Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чэскія кампаньёны Сашы Варламава не пацьвярджаюць яго паказаньняў


Саша Варламаў

Саша Варламаў

Сёньня Ў Ленінскім судзе пасьля перапынку аднавіўся працэс над мадэльерам Сашам Варламавым.

Былі агалошаныя дакумэнты, якія суд атрымаў з падатковай інспэкцыі. Паводле гэтых дакумэнтаў, амаль на тры мільёны рублёў зьменшыліся грашовыя прэтэнзіі, якія падатковая інспэкцыя выстаўляе Сашы Варламаву ў сувязі з тым, што ён нібыта не сплаціў падаткі з грошай, якія былі атрыманыя за навучаньне ў ягоным агенцтве.

Таксама суд разгледзеў больш за 100 старонак дакумэнтаў, накіраваных Чэхіяй у Беларусь. На просьбу пракуратуры Беларусі праваахоўнікі Чэхіі апыталі былых кампаньёнаў Сашы Варламава ў гэтай краіне, якія кантактавалі зь ім падчас паездак на фэстывалі моды і для паказу беларускіх мадэляў у Чэхіі. Ня ўсе сьведкі, якіх апыталі чэскія праваахоўнікі, пацьвердзілі тое, што Саша Варламаў казаў на сьледзтве і ў судзе. Дырэктар начнога клюбу «Hunny Bunny» Яраслаў Крытцэр паказаў, што ён ня браў аніякай аплаты за арэнду памяшканьня для паказу моды. Між тым, паводле Аляксандра Варламава, ён у 2007 годзе набываў квіткі, у якія ўваходзіла аплата за памяшканьне і іншыя паслугі начнога клюбу.

Таксама стала вядома, што разыходзяцца паказаньні паміж матэрыяламі сьледзтва і тым, што прадставілі чэхі адносна знаходжаньня Аляксандра Варламава ў чэскім горадзе Брно ў 2010 годзе. Паводле Аляксандра Варламава, ён там ня быў, а сеў на самалёт, які ляцеў зь Менска ў Вену. Між тым, паводле сьведак з чэскага боку, ён аплаціў гатэль у Брно і там жыў.

Таксама суд асьвятляў іншыя супярэчнасьці, якія выявіліся падчас параўнаньня паказаньняў Аляксандра Варламава з тым, што сьцьвярджаюць чэскія сьведкі.

Пасьля гэтага быў абвешчаны перапынак да 20 чэрвеня. Ён неабходны пракуратуры для падрыхтоўкі матэрыялаў, якія паступілі зь Нямеччыны. Гэтаксама на замову беларускай пракуратуры нямецкія праваахоўнікі апыталі шэраг сьведак, якія сьведчылі па эпізодах, зьвязаных з паездкай Сашы Варламава ў гэтую краіну. Гэтыя дакумэнты зараз перакладаюцца, і 20 чэрвеня будуць дасьледаваныя.

Паводле судзьдзі, пасьля вывучэньня гэтых дакумэнтаў судовае расьсьледаваньне будзе завершанае, і пачнуцца судовыя спрэчкі.
XS
SM
MD
LG