Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрася Бушлякова пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам


У Менску адбылося разьвітаньне з журналістам Свабоды, вядомым мовазнаўцам Юрасём Бушляковым. У апошні шлях яго праводзілі пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Разьвітацца зь Юрасём Бушляковым прыйшлі ягоныя родныя, бліжэйшыя сябры і паплечнікі — а гэта вядомыя ў краіне літаратары, навукоўцы, журналісты, выкладчыкі і студэнты. Дзесяткі людзей несьлі да труны белыя і чырвоныя кветкі, запальвалі сьвечкі і казалі словы памяці.

Труна з целам Юрася Бушлякова была пакрыта вялікім бел-чырвона-белым сьцягам. Цырымонія разьвітаньня распачалася малітвай, якую адправіў сьвятар грэка-каталіцкай царквы, айцец Андрэй Абламейка. Слова браў геральдыст Уладзімер Крукоўскі, мовазнаўца, выкладчык і грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч, журналіст Віталь Цыгануоў. Галоўная думка кожнай прамовы — адыход Юрася Бушлякова — страта для ўсяго беларускага. Рэдактар часопісу «ARCHE» Валерка Булгакаў — сябра Юрася Бушлякова з часоў студэнцтва — у разьвітальным слове сказаў:

«Для мяне Юрась Бушлякоў быў прыкладам хрысьціяніна. Для яго служэньне беларушчыне не было каньюнктурным, ён быў беларускамоўным наскрозь: ён быў беларускамоўным у крамах, ён быў беларускамоўным у таксоўках і цягніках, ён быў беларускамоўным, калі хадзіў на цяжкія візыты ў онкадыспансэр. Быць сьвядомым і актыўным беларусам у беларускім грамадзтве надзвычай цяжка перадусім з прычыны псыхалягічных выдаткаў. Юрась прайшоў свой крыжовы шлях ад пачатку да канца. І магчыма, што акурат наша чэрствасьць, наша неўспрымальнасьць, наша пагарда да беларускай мовы і культуры і спрычынілі ягоны такі хуткі і заўчасны канец».

Дасканалая адукацыя і бліскучае веданьне мовы дазвалялі Юрасю Бушлякову быць ня толькі лідэрам новай плыні беларускага мовазнаўства, але і высокапрафэсійным выкладчыкам, таленавітым журналістам. Апошнія гады Юрась Бушлякоў працаваў у рэдакцыі Радыё Свабода. Дырэктар Радыё Свабода Аляксандр Лукашук на разьвітаньне з сябрам і паплечнікам сказаў:

«Самая вялікая страта — гэта страта — для бацькоў сына, для сына бацькі, для каханай жанчыны каханага чалавека. Але гэтую вялікую страту родных і блізкіх Юрася, як сваю асабістую, таксама сёньня перажываюць тыя, хто зь Юрасём быў знаёмы, ведаў і працаваў разам — на Радыё Свабода ў Празе, і ў Менску. Гэта пісьменьнікі, журналісты, мовазнаўцы, выкладчыкі і студэнты. Але ня толькі: у гэтыя дні становіцца зразумела, што страта Юрася — гэта агульнанацыянальная страта. Бо словы болю і спачуваньня прыходзяць ад людзей, якія ніколі зь ім не сустракаліся, ня бачылі яго, ня ведалі. Гэтыя словы ідуць з усёй Беларусі і з замежжа. Гэта агульнанацыянальная страта, бо справа, якою ён займаўся — любіць, берагчы, мацаваць родную мову — гэта падставовая справа беларускай культуры, беларускай незалежнасьці, беларускай прышласьці. Праводзім Юрася, але не разьвітваемся зь ім: праз сорак дзён, калі яго душа адправіцца ў вырай, яна, канечне ж, сустрэнецца там з душамі Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка і зможа сказаць ім: я не самотная, я кніжку маю — з друкарні Радыё Свабода, яна называецца „Жывая мова“. І яны скажуць: сапраўды жывая, жыве і будзе жыць. Дзякуй табе, Юрась».

Пахавалі Юрася Бушлякова на Паўночных могілках Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG