Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетную сям’ю выкідаюць на вуліцу


Ірына Бойка з малодшым сынам Кірылам

Ірына Бойка з малодшым сынам Кірылам

«Гроднапрамбуд» намагаецца праз суд выселіць з інтэрната шматдзетную сям’ю. Ірына Бойка, маці траіх дзяцей, прыйшла на першае перадсудовае спатканьне без адваката, бо ў сям’і няма на гэта грошай. З боку пазоўніка ў суд ніхто не зьявіўся.

З будынка суду Ірына Бойка выйшла расхваляваная, сьпяшаецца па дзяцей. Двое старэйшых у садку — дачка, чатыры з паловай годзікі, і хлопчык, якому ўчора споўнілася тры. А самага малога —год і чатыры месяцы — яна пакінула ў суседкі.

Бойка: «Ня ведаю, што рабіць, хочацца ўзяць намёт, сьцягі і ісьці на плошчу... Зусім ня ведаю, што рабіць. Наймаць жыльлё — усе адмаўляюцца браць з трыма дзецьмі. Дый наймаць няма за што, нам нават няма дзе зарэгістраваць дзяцей. Мы раней жылі ў свекрыві, але там далей быць немагчыма, нават даведка ёсьць, што дом аварыйны».

Спадарыня Ірына разам з мужам Аляксандрам і трыма дзяцьмі пражылі ў інтэрнаце ААТ «Гроднапрамбуд» больш як год пасьля таго, як муж уладкаваўся на працу ў будаўнічае ўпраўленьне № 210.

У іх два невялічкія пакойчыкі, кухня агульная. Пачалі будавацца самі, заклалі падмуркі пад новы дом. Але паколькі ня могуць атрымаць крэдыт, будоўля прыпынілася, і ісьці ім цяпер папросту няма куды.

Спадара Аляксандра звольнілі з працы за адзін прагул. Амаль тры месяцы ён шукаў новую працу. Сёньня ў суд таксама не прыйшоў, бо ў камандзіроўцы.

Спадарыня Ірына лічыць, што мужа звольнілі ня столькі з-за прагула, колькі з-за канфлікту з адміністрацыяй будаўнічага прадпрыемства. Канфлікт пачаўся таму, што мужу няправільна налічылі заробак. Кіраўнік будаўнічага ўпраўленьня № 210 Дзьмітры Чылек сказаў нашаму радыё, што, звольніўшы спадара Бойку, ён заканадаўства не парушыў.

Ірына Бойка хадзіла скардзіцца ў розныя інстанцыі, але чыноўнікі пішуць у сваіх адказах, што згодна з працоўным кантрактам мужа жыльлё ім выдзелілі толькі на час, калі ён будзе там працаваць.

Бойка: «На адваката ў мяне грошай няма, „Гродзенская праўда“ адмовілася друкаваць матэрыял, „Советская Белоруссия“ — таксама, ніхто ня хоча зьвязвацца».

Спадарыня Ірына распавядае, што на двух дзетак штомесяц атрымлівала тры з паловай мільёны, і калі ў мужа не было працы, то толькі на гэтыя сродкі і жылі. А з наступнага месяца яна будзе атрымліваць толькі на адно дзіця, бо сярэдняму хлопчыку споўнілася тры гады.

Бойка: «Не жывём, а выжываем, як кажуць. Зноў-такі, у сярэдняга хлопчыка ў садку фатограф здымкі рабіў — 85 тысяч. Я б магла адмовіцца, але я не адмовілася, бо гэта для дзіцяці памяць. Я б магла адмовіцца, калі зьбіраюць грошы на патрэбы садку, але я ніколі не адмаўлялася, бо там дзеці. А вось сёньня хлопчык панёс цукеркі ў садок, бо ў яго быў дзень нараджэньня. Ну і як ня даць? Вядома ж, дасі».

Самы малодшы хлопчык, Кірыл, нарадзіўся заўчасна. Спадарыня Ірына распавядае, што ён стаіць на ўліку ў нэўроляга, часта даводзіцца зьвяртацца да лекараў і купляць лекі. Што рабіць далей і як жыць, яна папросту ня ведае. Судовае паседжаньне ў яе справе прызначана на 19-га чэрвеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG