Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ страчвае мільярды эўра з-за беларускай кантрабанды


Краіны Эўрапейскага Зьвязу штогод недаатрымліваюць падаткі на 10 млрд эўра з-за кантрабанды цыгарэт, у тым ліку зь Беларусі, Украіны і Расеі, паведамляе Deutsche Welle.

Нелегальны гандаль цыгарэтамі абяцае неверагодныя прыбыткі. У Беларусі 100 тыс. пачкаў цыгарэт каштуюць каля 30 тыс. эўра, у Польшчы іх цана ўзрастае да 100 тыс. эўра, а ў Нямеччыне — да 250 тыс. эўра. У Вялікабрытаніі ці скандынаўскіх краінах, дзе цыгарэты каштуюць яшчэ даражэй, такую партыю можна прадаць за паўмільёна эўра.

Тытунёвыя канцэрны апынуліся ў сумнеўнай сытуацыі. З аднаго боку, кантрабанда зьніжае аб’ёмы афіцыйных продажаў у ЭЗ. Зь іншага боку, прыкладна 80% кошту пачка цыгарэт складаюць падаткі. Гэта значыць вытворцы зарабляюць і на кантрабандных цыгарэтах, калі яны фірмовыя.

ЭЗ ужо даўно спрабуе ціснуць на найбуйнейшыя тытунёвыя кампаніі. З чатырма вядучымі вытворцамі, якія кантралююць каля 80% рынку, удалося заключыць дамовы — у выніку вытворцы цяпер паказваюць, колькі цыгарэт і куды яны пастаўляюць.

Аднак і гэтыя пагадненьні лёгка абыйсьці, паколькі большасьць кампаніяў мае філіялы ў краінах Усходняй Эўропы і Азіі. А там пракантраляваць колькасьць вырабленых цыгарэт досыць цяжка.

Акрамя таго, кансультант Эўрапейскага ведамства па барацьбе зь фінансавымі махінацыямі (OLAF) Остын Роўэн адзначае, што шматлікія вытворцы за межамі ЭЗ дагэтуль пастаўляюць гіганцкія партыі цыгарэт у невялікія краіны. Ясна, што спажыўцам у гэтых дзяржавах ня выкурыць нават дзясятай часткі паставак. Так што тытунёвыя канцэрны пэўна ведаюць, што іхні тавар будзе нелегальна перапраўлены на чорны рынак ЭЗ.

Акрамя таго, існуе вытворчасьць цыгарэт спэцыяльна для кантрабанды — напрыклад, маркі Jin-Ling з расейскага Калінінграду.

Цяпер Эўразьвяз спрабуе прымусіць такія краіны, як Расея, зрабіць больш жорсткім кантроль за вытворчасьцю тытунёвых вырабаў. Таксама вырашана ўзмацніць кантроль у партах з правам бяспошліннага ўвозу і вывазу тавараў і ў зонах свабоднага гандлю ў самім ЭЗ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG