Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бліжэйшым часе на рынак патрапяць новыя лекі супраць раку, дзеяньне якіх заснаванае на ўмацаваньні імуннай сыстэмы арганізму. Пра гэта піша New York Times.

Сутнасьць дзеяньня новых лекаў — ва ўмацаваньні імуннай сыстэмы пацыента, каб яна зьнішчала ракавыя клеткі гэтак сама, як зьнішчае бактэрый. Мяркуецца, што гэта стане альтэрнатывай хіміятэрапіі, якая дзейнічае несэлектыўна, зьнішчаючы і хворыя і здаровыя клеткі арганізму.

Вынікі дасьледаваньняў у гэтай справе былі абвешчаныя на нядаўнім паседжаньні Амэрыканскага таварыства клінічнай анкалёгіі.

Ідэя выкарыстаць для барацьбы з ракам рэсурсы самога арганізму вядомая даўно, не бракавала і спробаў увасобіць гэтую ідэю ў лек. Як кажуць адмыслоўцы, апошнія 5 гадоў на мэдычных канфэрэнцыях па барацьбе з ракам тэма імунатэрапіі была адной з галоўных. Але прарыў атрымаўся толькі цяпер.

«Здаецца, гэта слушная ідэя — лепш стымуляваць абарончыя рэсурсы нашага арганізму, чым прымаць нейкую атруту», — кажа Тэрэза Боклэдж, хворая на рак спэцыялістка ў галіне паталёгіі з Альбукерке.

Хаця, адзначае New York Times, магчыма, энтузіязм і заўчасны. Ня выключана, што новы лек зможа толькі працягнуць жыцьцё пацыента, але ня вылечыць хваробу. Гісторыя барацьбы з гэтай хваробай ведае шмат выпадкаў, калі нейкі сродак, які здаваўся панацэяй, потым спараджаў расчараваньне.

Клінічныя выпрабаваньні новага прэпарату паказалі, што ён скарачае пухліны прыкладна ў паловы пацыентаў.

Да таго ж штучнае ўмацаваньне імуннай сыстэмы — не такая ўжо бясьпечная рэч: ваўчанку, расьсеяны склероз і некаторыя іншыя захворваньні выклікае менавіта анамальна моцны імунітэт.

Калі імунная сыстэма можа перамагчы рак, дык чаму яна ня можа зрабіць гэта сама? Прычыны дзьве. Калі клеткі арганізму ператвараюцца ў ракавыя, імунная сыстэма не распазнае іх як чужародныя. Другі момант — пухліна падаўляе імунную сыстэму.

Усе папярэднія спробы імунатэрапіі раку палягалі ў тым, каб, фігуральна кажучы, навучыць імунную сыстэму арганізму распазнаваць ракавыя клеткі і атакаваць іх. Новы прэпарат вырашае іншую праблему — умацаваньне імуннай сыстэмы.

Мяркуецца, што прэпарат будзе эфэктыўным супраць прынамсі некаторых відаў раку, такіх як, мэлянома, рак лёгкіх і коларэктальны рак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG