У літаратурнай мове новага часу слова асадка ў значэньні пісьмовае прылады зазнала і прызнаньня, і забыцьця. У першай траціне XX ст. асадка трывала ўвайшла ў літаратурны лексыкон. Беларускія слоўнікі 1920-х гг. на абазначэньне прылады пісаць рэкамэндавалі толькі асадку. Маем дзясяткі фіксацыяў гэтага слова ў мастацкай літаратуры, у творах аўтарытэтных літаратараў — ад Коласа з Гарэцкім да Куляшова з Скрыганом.

Замах на асадку як назоў пісьмовае прылады адбыўся ў 1930-я гг.: асадцы дасталося разам з шматлікімі іншымі адметнымі на расійскім фоне беларускімі словамі. Паступова асадку выціснулі былі на пэрыфэрыю мовы: некаторыя мовазнаўцы ў пасьляваеннай БССР ужо нават характарызавалі гэтае слова як архаічны назоў ручкі. Аднак у 1980 — 90-я гг. асадка з значэньнем прылады пісаць усё ж вярнулася ў актыўны ўжытак прынамсі часткі карыстальнікаў літаратурнае мовы — сёньня асадкаю, як правіла, называюць аўтаматычную, шарыкавую ручку. Калі пісалі пяром, асадка была дзяржаньнем для пяра, як пішуць цяпер стрыжнем, асадку разумеюць як дзяржаньне для стрыжня.

Застаецца пажадаць не забывацца на тое, што сярод лексычных рэсурсаў — поруч з ручкаю і самапіскаю — ёсьць традыцыйнае беларускае слова асадка. Пішам асадкаю.




Багатыр і асілак, волат

Паказальнік на менскай станцыі мэтро «Пушкінская» па-беларуску паказвае кірунак да магазыну «Багатыр». На самой краме вялікімі літарамі шыльда па-расійску «Богатырь». Можна падумаць, што беларускі багатыр і расійскі богатырь — тое самае.

У беларускай як народнай, так і літаратурнай мове слова багатыр азначае, як правіла, багатага чалавека, багача, багацея. Назоўнік багатыр — ад прыметніка багаты. «Усі нашы багатыры паехалі на кірмаш», — гэтым сказам беларускае ўжываньне слова багатыр ілюструе ў слоўніку 1870 году Іван Насовіч. «Багатыр, як кажуць у нас на багатага чалавека, Хведар, вядома, бальшавікоў не любіў», — тут ужо сучасная ілюстрацыя з прозы Вячаслава Адамчыка. Поруч з словам багатыр ёсьць у нас і багатырка — багатая жанчына. Ёсьць таксама й прыметнік багатырскі: багатырская сям’я — гэта багатая сям’я, сям’я багатыроў.

У расійскай мове богатырь — старое пазычаньне зь цюрскага *baγatur. З значэньнем дужага, магутнага чалавека, якое па-расійску перадаецца словам богатырь, у беларускай літаратурнай мове ўжываюцца звычайна назоўнікі асілак і волат. Падмена ў беларускім тэксьце асілка або волата багатыром размывае правільнае разуменьне ўласнабеларускага слова багатыр.

Тую менскую краму, што спэцыялізавалася і цяпер яшчэ часткова спэцыялізуецца на продажы адзеньня, вопраткі, абутку вялікіх памераў — для фізычна вялікіх людзей, па-беларуску, вядома, варта было б назваць іначай.

Добра запамятаем: багатыр і багатырка — багатыя людзі.

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG