Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карэспандэнт Свабоды перадае з плошчы Таксім


У Турэччыне працягваюцца пратэсты супраць ураду Рэджэпа Эрдагана. Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі ўраду і пакараньня асобаў, вінаватых у жорсткіх рэпрэсіях супраць маніфэстантаў.

У Турэччыне знаходзіцца карэспандэнт Радыё Свабода/Свабодная Эўропа Глэн Кэйтс.

Я стаю на плошчы Таксім. Цяпер тут ёсьць людзі, але няшмат. Звычайна людзі выходзяць на дэманстрацыі пасьля працы. Так што больш людзей зьяўляецца ўвечары. Я быў уначы, і тады маніфэстантаў было вельмі шмат.

Зьявіліся паведамленьні пра контардэманстрацыі, пра дэманстрацыі прыхільнікаў прэм’ера Эрдагана. Наколькі яны шматлюдныя, ці не адбываюцца сутыкненьні паміж імі і праціўнікамі ўраду?

Так, такія дэманстрацыі ёсьць. Некалькі дзён таму прэм’ер заявіў, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгаў пратэсту: калі вы зьбярэце 100 тысяч людзей, я зьбяру мільён.

А калі б сёньня ў Турэччыне адбыліся выбары, Эрдаган перамог бы на іх?

Мяркую, што так. Эрдаган — самы папулярны палітык у краіне. Нават самі пратэстоўцы прызнаюць гэта. Яны гэта не аспрэчваюць, але патрабуюць, каб ён улічваў іх правы і патрабаваньні, бо яны складаюць значную частку краіны.

Ці ёсьць у пратэстаў выразныя лідэры, ці ёсьць у стамбульскай плошчы Таксім твар?

Не, няма. Многія пратэстоўцы кажуць, што яны не падтрымліваюць нейкую пэўную партыю, што іх матыў — пратэст супраць ураду. Але існуе камітэт, які прадстаўляе пратэстоўцаў, учора яны вялі перамовы з віцэ-прэм’ерам Бюлетам Арынжам. Але свайго Навальнага ў турэцкіх пратэстоўцаў няма.

Віцэ-прэм’ер Бюлет Арынж учора прызнаў, што абаронцы парку ў цэнтры Стамбулу маюць пэўную рацыю. Менавіта пратэсты супраць забудовы парку сталі дэтанатарам пратэстаў. Аднак урад адхіляе больш шырокія палітычныя патрабаваньні, якія вылучаюць удзельнікі акцый пратэсту.

Учора да гэтых акцый далучыліся некаторыя прадстаўнікі прафсаюзаў, якія лічаць, што ўрад ігнаруе іх правы. Аднак хіба не галоўны папрок пратэстоўцаў на адрас ураду скіраваны супраць палітыкі паўзучай ісламізацыі грамадзкага жыцьця краіны. У прыватнасьці, размова ідзе пра абмежаваньні на продаж алькаголю і дазвол на нашэньне традыцыйных мусульманскіх жаночых хустак на працы.

Прэм’ер Эрдаган па-ранейшаму займае жорсткую пазыцыю адносна маніфэстацый пратэсту, называючы іх удзельнікаў экстрэмістамі. Сёньня ён вяртаецца ў краіну пасьля афіцыйнага візыту ў Марока.
XS
SM
MD
LG