Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіён» Андрэй Гайдукоў ужо ў Віцебску. Праз два дні суд, а ён — хворы


Пра тое, што Андрэя Гайдукова, абвінавачанага ў «здрадзе дзяржаве», перад судом прывезьлі ў Віцебскі СІЗА, распавяла яго маці, Вольга Гайдукова.

Спадарыня Вольга дужа хвалюецца: пра перавод у Віцебск яна даведалася ад адваката. Адвакат распавёў і пра тое, што ў канцы мінулага тыдня Андрэй захварэў, кажа Вольга Гайдукова.

«У яго высокая тэмпература, яму даюць антыбіётыкі. Ён папрасіў пігулак ментолавых — мабыць, горла балела. Сваячка тут жа яму панесла, але ў СІЗА лекі не ўзялі. Сказалі, што іх мусіць прызначыць толькі лекар, а той працаваў у пятніцу толькі да 12-й гадзіны... Зноў ня ведаем, што тым зь ім: яго перавялі ў Віцебск яшчэ 3 чэрвеня. Мне, вядома, пра гэта нічога не гаварылі, не папярэджвалі», — кажа Гайдукова.

У яго высокая тэмпература, яму даюць антыбіётыкі. Ён папрасіў пігулак ментолавых — мабыць, горла балела. Сваячка тут жа яму панесла, але ў СІЗА лекі не ўзялі
Вольга Гайдукова апавяла, што з часу пераводу ў Віцебск не атрымала ад сына ніводнага ліста: «З Менску лісты даходзілі, а з Віцебску — не. Баюся, што і мае лісты да яго таксама не даходзяць. Так ужо было — калі напрыканцы мінулага году яго на месяц пераводзілі ў Віцебскі СІЗА».

Маці зьвярталася ў абласны суд, каб ёй далі дазвол на сустрэчу з сынам. Гэта ўжо трэці зварот Вольгі Гайдуковай наконт спатканьня. Аднак і суд ёй адмовіў, як раней адмаўлялі сьледчыя па сынавай справе.

Працэс па «шпіёнскай справе» можа быць закрытым. Пра гэта заявіў старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.

Вольга Гайдукова лічыць, што працэс мусіць быць адкрыты, бо яна ўпэўнена: сыну няма чаго хаваць, і абвінавачаньні ў шпіянажы — сувязях зь нейкай замежнай выведкай — бязглуздыя.

23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану» арыштавалі 8 лістапада ў Віцебску нібыта падчас закладкі тайніка зь нейкімі зьвесткамі дзяржаўнай важнасьці. З таго часу яго ўтрымлівалі пад вартай у менскім СІЗА КДБ, за выключэньнем аднаго месяца, калі яго пераводзілі ў Віцебскі СІЗА.

За здраду дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці — такое абвінавачаньне высунулі супраць Андрэя Гайдукова — яму пагражае ад 7 да 15 год зьняволеньня.

Сваякі і сябры ня вераць у тое, што Андрэй Гайдукоў мог займацца шпіянажам. Яны лічаць, што справа супраць яго ініцыявана КДБ у якасьці помсты за апазыцыйныя погляды: ён быў у камандах дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў, у тым ліку ў камандзе Андрэя Саньнікава. Удзельнічаў у «маўклівых акцыях пратэсту». Непасрэдна перад арыштаў займаўся падрыхтоўкай дакумэнтаў, каб зарэгістраваць у Наваполацку грамадзкую арганізацыю «Саюз маладых інтэлектуалаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG