Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка ЗША атрымлівае інфармацыю ад інтэрнэт-кампаній


Джэймс Клэпэр

Джэймс Клэпэр

Кіраўнік нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпэр прызнаў, што ўлады краіны атрымліваюць зьвесткі пра карыстальнікаў інтэрнэт-кампаній.

Клэпэр дадаў, аднак, што такі збор інфармацыі тычыцца толькі карыстальнікаў, якія не зьяўляюцца амэрыканцамі.

Клэпэр такім чынам пракамэнтаваў артыкул у газэце Washington Post, у якім паведамляецца, што амэрыканскія спэцслужбы маюць наўпроставы доступ да сэрвэраў дзевяці найбуйнейшых інтэрнэт-кампаній, у тым ліку Apple, Facebook, Google і Microsoft.

Паводле Washington Post, сакрэтная праграма сачэньня за карыстальнікамі інтэрнэту носіць назву PRISM.

Раней брытанская газэта Guardian паведаміла, што выведка ЗША можа таксама адсочваць тэлефанічныя размовы кліентаў найбуйнейшага амэрыканскага апэратара сувязі Verizon.

Джэймс Клэпэр асудзіў зьяўленьне публікацый у Washington Post і Guardian, кажучы, што яны ўтрымліваюць «недакладнасьці» і што гэткія артыкулы могуць нанесьці шкоду дзейнасьці спэцслужбаў і нацыянальнай бясьпецы.

Праграма PRISM, паводле некаторых паведамленьняў, была задзейнічаная ў 2007 годзе.

Буйныя інтэрнэт-кампаніі запярэчылі, што далі наўпроставы доступ да сваіх сэрвэраў амэрыканскім спэцслужбам.

«Мы ніколі ня чулі аб праграме PRISM», — заявіў прадстаўнік Apple Стыў Даўлінг.

Yahoo і Facebook і Google таксама заявілі, што не давалі выведнікам доступу да сваіх сэрвэраў.

Microsoft заявіў, што можа раскрыць зьвесткі пра карыстальнікаў толькі на законных падставах, пасьля таго, як улады прадставяць адпаведную юрыдычную пастанову.
XS
SM
MD
LG