Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка пра ваяж чыноўнікаў у Парыж: «турыстычная паездка» па крэдыты


6 чэрвеня ў Парыжы адбудзецца прэзэнтацыя эканомікі і інвэстыцыйных магчымасьцяў Рэспублікі Беларусь.

У сераду пачаўся працоўны візыт міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца і міністра эканомікі Мікалая Снапкова ў Парыж.

У імпрэзе возьмуць удзел таксама амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка і амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры, прадстаўнікі амаль 60 беларускіх і французскіх прадпрыемстваў і арганізацый.

Мяркуецца, што пройдуць перамовы беларускіх дэлегацый з кіраўніцтвам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР), Міністэрства зьнешняга гандлю Францыі, Французскага агенцтва па страхаваньні крэдытных рызык «Coface», а таксама з шэрагам вядучых французскіх кампаніяў, зацікаўленых у супрацоўніцтве з Беларусьсю.

Таксама ў Парыжы адбудуцца перамовы кіраўніцтва «Беларусбанку» і французскага банку «Societe Generale» па пытаньнях прадастаўленьня крэдытных рэсурсаў для рэалізацыі шэрагу эканамічных і інвэстпраектаў у Беларусі.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка, што да вынікаў паездкі вялікай арміі беларускіх чыноўнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў, выказаў такое меркаваньне:

«У Парыж заўсёды паехаць прыемна. Тым больш, калі больш за 200 чалавек на чале зь міністрам замежных спраў. Але, я думаю, што проста будуць змарнаваныя дзяржаўныя сродкі, бо на пачатку лета ніхто ж сур’ёзных перамоваў не вядзе, рыхтуюцца да адпачынкаў. Я думаю, што гэта добрая турыстычная паездка.

Што да спадзяваньня на інвэстыцыі, то зараз інвэстыцыі добра ўкладаць ў здабываючую прамысловасьць. Разглядаць Беларусь як месца ўкладаньня інвэстыцыяў — гэта, на маю думку, абсалютны абсурд. Газ — чужы, нафта — чужая, карысных выкапняў няма, беспрацоўе складае, паводле афіцыйных зьвестак, 0,6%, то бок няма лішкаў працоўнай сілы. Пра што яны думаюць? Якія інвэстыцыі, якія новыя працоўныя месцы, калі ўсеагульная занятасьць?

Я думаю, што гэта чарговая спроба беларускага амбасадара ў Францыі Паўла Латушкі стаць першым сярод роўных».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG