Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.



ГУЧАНЬНЕ СЛОВА

Кра[йі]на, [йі]сны, [Йі]ўе, перад [йі]мі

Літара і вельмі часта абазначае на пісьме не адзін, а два гукі: [і] плюс [й] (ёт). Рэч у тым, што для нашай мовы зьбег галосных у межах адной марфэмы — адной структурнай часткі слова — не характэрны. Такі зьбег (іначай — зеўраньне) галосных, як правіла, разьбіваецца ётам.

У сярэдзіне слова [й] разьвіваецца пасьля ўсякага галоснага перад [і]: кра[йі]іна (перад [і] тут абавязкова [й] — не кра[і]на вымаўляем, а кра[йі]на), га[йі], ру[йі]на, хаке[йі]ст, тва[йі]х, за[йі]нець і г.д.

Узьнікае ёт таксама на пачатку слова перад націскным — акцэнтую на гэтым увагу — [і]: [йі]ней, [йі]ншы, [йі]рад, [йі]сны, [йі]ўе (Іўе), [йі]ндыя (Індыя). У такіх выпадках заўсёды памятайма, што вымаўляем ня так, як напісана: канечне трэба прыкрываць ётам націскны [і].

Ведаючы пра ёт на пачатку слова, мы не памылімся пры вымаўленьні гукаў на слоўным стыку. Ёт зьмякчае папярэдні зычны — значыць, па-беларуску скажам: [з’йі]мі (зь імі), [з’йі]раю (зь Іраю), [з’йі]ншымі (зь іншымі). Але ў тым разе, калі пачатковы [і] не знаходзіцца пад націскам, ётацыі ня будзе. Гаворым: [і]голка, [і]ван, сустрэліся [зы]ванам, вярнуліся [зы]нстытуту, сядзелі [зы]нструкцыяй.



НАЦІСКІ

Абвясьціць, завяршыць

Вынікі выбараў абвясьцíлі ці абвéсьцілі — якая зь дзьвюх ужываных у сёньняшнім маўленьні формаў нарматыўная? Вядома ж, першая.

Абвясьцíлі — форма прошлага часу ад дзеяслова абвясьцíць. Я абвяшчý, ён абвясьцíў, яна абвясьцíла, мы ці яны абвясьцíлі — у названых формах нарматыўны націск на трэцім складзе, таксама як і ў пачатковай форме — інфінітыве. У будучым часе, з выняткам формы першай асобы адзіночнага ліку, націск пераходзіць на другі склад: ты абвéсьціш, ён або яна абвéсьціць, мы абвéсьцім, вы абвéсьціце, а яны абвéсьцяць.

Так сама паводзіць сябе націск і ў такіх, напрыклад, дзеясловах, як апрануць, вярнуць, дасягнуць, завяршыць. Мы завяршы́лі, а ён пазьней завéршыць, я вярнý сёньня, а яны вéрнуць заўтра, мы дасягнýлі, а ён ці дася́гне, я апранý, а ты не апрáнеш. Праілюстраваныя і шматлікія аналягічныя ім дзеясловы маюць рухомы націск.

Ненарматыўныя формы тыпу абвéсьціў, завéршылі — ня што іншае, як вынік перанясеньня на ўсе іншыя формы (у тым ліку на інфінітыў) націску формаў будучага часу. Пры такім перанясеньні парушаецца традыцыйнае формаўжываньне дзеясловаў. Не замахваючыся на яго, скажам па-беларуску: суд завяршы́ў разгляд справы, асуджаны палітык абвясьцíў галадоўку, акруговыя камісіі завéршаць рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты, Цэнтравыбаркам абвéсьціць вынікі рэгістрацыі.



ВЫБАР СЛОВА

Шкляначкі ці кубачкі?

У сучаснага празаіка прачытаў пра поліэтыленавую шклянку, а ў газэце — пра папяровыя шкляначкі. Цяжка прыняць такое называньне. Шклянка завецца шклянкаю, бо яна шкляная. Калі ж пасудзіна цыліндрычнае формы не шкляная, а вырабленая зь якога іншага матэрыялу, то называць яе трэба іначай. І тое, што расійскі стакан прыдатны на ўсё, ня значыць, што на ўсе выпадкі прыдатная нашая шклянка.

Пасудзіну, зь якой п’юць, па-беларуску рэгулярна называюць кубкам, кубачкам. Прычым кубак можа быць як з ручкаю, так і безь яе, а вырабляюць кубкі, як вядома, з самага рознага матэрыялу. Кубак — слова сэнсава шырокае, таму яно абсалютна дарэчы для называньня аднаразовага посуду. Вось жа, кубак, кубачак можа быць ня толькі фарфоравы, скажам, ці гліняны, можа быць таксама поліэтыленавы, папяровы. Добрую ілюстрацыю я выпісаў з прозы Ўладзімера Арлова: «У кавярні мы найчасьцей замаўлялі арэхавы лікёр, што, як і ўсё астатняе, там налівалі ў блакітныя плястыкавыя кубачкі — дакладна з такіх частавалі мінэралкаю й ліманадам стуардэсы ўнутраных авіялініяў».

То ж запомнім: шклянкаю называем па-беларуску толькі шкляную пасудзіну, аднаразовы папяровы, плястыкавы посуд — гэта кубкі, кубачкі.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG