Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзь Яроменак пасьля вясельля: «Спадзяюся на чалавечнасьць міліцыянтаў»


Актывіст «Маладога фронту» Ўладзь Яроменак пабраўся шлюбам з актывісткай «Эўрапейскай Беларусі» Валянцінай Цюравай. Чым адметныя вясельлі былых беларускіх палітвязьняў?

Уладзь Яроменак цяпер пад прафіляктычным наглядам міліцыі як былы вязень, якога некалькі разоў затрымлівалі на розных палітычных акцыях і саджалі на суткі на Акрэсьціна. Прафіляктычны нагляд азначае, што кожны вечар пасьля 9-й паднаглядны мусіць быць дома. Пасьля заключэньня шлюбу з Валянцінай Цюравай, якая ўзяла прозьвішча Яроменак, яны са сваякамі на кароткі час адправіліся ў кавярню. Маладафронтавец кажа, што ўмоваў прафіляктычнага нагляду ў той дзень ён не парушаў.

«Але ўсё роўна спадзяюся на іх чалавечнасьць. Нават пры сёньняшнім рэжыме спадзяюся на чалавечнасьць. Такая падзея, мусіць, адбываецца адзін раз у жыцьці, усе гэта ведаюць».

Жонка Ўладзя Яроменка Валянціна з задавальненьнем прымае віншаваньні і кажа, што яе не палохае тое, што муж — палітычны актывіст. Валянціна згадвае, як яны пазнаёміліся з Уладзем:

Архіўнае фота

Архіўнае фота

«Я сама актывістка „Эўрапейскай Беларусі“. Мы пазнаёміліся ў судзе, пасьля Дня Волі, калі там апынуліся нашы сябры, у тым ліку з Украіны. Там і пазнаёміліся. Я таксама па магчымасьці бяру ўдзел ў акцыях, апошні раз — на 8 сакавіка. Таму мяне не палохае тое, чым Уладзь займаецца, бо я яго падтрымліваю. І нічога ня можа палохаць, калі мы зь ім разам».

У «Маладым фронце», куды ўваходзіць Уладзь Яроменак, гэта трэцяе вясельле за мінулы год. Летась у кастрычніку ў Мёрах адзначылі шлюб намесьнік старшыні арганізацыі Мікалай Дземідзенка і ягоная жонка Алеся. Людзей было шмат, ўсё прайшло добра. Усё было добра, але побач увесь час былі амапаўцы, а нейкі чалавек у цывільным забараніў супрацоўнікам кавярні гатаваць для вясельнага стала прадукты, якія прынесьлі бацькі жаніха. Мікалай распавядае пра іншыя асаблівасьці свайго вясельля:

«Дзіка выглядала гэтае назіраньне. 20–30 здаровых мужыкоў, якія жывуць у Віцебску, на грошы падаткаплатнікаў паехалі сачыць невядома за чым, невядома дзеля чаго. Гэта ж не палітычная акцыя. Сядзелі насупроць кавярні, каля касьцёла, у прыбудовах і гаражах насупраць нашага дома. Паставілі на вушы ўвесь горад, але гэта спрацавала зусім не на карысьць уладаў. Мёры — маленькі горад, усяго 10 тысяч, і рэзанансу было багата. Горад дагэтуль ня можа зразумець: у чым сутнасьць такіх акцыяў дзяржавы супроць іншадумцаў?»

У красавіку Алеся нарадзіла Міколу сына, якога назвалі Міхалам. Сям’я Дземідзенкаў працягвае жыць у Менску. Мікалай вучыцца, езьдзіць на сэсіі за мяжу.

Летась на каталіцкія Каляды ў гарадзенскай турме пабраліся шлюбам лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і ягоная намесьніца ў гэтай арганізацыі Наста Палажанка. «Цырымонія заняла ўсяго некалькі хвілін, і пасьля кароткай размовы Зьмітра павялі», — згадвала Наста, якая ужо носіць прозьвішча мужа — Дашкевіч. З таго часу яны са Зьмітром бачыліся толькі праз шкло.

Больш пашанцавала актывісту «Гавары праўду» Паўлу Вінаградаву, які два гады таму таксама ажаніўся ў месцах зьняволеньня. Яму і жонцы Сьвятлане пасьля падпісаньня дакумэнтаў аб шлюбе адміністрацыя івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы» дала ў якасьці падарунку тры дні для спатканьня.

Як Павал Вінаградаў быў памілаваны і выйшаў на волю, то зноў стаў браць удзел у апазыцыйных акцыях. Наступствам стаў прафіляктычны нагляд, як і ў Яроменка. Актывіст жартуе, што гэты нагляд хоць і не перашкаджае асноўнаму сямейнаму жыцьцю, але замінае зрабіць яго прыгажэйшым:

«Вельмі напружны момант — гэта тое, што нікуды не магу схадзіць разам з жонкай. У рэстарацыю, у бар, нават у кіно не магу схадзіць, акрамя як на ранішні дзіцячы сэанс. Бо калі яна прыходзіць з працы, мне ўжо трэба быць дома, і ні пра якае кіно гаворкі няма. А на балет запрашаць пасьля сёньняшняй навіны і сам ня буду. Але — усё роўна ня ўсё гэтак дрэнна, як можа падацца. Міліцыянты ёсьць міліцыянты, яны, вядома, прыходзяць з праверкамі, але — спраўляемся».
XS
SM
MD
LG