Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Янукевіч, Беленькі і Вячорка: Ці варта адзначаць 20-годзьдзе Партыі БНФ


7 чэрвеня ў Менску ладзіцца ўрачысты прыём у гонар 20-годзьдзя з дня стварэньня Партыі БНФ. Імпрэза ладзіцца ў офісе партыі. Якія падставы існуюць для гэтага юбілею?

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што адзначаць яго насамрэч варта.

«Найперш дзеля ўшанаваньня памяці ўсіх тых, хто быў у Партыі БНФ і сышоў з гэтага сьвету, дзеля даніны павагі тым, хто яе засноўваў і працаваў цягам гэтых 20-ці гадоў».

Карэспандэнт: «Ці варта выдзяляць гэтую дату, калі БНФ быў утвораны 25 гадоў таму?»

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Янукевіч: «Нельга забывацца на гэтую дату. Хоць, безумоўна, больш важнай датай будзе сьвяткаваньне 25-х угодкаў БНФ „Адраджэньне“, які быў заснаваны ўвосень 1988 году. І фактычна сёньняшняй імпрэзай мы распачынаем цэлы цыкль мерапрыемстваў, прысьвечаных менавіта 25-годзьдзю ўсяго БНФ. Але разам з тым мы лічым, што гэтая дата, 20 гадоў ад моманту рэгістрацыі Партыі БНФ, таксама важная. Бо палітычная дзейнасьць была і застаецца для БНФ адным з найважнейшых накірункаў дзейнасьці».

Спадар Янукевіч паведаміў, што на гэты юбілей не запрашалі прадстаўнікоў КХП БНФ.

«Мы гэтае сьвяткаваньне ладзім сваімі сіламі. Запрашаем тых, хто на сёньняшні момант гатовы падзяліць разам з намі гэтае сьвята. Калі яны будуць ладзіць такое сьвяткаваньне, то тут ня будзе ніякай канкурэнцыі і праблем. Калі нават тыя людзі, якія адышлі, перайшлі нават у іншыя партыі цягам мінулых гадоў, захочуць сьвяткаваць гэтую дату, яны маюць права гэта сьвяткаваць. І выдатна, калі яны будуць гэта сьвяткаваць».

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі заявіў карэспандэнту Свабоды, што «гэта проста пустая рэч, бо 20 гадоў таму не было падзеі, і як можна адзначаць тое, чаго не было?»:

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

«20 гадоў таму Вярхоўны Савет прыняў новае заканадаўства аб выбарах. Ім прадугледжвалася, што ў выбарах могуць удзельнічаць палітычныя партыі, а палітычныя рухі — не. Фактычна, мы тады гэта ацанілі так, што такое заканадаўства было прынятае супраць БНФ „Адраджэньне“, каб выключыць нас з выбарчага працэсу. Таму тады быў зроблены такі крок. Мы фармальна прынялі рашэньне пра стварэньне партыі БНФ, зарэгістравалі гэтую партыю. І тады Пазьняк для журналістаў і для ўсіх паведаміў, што гэта ня ёсьць стварэньне новай структуры. Гэта проста ёсьць юрыдычны парасон для БНФ „Адраджэньне“. І ў статуце партыі нават было запісана, што партыя карыстаецца праграмай Беларускага народнага фронту „Адраджэньне“. Таму сёньня казаць, што 20 гадоў таму стварылася нейкая новая палітычная структура, адзначаць гэта, — выглядае несур’ёзна. Гэта нейкая пустышка».

Паводле спадара Беленькага, варта адзначаць утварэньне БНФ «Адраджэньне».

«Гэта тая палітычная сіла, якая рэальна ўтварылася і якая прывяла краіну да незалежнасьці. І прыйдзе час, калі беларускі народ адпаведным чынам уганаруе і даты ўтварэньня Фронту, і асобаў, якія былі ў ім».

Вінцук Вячорка, лідэр БНФ у 1999–2007 гадах, фармальнае стварэньне ў 1993 годзе Партыі БНФ у рамках руху Беларускага Народнага Фронту ацаніў так:

«Беларускі Народны Фронт ствараўся так, як ягоныя адпаведнікі ў іншых падсавецкіх краінах, як грамадзка-палітычны рух. У ім быў каштоўнасны складнік, вельмі шырокі, які прадугледжваў барацьбу за незалежнасьць, нацыянальнае адраджэньне. Вельмі вялікая роля надавалася адраджэньню нацыянальнай культуры, мовы, ідэнтычнасьці, безь якіх немагчымая будучыня краіны, свабода, дэмакратыя і пераадоленьне савецкага таталітарнага ладу.

Калі ж у 1993 годзе былі праведзеныя праз тагачасны Вярхоўны Савет папраўкі ў заканадаўства, якія не пакідалі нішы для грамадзка-палітычнага руху, мы пайшлі на чыста фармальны крок. Гэта не зьвязана ні зь якімі грамадзкімі ўзрушэньнямі, падзеямі, гэта было чыста канцылярскае рашэньне. Я ня бачу ніякіх падставаў адзначаць гэтую дату як нешта важнае, урачыстае. Рэальна ўрачыстыя даты — гэта стварэньне БНФ у 1988 годзе, яго першы зьезд у 1989-м, гэта паваротныя, эпахальныя падзеі, такія самыя эпахальныя, як тое галоўнае, чаго дамогся БНФ у гісторыі — 25 жніўня 1991 году, калі была дасягнутая рэальная незалежнасьць нашай краіны».

Вінцук Вячорка перакананы, што выдзяляць гісторыю Партыі БНФ з гісторыі БНФ «Адраджэньне» ў цэлым няма патрэбы: «Жыцьцё паказала, што ўвесь гэты падзел быў дастаткова штучным. Іншая справа, што гісторыя йшла хадою, на жаль, ня самай спрыяльнай для Беларусі, для беларушчыны. Калі ж дадаць да гэтага яшчэ і пэўныя хібы, якія ўсе мы разам у Фронце дапускалі, можа, нешта недабачвалі, ня ўлічвалі ў зьменлівай сытуацыі, то ўплыў фронту і ягоная шырыня як нацыянальнага дэмакратычнага руху звужаліся. Але гэта ўжо іншая гісторыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG