Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Гісторыя стварэньня гэтай песенькі пахне яешняй з бэконам, венскай вар’ятняй і лёнданскім туманам. Аднойчы раніцай Пол Макартні прачнуўся ў сябе дома з мэлёдыяй у галаве. Што, у прынцыпе, ня так ужо і дзіўна: сапраўдны музыка і мусіць прачынацца або з мэлёдыяй, або з рэшткамі галюцынацый ад LSD, трэцяга ня дадзена. Ён схапіў гітару і паспрабаваў найграць тое, што прысьніў.

«Плягіят, — сказаў Полу Макартні яго ўнутраны худсавет. — Але гучыць няблага. Дзе ты яе скраў?»

«Я пачуў яе ў сьне!» — запярэчыў унутранаму худсавету Пол Макартні.

«Ну-ну, — сказаў унутраны худсавет. — Большую частку таго, што мы даведаліся пра паходжаньне вобразаў у сьне, можна выказаць у наступнай формуле: кожны элемэнт сну цалкам вызначаецца прыхаванымі думкамі пабачанага ў сьне і абавязаны сваім паходжаньнем не аднаму элемэнту гэтых думак, а цэламу іх шэрагу, аднак апошнія ня шчыльна злучаныя паміж сабой, а належаць да самых розных сфэраў перапляценьня думак. У зьмесьце сну кожны элемэнт ёсьць па сутнасьці выяўленьнем усяго гэтага разнастайнага матэрыялу. Гэтаксама як ад кожнага элемэнту сну ідуць ніці да шмат якіх прыхаваных думак, так і кожная прыхаваная думка сну выказваецца звычайна не адным, а некалькімі элемэнтамі сну... Sigmund Freud, Die Traumdeutung, S.92».

«Трызьненьне нейкае», — сказаў Пол Макартні і прачнуўся цяпер ужо па-сапраўднаму.

Песьняй ён вельмі ганарыўся, але Пола ўсё роўна мучылі цьмяныя сумневы. Пачалася гульня ва «Ўгадай мэлёдыю»: ён прымушаў самых розных людзей слухаць тое, што прыйшло яму ў сьне, і, строга зазіраючы ў вочы, патрабаваў сказаць, дзе яны гэта ўжо чулі. І толькі калі яму соты раз сказалі, што чуюць гэтую музыку першы раз у жыцьці, ён пакрысе супакоіўся і пачаў прыдумляць для цудоўнай мэлёдыі словы. Першы варыянт тэксту «Yesterday» пачынаўся так:

«Scrambled eggs, oh, my baby, how i love your legs...»

Нармальны такі тэкст мужчыны, які толькі што прачнуўся і прагне сьняданку.

14 чэрвеня 1965 году ў студыі на Abbey Road песьня ўпершыню была запісаная — каб вельмі хутка зрабіцца адной з самых знакамітых і пазнавальных песьняў у гісторыі чалавецтва. «Yesterday» — прыгожая, геніяльная і разам з тым, бадай, самая ненавідная: ёй затыкаюць усё і паўсюль, яна — незаменная там, дзе ёсьць праблемы з густам і кругаглядам, яна — «дручок-ратаўнічок», калі трэба зрабіць «красіва», а ў галаве і на душы пустата, яе кладуць пад слухача, каб дагадзіць ягонаму мяшчанскаму «рамантызму»; яна чымсьці нагадвае Фройда, якім так лёгка і зручна тлумачыць неспазнавальнае. А шкада — добры быў сон.
XS
SM
MD
LG