Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пракрэдытуе мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў, але толькі тых, зь якімі расейцы хочуць мець супольныя праекты.

Бізнэс-плян па будоўлі другой ніткі газаправоду «Ямал — Эўропа» будзе гатовы ў лістападзе, пасьля чаго Масква зьвернецца з канкрэтнымі разьлікамі да Беларусі як да транзытнай краіны.

Эўразьвяз выстаўляе беларускім уладам завышаныя патрабаваньні.
Месца, дзе разьмесьціцца расейская авіябаза ў Беларусі, пакуль ня вызначанае. Пра гэта ды іншае казаў сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі Аляксандар Сурыкаў сёньня пацьвердзіў: беларускія ўлады па-ранейшаму просяць у Расеі крэдыт на мадэрнізацыю прамысловасьці. Але, падкрэсьліў амбасадар, грошы калі і будуць давацца, дык выключна пад канкрэтныя супольныя праекты:

«Мы лічым, што павінны падтрымаць Беларусь у мадэрнізацыі тых праектаў, якія можам назваць як супольны бізнэс. А пазыцыю Беларусі „проста дайце нам грошы на мадэрнізацыю“ мы не падзяляем. Возьмем умоўна швейную беларускую фабрыку і мадэрнізуем яе. У выніку яна стане больш канкурэнтаздольнай, чым падобная фабрыка ў Расеі. Гэта хто і калі выдаваў грошы для вырошчваньня ўласных канкурэнтаў?!»

У якасьці прыярытэтных праектаў для Расеі амбасадар назваў менскія МАЗ, «Інтэграл», гарадзенскі «Азот»...

Пазыцыя амбасадара Сурыкава лягічная: Расея ня хоча даваць грошы на тое, ад чаго яна не атрымае прыбытку і зноў кіне грошы на вецер, — камэнтуе для «Свабоды» сытуацыю эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Калі Беларусь зьвярнулася да Расеі па пазыку ў памеры 2–3 мільярды даляраў, усе экспэрты разумелі, што гаворка насамрэч ідзе пра дэфіцыт плацёжнага балянсу. Аднойчы Беларусь ужо дамаўлялася з Кітаем, што возьме крэдыт на праекты на агульную суму ці не на 10 мільярдаў даляраў. І да гэтага часу мы так і не знайшлі такую колькасьць праектаў.

А з другога боку, гэтая просьба — яшчэ адна магчымасьць для Расеі націскаць на Беларусь, каб прасоўваць тыя праекты, у якіх яна зацікаўленая. Пра гэтыя праекты гаворка ідзе ўжо больш за год, але рэальна яны так і не прасоўваюцца наперад».

Аляксандар Сурыкаў таксама сказаў, што патрабаваньні да Беларусі з боку Эўразьвязу ў Расеі лічаць празьмернымі:

«Што такое патрабаваньне да сувэрэннай незалежнай краіны — выпусьціць палітвязьняў? У краіне паводле закону няма палітвязьняў. Гэта крымінальнае злачынства. Як выпусьціць? Якіх палітвязьняў? Дэ-факта прызнаць, што парушаныя Канстытуцыя і заканадаўства краіны? Так жа не бывае.

Патрабуем адмяніць сьмяротнае пакараньне. Як адмяніць, калі быў рэфэрэндум? Што, улада павінна зусім страціць свой твар? І як тады народ будзе яе ацэньваць? Таксама ж невядома».

«Старой песьняй, гэтым разам у выкананьні расейскага амбасадара», называе гэтыя выказваньні беларускі палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Гэта тыя ж самыя лёзунгі, якія ўзялі на ўзбраеньне крамлёўскія ідэолягі, каб абараніць сябе ад крытыкі з боку Захаду, з боку дэмакратычнай супольнасьці. Усе ведаюць пра наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў. Больш за тое, гэта дэ-факта нават прызнаецца прадстаўнікамі Лукашэнкі. Тыя людзі, якія сёньня за кратамі, былі асуджаныя па вельмі матываваных і вельмі несправядлівых абвінавачаньнях».

Улічваючы ўчорашні візыт у Беларусь галоўнакамандуючага Ваенна-Паветраных сілаў Расеі, амбасадара спыталі: ці вядома ўжо, дзе будзе разьмяшчацца расейская авіябаза? Дыплямат адказаў, што канкрэтна пакуль месца ня вызначана:

«Супольныя супрацьпаветраныя сілы, у якія ўваходзяць і беларускія ВПС, трэба ўзмацняць. Паводле Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, самалётны парк старэе, і яго трэба падтрымаць, забазаваўшы новыя самалёты. На закупы ў вайскоўцаў грошай не хапае, бо самалёты каштуюць цяпер неверагодныя грошы. І таму, напэўна, частка самалётаў будзе перабазаваная з Расейскай Фэдэрацыі на нейкі аэрадром у Беларусі. Які канкрэтна, мне цяжка сказаць. Я ведаю, што аэрадромаў тут пасьля ліквідацыі Беларускай вайсковай акругі — мама родная...».

«Выбар аэрадромаў у Беларусі сапраўды ёсьць», — кажа першы міністар абароны Рэспублікі Беларусь Павал Казлоўскі:

​«Проста тыя аэрадромы, якія не былі задзейнічаныя, — разрабаваныя. Скажам, Быхаўскі, там дальняя авіяцыя была. Там яго ніхто не ахоўваў, пліты развозілі і г.д. Ёсьць яшчэ аэрадромы ў Лідзе, Баранавічах, Росі... Аэрадромаў хапае. Але праблема ў іншым. Запчастак няма, камплектуючых няма, рэсурс увесь выбраны. Калі мы разьдзяліліся, то абслугоўваньне спынілася. І, мабыць, мы ўжо два рэсурсы выбралі. Я думаю, таму і нарадзілася такое рашэньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG