Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Джо Кокер будзе спансіраваць падрыхтоўку Ален Ланскіх


Каб прывезьці у Беларусь замежную зорку, трэба сплаціць пошліну ў спецыяльны фонд Прэзыдэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — такую норму ўтрымлівае прэзыдэнцкі указ № 257 ад 5 чэрвеня.

Сярод іншага дакумант абавязвае арганізатараў канцэртаў атрымліваць дазвол на іх правядзеньне ў аддзелах ідэалёгіі аблвыканкамаў. Пры гэтым на мерапрыемства з удзелам беларускага выканаўцы дазвол будзе выдавацца бясплатна. А за тое, каб прывезьці замежнага сьпевака ці гурт, давядзецца заплаціць пошліну. Яшчэ пяць гадоў таму пошліна магла сягаць 300 базавых велічыняў.

Сам тэкст ўказа яшчэ ня бачылі ані арганізатары канцэртаў, ані ідэолягі. Інфармацыя, якая так ўзрушыла грамадзкасьць, гэта толькі камэнтар, а сам указ яшчэ не апублікаваны. Таму большасьць мэнэджэраў камэнтаваць пакуль адмаўляюцца — маўляў, няма чаго.

Кіраўнік ўпраўленьня ідэалёгіі Менгарвыканкама Сяргей Хільман указ таксама ня бачыў. Ня ведае ён і таго, што менавіта яму давядзецца выдаваць так званыя «гастролькі». А калі мы паспрабавалі згадаць мінулыя часы, калі падобны ўказ дзейнічаў, высьветлілася, што раней Сяргей Хільман «працаваў абсалютна ў іншай сфэры» — па адукацыі ён інжынэр. За што яму " такі гонар" — выдаваць гастрольныя пасьведчаньні, — галоўны менскі ідэоляг ня ведае.

Сапраўды падобны ўказ быў прыняты прэзыдэнтам у 2008 годзе. Праз два гады, у 2010, той жа прэзыдэнт яго і адмяніў «у мэтах далейшай лібералізацыі эканамічнай дзейнасьці». Сайт прэзыдэнта паведамляў, што рашэньне было прынятае па «шматлікіх просьбах арганізатараў канцэртаў і артыстаў», а зь яго адменай «усе перашкоды на шляху разьвіцьця сучаснага, цывілізаванага шоў-бізнэса ў краіне зьнятыя».

Замест прэзыдэнцкага ўказа пачаў дзейнічаць негалосны «чорны сьпіс забароненых музыкаў»:

Пра ягоную адмену загаварылі літаральна пару тыдняў таму, калі на пачатку траўня ў Менску прайшлі канцэрты «забароненых» «Крамы» і «Нейра-Дзюбеля».

І хаця яшчэ тры гады таму прэс-служба прэзыдэнта прызнавала, што такі «парадак стварае залішнюю папяровую валакіту і дадатковыя фінансавыя расходы. У выніку пакутуюць і артысты і гледачы», тым не меней загадакавы ўказ ізноў дзейнічае.

Дырэктар клюба Re:Public Андрэй Старцаў кажа, што новы ўказ нічога ў іхнай дзейнасьці ня зьменіць:

«Я памятаю тыя часы, калі мы атрымлівалі гэтыя гастрольныя пасьведчаньні. Але першае ўражаньне: ніяк не паўплывае. Мы ўжо працавалі ў такіх умовах. Асаблівых праблемаў не было». Старцаў кажа, што атрыманьне пасьведчаньня займала 15 хвілінаў часу.

Падобнага ж меркаваньня прытрымліваецца і кіраўнік праекту experty.by Дзьмітры Бескаравайны: «Гэта такая дадатковая бюракратычныя працэдура.
Нічога новага ў тым, што дазвол будзе даваць аддзел па ідэалёгіі, няма. Канцэрты заўжды былі пад кантролем
Бо ідэалягічны кантроль заўсёды быў і будзе. Нічога новага ў тым, што дазвол будзе даваць аддзел па ідэалёгіі, няма. Канцэрты заўжды былі пад кантролем».

У тым жа паведамленьні ёсьць інфармацыя, што пошліна за правядзеньне канцэрта сягала да 300 базавых велічыняў. Колькі цяпер грошай адыдзе ў прэзыдэнцкі фонд па падтрымцы таленавітай моладзі, даведацца не ўдалося.

Прадусар Віталь Супрановіч: «Добра, што грошы пойдуць на падтрымку таленавітай моладзі. Але наўрад ці грошы дойдуць да сапраўды таленавітых людзей. Фонд існуе даўно, але калі паглядзець, каго ён падтрымліваў, то наўрад ці гэтыя гурты, музыкі нечага дабіліся і прынесьлі нейкую карысьць Беларусі».

Не вядома таксама, што будзе з тымі канцэртамі, якія ўжо заплянаваныя. Напрыклад, канцэрт Джо Кокера адбудзецца ў Менску 3 верасьня. Ці абавяжа гарвыканкам арганізатараў падзяліцца прыбыткам ад яго зь прэзыдэнцкім фондам, пакуль няясна.

Прэзыдэнцкі фонд па падтрымцы таленавітай моладзі быў створаны адмысловым указам яшчэ ў 1996 годзе. Адным з яго стыпендыятаў была і ўдзельніца Эўрабачаньня-2013 Алена Ланская.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG