Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль беларускага кіно «Bulbamovie» пачаў прыём заявак


Плякат Фэстывалю «Bulbamovie» (2012). Фота з афіцыйнага сайту

Плякат Фэстывалю «Bulbamovie» (2012). Фота з афіцыйнага сайту

Фэстываль «Bulbamovie» адбудзецца ў Польшчы 19–20 кастрычніка 2013 г. Прыём заявак — да 1 верасьня 2013 г.

Дырэктaр фэстывалю Януш Гаўрылюк патлумачыў, як будзе адбывацца фэстываль:

«Чакаем фільмaў ад маладых духам, незалежных беларускіх творцаў. Перадусім залежыць нам на кароткамэтражным мастацкім кіно і дакумэнтальных фільмах. Сёлета конкурс яшчэ ня будзе падзелены на катэгорыі, бо адбудзецца толькі другі раз і, шчыра кажучы, нам цяжка прадбачыць, якія прыйдуць фільмы. Хаця ёсьць ідэя зрабіць асобную ўзнагароду ад нейкай фірмы для дакумэнтальнага фільму».

Сярод удзельнікаў будуць разыграныя ўзнагароды:
Залатая Бульба 2013 — 2500 злотых
Срэбная Бульба 2013 — 1500 злотых.
Бронзавая Бульба 2013 — 1000 злотых

Цізер Фэстывалю «Bulbamovie» 2012 году

Фэстываль адбудзецца ў Варшаве трэці раз. Першы быў «рэтраспэктывай-марафонам» беларускага кінэматографу. Польскія аматары кіно змаглі пабачыць фільмы: Kудзіненкі, Kанановіча, Aсьлюка, Aдамовіч, Kуцілы і «Навінак». Год таму на мерапрыемстве ўпершыню быў конкурс. У конкурснай частцы паказалі 19 беларускіх фільмаў. Беларуска-польскае журы (Kудзіненка, Жбанкоў, Kурэйчык, Mацееўскі, Kеляр) так і ня вызначыла пераможцу. Галоўны прыз — «Залатая Бульба» — так ня быў прызнаны нікому. «Срэбраныя Бульбы» атрымалі Aрцём Лобач («Простыя рэчы») і Aндрэй Палупанаў («Жыцьцё у сумцы ў клетку»), «Бронзавую Бульбу» — Aлесь Лапо («Вандроўнік ня вернецца»)

У межах фэстывалю адбудуцца майстар-клясы, а таксама канцэрт гурту «NeuroDubel».

«Пасьля двух гадоў працы ў нас акрэсьліліся дзьве мэты фэстывалю Bulbamovie: прамоцыя беларускага кінэматографу ў Польшчы ды падтрымка і адукацыя маладых беларускіх кіношнікаў», — распавёў Януш Гаўрылюк.
XS
SM
MD
LG