Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьледчы камітэт паведаміў пра крымінальную справу супраць былой кіраўніцы Беларускага дзяржаўнага цырку.

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова паведаміла Інтэрфаксу, што яе ведамства пачало расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да былога дырэктара — мастацкага кіраўніка Белдзяржцырку:

«Крымінальная справа ў дачыненьні да былога дырэктара распачатая Генэральнай пракуратурай па матэрыялах Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС і Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Паводле атрыманых матэрыялаў крымінальнай справы, былы кіраўнік установы падазраецца ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт.424 Крымінальнага кодэксу). Сьледчы камітэт прыняў крымінальную справу да вытворчасьці і прыступіў да расьсьледаваньня».

Афіцыйная прадстаўніца СК не назвала прозьвішча асобы, супраць якой заведзеная справа, але сказала пра яе ў жаночым родзе:

«Мера стрыманьня да падазронай не ўжывалася».

У гісторыі цырку была толькі адна жанчына-дырэктар — Тацяна Бандарчук, астатнія — мужчыны. Тут сьпіс дырэктараў цырку з 1939 году.

Тацяна Бандарчук кіравала цыркам з 1996 году, афіцыйнае паведамленьне пра яе звальненьне не публікавалася. На сайце Белдзяржцырку яна дагэтуль пазначаная як дырэктар і мастацкі кіраўнік.

Тацяна Бандарчук — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, акадэмік Нацыянальнай акадэміі цыркавога мастацтва Расеі, народная артыстка Беларусі.

Бандарчук кіравала нядаўняй маштабнай рэканструкцыяй цырку.

Паводле інкрымінаванага артыкула ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG