Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мытным зьвязе Расея перацягвае беларускія грошы


Жодзінскі БелАЗ — адзін зь нямногіх спажыўцоў прадукцыі Bosch у Беларусі
Жодзінскі БелАЗ — адзін зь нямногіх спажыўцоў прадукцыі Bosch у Беларусі
Згодна з урадавымі прагнозамі, у 2013 годзе наўпроставыя замежныя інвэстыцыі ў эканоміку Беларусі павінны скласьці 4,5 мільярда даляраў. Летась пляны былі ў 4 разы сьціплейшыя, і тое ў выніку ўдалося прыцягнуць усяго 800 мільёнаў даляраў. Чаму замежныя кампаніі не імкнуцца ўкладаць у Беларусь? І чаму пры гэтым ствараюцца вытворчыя пляцоўкі ўсясьветна вядомых брэндаў у суседніх краінах?

Чаму сяброўства ў Мытным зьвязе не спрычынілася да падвышэньня інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі?

Частковы адказ на гэтае пытаньне прагучаў падчас штогадовай канфэрэнцыі, якую ладзілі ў Маскве прадстаўнікі нямецкага канцэрну Bosch. Як расказаў рэгіянальны дырэктар па продажах аўтамабільных камплектуючых кампаніі Вальтэр Шопф, сёлета ў Самары закладаецца другая чарга заводу аўтакампанэнтаў; яшчэ адно прадпрыемства, якое мае вырабляць прамысловыя і бытавыя катлы, запрацуе ў Энгельсе. На пытаньне, ці абмяркоўваецца арганізацыя падобнай вытворчасьці ў Беларусі, спадар Шопф адказаў:

Вальтэр Шопф
Вальтэр Шопф
«Мы ўжо даўно абмяркоўвалі магчымасьць будаўніцтва нашай вытворчай пляцоўкі ў Беларусі. Аднак перш за ўсё трэба глядзець на аб’ёмы рынку. Беларусь, вядома, таксама значны рынак у рэгіёне, але, скажам так, Расея ўсё ж крышачку большая (сьмяецца). У Беларусі ў нас вельмі добры кліент — Менскі маторны завод. Але гэта адзіны такога кшталту кліент, які, да таго ж, спажывае ў асноўным кампанэнты для дызэльных рухавікоў.

Калі зірнуць, што мы можам вырабляць для нашых кліентаў на Самарскім і Энгельскім вытворчых кластэрах, то вы ўбачыце ўсю гаму аўтакампанэнтаў. І гэта сьведчыць на карысьць таго, што вытворчасьць мэтазгодна разьмяшчаць у Расеі. Але калі мы кажам, што другая чарга нашых вытворчых пляцовак пабудаваная ў Самары, то мы ня маем на ўвазе, што гэта было рашэньне супраць Рэспублікі Беларусь. Таксама гэта было ня супраць Украіны, ня супраць Казахстану. Гэта было рашэньне за Самару. Бо Самара сапраўды дае нам адпаведныя ўмовы».
Сёлета спаўняецца 20 гадоў ад пачатку першых перамоваў Беларусі аб уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Прывабнасьць расейскаму рынку надало ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, у выніку чаго істотна зьніжаныя акцызныя і мытныя нагрузкі на імпарт тавараў і паслугаў. У той жа час Беларусь застаецца абсалютным рэкардсмэнам што да спробаў трапіць у самы прэстыжны гандлёвы клюб — сёлета спаўняецца 20 гадоў ад пачатку першых перамоваў.

Не спрыяюць дзелавой прывабнасьці і бюракратычныя перашкоды плянавай эканомікі, якія паўстаюць на шляху патэнцыйных інвэстараў. Калі тая ж Расея зацікавіла замежных партнэраў да такой ступені, што абарот Bosch за 2012 год склаў 1 мільярд эўра, то актыўнасьць нямецкай кампаніі ў Беларусі ледзь перавысіла 50 мільёнаў эўра. І гэта пры тым, што ў пасьлякрызісны 2011-ы прырост склаў 38%, да таго было суцэльнае падзеньне.

Неразваротлівасьць дзяржаўнай сыстэмы спыняе пэрспэктыўныя праекты, ад якіх сама дзяржава магла б мець істотны прыбытак. Пра гэта расказвае кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Bosch Уладзімер Рыбалоўлеў:

Уладзімер Рыбалоўлеў
Уладзімер Рыбалоўлеў
«Наша абсталяваньне гарантуе да 94% КПД. У той жа час нават афіцыйныя крыніцы падаюць, што да 90% кацельняў па ўсёй Беларусі патрабуюць рэканструкцыі і рамонту. Што з гэтага вынікае? Што на старых кацельнях мы проста разбазарваем недапушчальны ўзровень КПД, тады як наша сыстэма катлоў дазваляе выйсьці на прынцыпова новы ўзровень.

Мы мелі сустрэчы ў Міністэрстве камунальнай гаспадаркі, прапаноўвалі варыянты пакватэрнага ацяпленьня. Разумееце, калі стаіць кацельня і вы ня бачыце, як гарыць газ, вам да гэтага ніякай справы. Калі гарыць газ у вашай кватэры, вы заўсёды зможаце яго рэгуляваць і вырашаць: трэба да такой ступені награваць памяшканьне ці не? Зноў жа — агульнае энэргазьберажэньне. На жаль, у беларускіх будаўнічых нормах і правілах газавае ацяпленьне прадугледжанае да 5 паверха, бо газавыя катлы некалі зьявіліся ў 5-павярховых цагляных дамах, пад якія і пісаліся нормы. Цяпер усё трэба пераглядаць. Таму мы выйшлі з адпаведнай прапановай у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, што ўсё ж трэба пераходзіць на энэргазьберагальнае абсталяваньне».

Нягледзячы на рэпутацыю Беларусі як краіны зь непрадказальным бізнэс-кліматам, нямецкія бізнэсоўцы ня кідаюць распачатыя праекты. Ідуць пастаўкі гідраўлічнага абсталяваньня на жодзінскі БелАЗ і МТЗ, а таксама кампанэнтаў для дызэльных рухавікоў на Менскі маторны завод, вядзецца адаптацыя рухавікоў новага пакаленьня стандартаў «Эўра-4» і «Эўра-5» на МАЗе. Летась адкрыты першы ў Менску вучэбны цэнтар для спэцыялістаў станцый тэхнічнага абслугоўваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG