Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гэта за Адзіная эканамічная прастора, дзе няма нават зоны вольнага гандлю. І які сэнс фармаваць новае аб’яданьне (Эўразійскі эканамічны зьвяз), калі не працуе тое, што ўжо створана?

Пасяджэньне Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў сталіцы Казахстану Астане, форум дзелавых людзей Адзінай эканамічнай прасторы ў Менску мінулым тыднем актуалізавалі тэму эўразійскага праекту, у які Ўладзімер Пуцін настойліва імкнецца ўцягнуць постсавецкія краіны.

Для тых, хто заблытаўся ў інтэграцыйных аб’яднаньнях, нагадаю, што Мытны зьвяз у фармаце «тройкі» (Беларусь, Расея, Казахстан) існуе з 2010 году, Адзіная эканамічная прастора (АЭП) — з 2012 году. Эўразійскі эканамічны зьвяз плянуецца стварыць да 1 студзеня 2015 г.

Калі глядзіш на афіцыёзны цырыманіял, слухаеш афіцыйныя заявы кіраўнікоў дзяржаў, здаецца, што інтэграцыя разьвіваецца ўдарнымі тэмпамі.Вось, нібыта, Украіна і Кіргізстан просяцца ў гэты зьвяз. У канцы траўня ў Беларусі пабывалі дэлегацыі Віетнаму і Індыі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на перамовах гаворка ішла аб плянах стварэньня зоны свабоднага гандлю паміж Мытным зьвязам і гэтымі дзяржавамі.

"Афіцыёзныя прапагандысты патрацілі багата словаў, каб давесьці выдатныя магчымасьці і пэрспэктывы рэалізацыі эўразійскага праекту"


Аднак калі прааналізаваць, як насамрэч ідзе працэс інтэграцыі, то малюнак выяўляецца зусім іншы. Па-першае, афіцыёзныя прапагандысты патрацілі багата словаў, каб давесьці выдатныя магчымасьці і пэрспэктывы рэалізацыі эўразійскага праекту. Маўляў, адчыняецца вялізны рынак, што павінна паспрыяць росту ўзаемнага гандлю, эканамічнага разьвіцьця і інш.

Аднак вось што высьвятляецца. За першы квартал 2013 году ўзаемны таваразварот краін АЭП зьнізіўся на 15%, гандаль паміж Беларусьсю і Расеяй скараціўся на 14,4%, беларускі экспарт у Казахстан зьменшыўся на 17%, а імпарт — на 34%.

Апошнім часам афіцыйныя асобы Беларусі пачалі публічна наракаць, што Мытны зьвяз стварае значныя праблемы для беларускай эканомікі. 23 траўня А. Лукашэнка, прымаючы прэм’ера М. Мясьніковіча, абвінаваціў Расею ў парушэньні дамоўленасьцяў у межах Мытнага зьвязу. Па ягоных словах, РФ «спрабуе абараніць сваіх таваравытворцаў, у тым ліку сельгастэхнікі». А гэта, маўляў, недапушчальна.

"І мы ўжо ў поўнай меры сербанулі нэгатыўных момантаў, апынуўшыся па факце ў СГА, паколькі мы знаходзімся ў Мытным зьвязе".

Потым першы віцэ-прэм’ер Беларусі У. Сямашка падчас справаздачы кіраўніку дзяржавы паскардзіўся, што «з 1 студзеня Расея ўступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА), а расейскі рынак для нас — адзін з асноўных, асабліва што тычыцца прадукцыі машынабудаваньня. І мы ўжо ў поўнай меры сербанулі нэгатыўных момантаў, апынуўшыся па факце ў СГА, паколькі мы знаходзімся ў Мытным зьвязе».

23 траўня першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі А. Міхневіч адзначыў, што Менск заклапочаны ў сувязі з дамінуючай роляй Расеі ў АЭП. На думку дыплямата, Масква працісквае выгаднае для яе мыта, да прыкладу, на імпартную авіятэхніку.

Зь іншага боку, Расея таксама папракае Беларусь, што тая стварае перашкоды для расейскіх тавараў на беларускім рынку.

Вось прэм’ер-міністар Беларусі М. Мясьніковіч, выступаючы 31 траўня на форуме дзелавых людзей АЭП у Менску, заявіў: «Дзьве траціны тавараў і адна трэць паслуг перасоўваюцца ў „тройцы“ свабодна. Значыць, агульнага рынку ў поўным сэнсе слова няма. Ёсьць досыць глыбокія супярэчнасьці ўнутры». Напрыклад, існуе 25 бар’ераў, якія перашкаджаюць гандлю прадуктамі харчаваньня.

"Узьнікае пытаньне: што ж гэта за Адзіная эканамічная прастора, якая па таварах функцыянуе толькі на 2/3, па паслугах — на 1/3?"

Узьнікае пытаньне: што ж гэта за Адзіная эканамічная прастора, якая па таварах функцыянуе толькі на 2/3, па паслугах — на 1/3? Выходзіць, няма нават зоны вольнага гандлю.

І які сэнс фармаваць новае аб’яданьне (Эўразійскі эканамічны зьвяз), выходзіць на нейкі вышэйшы ўзровень інтэграцыі, калі не працуе тое, што ўжо створана?

На гэтым фоне сьмешна чуць пра далучэньне да АЭП Кіргізстану і Ўкраіны, пра пляны стварэньня зоны вольнага гандлю паміж Мытным зьвязам у фармаце «тройкі» і Віетнамам, Індыяй. Да чаго далучацца? Спачатку стварыце такую зону ў гандлі паміж трыма дзяржавамі-заснавальніцамі Мытнага зьвязу, а потым запрашайце іншых.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG