Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Увесь мінулы тыдзень прайшоў для нас пад знакам Юрася Бушлякова – ад сумнай зьвесткі пра ягоную сьмерць да разьвітаньня з нашым калегам, сябрам, знаным беларускім мовазнаўцам.

Юрась Бушлякоў адышоў пасьля цяжкое доўгае хваробы 4 чэрвеня а 19-й гадзіне.

«Да апошніх дзён жыцьця Юрась рабіў немагчымае – удасканальваў сваю кнігу», – напісаў пра яго дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук. Адгукнуліся на трагічную падзею і іншыя калегі Бушлякова: Данчык, Сяргей Шупа, Аляксей Знаткевіч, Ганна Соўсь, Сяргей Навумчык, Алена Радкевіч, Алена Ціхановіч, Валер Каліноўскі, Вячаслаў Ракіцкі, Сяргей Дубавец, Юры Дракахруст, Ян Максімюк, Сяргей Абламейка, Франак Вячорка, Алена Струвэ, Зьміцер Падбярэскі, Галіна Навумчык.

А таксама многія-многія наведнікі сайта Свабоды пакінулі словы спачуваньня ў камэнтарах.

Мы прыгадалі пра архіўнае відэа, на якім Юрась Бушлякоў дыктуе Беларускую дыктоўку – «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага.

Мы сабралі водгукі на сьмерць і на асобу Юрася Бушлякова, якія пакінулі ў інтэрнэце вядомыя людзі.

Сябры Юрася сабралі фотагалерэю розных гадоў ягонага жыцьця.


Тым часам пра Юрася Бушлякова згадвалі сябры, калегі, настаўнікі, вучні: Вінцук Вячорка, Сьвятлана Вранава (Пардубіцэ, Чэхія), Уладзімер Колас, Віталь Зыблюк, Валерыя Кустава, Генадзь Бураўкін, Ірына Шкраба, Аляксей Дзікавіцкі, Зьміцер Саўка, Уладзімер Куліковіч, Глеб Лабадзенка, Андрэй Хадановіч, Анатоль Івашчанка.

Юрасю Бушлякову была прысьвечаная відэа-перадача з цыклю «Свабода бяз гальштукаў», у якой пра Юрася ўзгадвалі ягоныя сябры Віталь Цыганкоў, Вячаслаў Ракіцкі і Глеб Лабадзенка:

Мы прыгадалі некаторыя гутаркі, якія ў эфіры Свабоды Юрась вёў з рознымі людзьмі – палітыкамі, літаратарамі, музыкамі.

Мы падрыхтавалі спэцыяльную паўгадзінную перадачу, прысьвечаную памяці нашага калегі Юрася Бушлякова. У ёй вы пачуеце голас самога Юрася -- як ён чытае Беларускую дыкоўку, ліст з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага, як вядзе эфір 20 сакавіка 2006 году для намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы, як агучвае парады прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Пра Юрася Бушлякова гавораць ягоныя сябры, аднадумцы, калегі, а таксама супрацоўнікі Радыё Свабода.



У чацьвер, шостага чэрвеня, калегі, сябры і сваякі праводзілі Юрася ў апошні шлях. Пахавалі яго пад бел-чырвона-белым сьцягам.


Тым часам ад панядзелка 10 чэрвеня ў эфіры Свабоды пачала фрагмэнтамі гучаць кніга Юрася Бушлякова «Жывая мова», якую чытае сам аўтар. Разьдзелы кнігі публікуюцца на нашым сайце. Рэдакцыя плянуе выпусьціць «Жывую мову» друкаваным выданьнем на саракавіны па Юрасю.
XS
SM
MD
LG