Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы супрацоўнік МУС расказвае, як праслухоўваюць у Беларусі


На ўмовах ананімнасьці свой камэнтар наконт скандалу вакол амэрыканскай праграмы PRISM і паралеляў з Беларусьсю даў былы супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў.

Супрацоўнік: Наколькі я разабраўся ў сытуацыі, наколькі я чытаў апублікаванае ў прэсе, то ўвесь збор інфармацыі ў ЗША адбываўся адносна так званых транзытных карыстальнікаў. То бок карыстальнікаў, якія не зьяўляюцца грамадзянамі ЗША і не пражываюць на тэрыторыі ЗША. Таму тут вельмі спрэчнае пытаньне да сусьветных міжнароднікаў-юрыстаў, ці неабходныя тут нейкія дазволы, калі карыстальнік не зьяўляецца грамадзянінам ЗША, а карыстаецца тым самым Фэйсбукам, сэрвэры якога знаходзяцца на тэрыторыі ЗША. Вось гэта першая праблема, на якую ў нас з вамі няма адказу.

Што тычыцца беларускіх грамадзян, якія карыстаюцца гэтымі амэрыканскімі інтэрнэт-рэсурсамі, дык тут сытуацыя больш-менш зразумелая. Амэрыканцы яўна зьбіраюць інфармацыю такога кшталту, гэта ні для кога не зьяўляецца сакрэтам. Таму ніякіх службовых кантактаў на Фэйсбуку ў вас не павінна быць.

Свабода: Напэўна, беларусаў найперш хвалюе пытаньне, як у нас у Беларусі арганізаваны збор такой інфармацыі.

Супрацоўнік: Інфармацыю можна падзяліць на тры катэгорыі. Першая — дзе ніякага дазволу і санкцыі не патрэбна. Тэлефонны даведнік ёсьць адкрыты тэлефонны даведнік. Другая катэгорыя — калі санкцыя пракуратуры адназначна патрэбная, напрыклад, тэлефонныя размовы. І трэцяя — якая пэрыядычна пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Аднак пракуратура і заканадаўства патрабуе атрымліваць санкцыі на любое праслухоўваньне.

Свабода: То бок вы хочаце сказаць, што ніякая беларуская спэцслужба ня будзе праслухоўваць тэлефонных размоваў бяз санкцыі пракуратуры?

Супрацоўнік: Калі ёсьць намер давесьці справу да суду — то ніхто ня будзе гэтага рабіць. Навошта несьці ў суд такую інфармацыю, калі суд спытае, адкуль у вас такія зьвесткі і як яны вамі атрыманыя? А яны атрыманыя незаконна.

Свабода: Аднак можна прывесьці прыклад суду над былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Статкевічам і Саньнікавым, на якім фігуравала праслухоўваньне іхніх размоваў, калі яны былі не абвінавачанымі, а кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Супрацоўнік: Гэта палітыка, я тут камэнтаваць ня буду. У Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул пра злоўжываньні службовым становішчам. Калі супрацоўнік гандлюе нейкімі сакрэтнымі дадзенымі — такое пэрыядычна бывае. Бывае, што інфармацыю зьліваюць самі апэратары сувязі.

У розных краінах гэтая праблема вырашаецца па-рознаму. І Гугл, і Майкрасофт на запыт праваахоўных органаў перадае ім інфармацыю, калі ёсьць санкцыя суду. У іншых краінах спэцслужбы ўсталёўваюць уласнае абсталяваньне і не паведамляюць апэратару сувязі, у адносінах да каго праводзіцца мерапрыемства.

Я ня ведаю, якая практыка лепшая ці горшая, але я ведаю, што патрэбны кантроль грамадзтва за апэратыўна-пошуковай дзейнасьцю спэцслужбаў. У нас у Беларусі пакуль вельмі мала досьведу публічнага абмеркаваньня гэтай праблемы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG