Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ота Франк быў былы афіцэр, разумны чалавек і сапраўдны бацька. Але надышлі часы, калі ўсё гэта зьвялося да кароткага, у чатыры лацінскія літары, слова: яўрэй. Яўрэй ня мог быць афіцэрам, ня мог быць бацькам і наогул ня быў чалавекам. Калі пачаўся другі год нямецкай акупацыі Нідэрляндаў, а ў эміграцыі ў Амэрыку яму і ягонай сям’і адмовілі, Ота Франк пачаў рыхтаваць Прытулак. Ня раз яны з жонкай, ідучы на працу, бралі з сабой сёе-тое, што можна лёгка і непрыкметна схаваць на сабе — рэчы, кнігі і прадукты харчаваньня паволі перамяшчаліся па горадзе з кватэры Франкаў у вялікі дом на набярэжнай, і ніхто, нават дзеці, не заўважаў гэтага. Калі б ня бацькаў плян, дык, можа, не было б нічога асаблівага ў тым простым факце, што

12 чэрвеня 1942 году нямецкая дзяўчынка яўрэйскага паходжаньня Ганна Франк, якая жыла ў Амстэрдаме, атрымала ў падарунак на дзень нараджэньня нататнік у чырвонай вокладцы.

У той дзень ёй споўнілася трынаццаць.

«Пачну з таго моманту, калі пабачыла цябе на стале сярод іншых падарункаў... (тое, што напярэдадні я сама выбрала цябе ў краме, ня мае значэньня). У пятніцу 12 чэрвеня я прачнулася а шостай раніцы. Нічога дзіўнага, гэта ж быў дзень майго нараджэньня! Але падняцца так рана я не магла, давялося ўтаймаваць сваю цікаўнасьць да шасьці сарака пяці. Трываць далей было немагчыма, і я спусьцілася ў сталовую, дзе мяне радасна вітаў наш кот Моршы. А сёмай я зазірнула да таты з мамай, а потым у гасьцёўню, каб разгледзець падарункі. Першым пабачыла цябе — мой найлепшы падарунак. Яшчэ былі букет ружаў і два букеты піёнаў. Ад бацькоў я атрымала блакітную блюзку, настольную гульню і бутэльку вінаграднага соку, які, па-мойму, па смаку нагадвае віно (яго ж таксама робяць зь вінаграду), настольную гульню, два з паловай гульдэны, крэм і талён на дзьве кніжкі. Яшчэ кнігу „Камэра Абскура“, якую я, праўда, памяняла, бо яна ўжо ёсьць у Марго, хатняе печыва, якое я сьпякла сама, я файна ўмею яго пячы, і мамін трускаўкавы торт. Яшчэ ліст ад бабулі, які прыйшоў менавіта ў гэты дзень, выпадкова, сам сабою. Потым па мяне зайшла Ганэлі, і мы пайшлі ў школу...»

Так пачалося лета. А ўжо ў самым пачатку ліпеня Франкам прыйдзе позва ў гестапа на імя старэйшай сястры Ганны Марго. І 6 ліпеня, ратуючыся ад немінучай гібелі, яны пераселяцца ў свой прытулак на вуліцы Прынсэнграхт, дзе ў задніх памяшканьнях фірмы «Опэкта», у якой працаваў яе бацька, яны таемна пражывуць больш за два гады. Разам зь яшчэ чатырма асуджанымі на сьмерць. Супрацоўнікі фірмы будуць дапамагаць ім, але знойдзецца здраднік, які выдасьць уладам таямніцу дома на Прынсэнграхт. І 4 жніўня 1944 году іх схопяць. З усёй сям’і Франкаў ацалее толькі Ота Франк.

...Увесну 1944-га Ганна з бацькамі пачуе па радыё, як адзін зь міністраў нідэрляндзкага ўраду ў эміграцыі заклікае грамадзянаў фіксаваць, запісваць, захоўваць дзеля будучыні ўсё, што яны перажылі пад акупацыяй. З таго моманту яна ўсьвядоміць, што насамрэч піша ў сваім нататніку. Прыватны дзёньнік зробіцца літаратурай ня з волі аўтара.

Ганну любяць называць звычайнай дзяўчынкай. Усе людзі звычайныя, пакуль не зьмяняюцца звычаі. Напрыклад, калі звычаем робіцца адпраўляць людзей у газавыя камэры, звычайным чалавекам, напэўна, застацца цяжка. Але Ганна і да Прытулку не была звычайнай. Яна вельмі шмат чытала. Зь дзёньніку добра відаць, як яна ня проста балюча засяроджаная на сабе, што ўласьціва падлеткам — яна пачуваецца адначасова аўтарам і пэрсанажам страшнай гісторыі. На жаль, рэальнай. Яе позірк занадта ўважлівы як для дзяўчынкі — яна бачыць усё. «Размовы ў любы час дазволеныя толькі шэптам, нават удзень; тут можна выкарыстоўваць любыя мовы цывілізаваных народаў, а значыць, не гаварыць па-нямецку» — звычайны чалавек так ня скажа.

Дзёньнік Ганны Франк — прыклад таго, як сьвет, нават сьціснуўшыся да памераў прытулку, застаецца сьветам людзей. Нават у такіх умовах яны знаходзяць нагоды для сварак. Але і цуды, якія дорыць чалавеку жыцьцё, працягваюць адбывацца. Ператварэньне дзяўчынкі Ганны ў маленькую жанчыну няўхільнае і пераможнае, нягледзячы на ўсе акупацыі, уцёкі, расавыя законы і вымушаную кляўстрафабічную рэальнасьць, у якой даводзіцца існаваць. У нейкім сэнсе — самае красамоўнае сьведчаньне перамогі жыцьця над сьмерцю. Як і сьмех Ганны — нават жывучы вось так, шэптам, яна знаходзіць у сабе моц усьміхацца.

Цікава, што за «Камэру Абскуру» падарылі Ганьне на яе трынаццаты дзень народзінаў? Няўжо набокаўскі раман? Той самы, які аўтар потым перапрацаваў і назваў «Сьмехам у цемры?» Гісторыю жарсьці і асьляпленьня... Калі гэта так, можна толькі падзівіцца, у якой лібэральнай атмасфэры выхоўвалася Ганна і які давер панаваў у яе сям’і.

А яшчэ ў ім, як ні дзіўна, на адной са старонак мільгае і Беларусь. Хаця — нічога дзіўнага, з Усходу таксама ідзе надзея. Франкі рэгулярна слухаюць радыё. «Настрой прыўзьняты: справы на фронце ідуць найлепшым чынам. Сёньня захопленыя ў немцаў Шэрбур, Віцебск і Жлобін». Радыё не казала пра тое, што яўрэйскае насельніцтва Жлобіна было практычна вынішчана, а з 37 тысяч віцебскіх яўрэяў было забіта амаль 20 тысяч. Аднак падлікі пачнуцца потым. Калі аўтаркі дзёньніка даўно ўжо ня будзе ў жывых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG