Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асьцярожна
Выцірайце шыбы
Старой камяніцы!
Іх ва ўсім маім горадзе
Толькі некалькі ацалела...»


13 чэрвеня 1984 году ў Менску тая самая ўлада, якая прызначыла аўтара гэтых радкоў старшынём Саюзу пісьменьнікаў і выканаўцам волі якой ён заўжды быў, вырашыла прыслухацца да паэта і выцерці шыбы адной камяніцы. І выцерла — асьцярожненька так, з дапамогай бульдозэра і чыгуннай бабы, так выцерла, каб і сьлядоў ад тых шыбаў не засталося. Аб’ектам асьцярожнага выціраньня быў абраны стары будынак першага менскага тэатру, які, дарма што некалькі разоў гарэў, дабудоўваўся і перабудоўваўся, займаў сваё пачэснае месца на менскіх вуліцах амаль некалькі стагодзьдзяў.

«Яны бачылі болей,
Чым дрэвы і помнікі.
Яны бачылі болей,
Як вочы людзей,
Якія заўжды пасьля стрэлаў
Згасалі».


Напэўна, тым, хто аддаў загад зьнішчыць касабокі будынак у самым цэнтры сталіцы, таксама часам прыходзіла ў галаву такая мысьля. Але паэзія — гэта для Дома літаратара, паб. 1976, арх. Грыгор’еў і Шубіна, а тут — мы наш, мы новы Менск пастроім!.. Суворая рэчаіснасьць, архітэктурны плян «Ост», які не цярпіць сантымэнтаў.

Трынаццаць маладых людзей, якія нечакана для ўладаў зьявіліся ў той дзень, калі зьнішчалася камяніца, на прыступках, што цяпер насупраць гатэлю «Эўропа», таксама маглі б заняцца справай. Вершы пачытаць або там, ня ведаю, піва папіць. Але яны пачалі гучна скандаваць: «Руйнуюць помнік гісторыі!» — і гэта, напэўна, было мацней і выразьней за верш і хмяльней за піва. Такога нахабства ўлады не чакалі і не даравалі. Усё мусіла быць ціха-мірна — і тут на табе. «Нашлі ўрэмя», — як казаў беларускі савецкі пісьменьнік, прачытаўшы Пруста.

І цяпер адчуваеш да іх павагу за той учынак — да тых трынаццаці нязгодных. Ды нават калі б на тыя прыступкі выйшаў адзін чалавек — значыць, у гэтым горадзе ў 1984 ужо быў нехта жывы.

«Асьцярожна
Выцірайце шыбы,
Каб зь ценямі дыму
Пажараў вайны
Ня сьцерці і ценяў
Вам блізкіх людзей,
Якія апошні раз
Некалі ў гэтыя шыбы глядзелі».


Зрэшты, тым, хто ў танку, Танк без патрэбы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG