Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыну Генрыха ІІ ангельскаму каралю Джону, які кіраваў краінай з 1199 да 1216 году, не пазайздросьціш.

Родны тата ўзяў і не пакінуў яму ў спадчыну зямлі на гістарычнай радзіме, у Францыі, а Папа Рымскі не любіў Джона так, што аднойчы нават заклікаў ангельцаў не даваць прысягі свайму манарху. Дзякуючы першаму да караля Джона прычапілася крыўдная мянушка Безьзямельны, дзякуючы другому ён урэшце зрабіўся Папавым васалам і плаціў яму даніну, як нейкаму татара-манголу.

Мала таго: каралю Джону собіла навечна трапіць у розныя сумнеўныя літаратурныя гісторыі пра Робіна Гуда і Айвэнга як жорсткаму, крываваму і амаральнаму ліхадзею. І гэта яшчэ ня ўсё: ён прайграў некалькі важных для айчыны і кароны бітваў, за што да мянушкі «Безьзямельны» дадалася яшчэ адна, ня менш, а можа і больш прыкрая, зь відавочным сэксуальным падтэкстам: Джон Мяккі Меч.

Ну, а апагеем няўдалага лёсу караля Джона зрабіўся дзень 15 чэрвеня 1215 году, калі ён, ангельскі манарх і прочая і прочая, падпісаў Вялікую Хартыю Вольнасьцяў — прыніжэньне для любога караля, асабліва калі ён жыве ў трынаццатым стагодзьдзі. Неўзабаве ён, адступаючы са сваім войскам пасьля нейкай чарговай вайны супраць уласных падданых, замарудзіўся на марскім беразе — і хвалі змылі ягоныя куфры з золатам і дыямэнтамі. Такога ўдару ён перанесьці ўжо ня мог і хутка сканаў.

Дзіўна: нягледзячы на ўсё гэта кароль Джон увайшоў у гісторыю як вялікі дэмакрат. А ўсё тая Хартыя, Magna Carta. І што з таго, што яго прымусілі яе падпісаць бароны, царкоўнікі ды вечна незадаволеныя гараджане, што з таго, што ён сам адмяніў яе яшчэ пры жыцьці, спалохаўшыся ўласнага размаху. Праз тую Хартыю, фактычна — правобраз канстытуцыі (і гэта ў ХІІІ стагодзьдзі) яго будуць памінаць добрым словам ва ўсім сьвеце, нібы гэта ён, уладар блакітных крывей, даў народу волю раней за іншых манархаў. Хартыя давала грамадзянам абароненасьць, усталёўвала вяршэнства закону і недвухсэнсоўна гаварыла пра розныя іншыя «вольнасьці» — нечуваная рэч для фэадальнай дзяржавы. «Ну я і дажыўся, — мармытаў сам сабе Джон, які неяк у вольную хвілінку вырашыў прачытаць тое, што ён падпісаў. — Не зьдзіўлюся, калі мяне назавуць Джон Марксіст...»

Марксістам яго, праўда, ніхто не называў — але і рэпутацыю сярод каралеўскіх дамоў Эўропы Плянтагенэты сапсавалі сабе мацней не прыдумаеш. За наступнымі манархамі Хартыю то вярталі, то скасоўвалі, то перапісвалі. Калі ў 1628 годзе парлямэнт прад’явіў каралю Якубу І «Пэтыцыю аб праве», у ёй стаяла прамая спасылка на Хартыю як на закон, які кароль ганебна парушыў. Яго Вялікасьць абяцалі падумаць, але плюнулі і забыліся. Усё скончылася ангельскай рэвалюцыяй, адсечанай галавой Карла І і дыктатурай Кромвэля. А здавалася б, паперка нейкая — вось і слоўнік кажа пра тое самае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG