Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмецьцеправоды зьнікнуць. Ці стане чысьцей?


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Сьмецьцеправоды ў менскіх шматпавярховіках неўзабаве застануцца ў мінулым. З ініцыятывай заварыць шахты для сьмецьця выступілі Мінпрыроды, Міністэрства ЖКГ і Міністэрства архітэктуры.

Чыноўнікі спадзяюцца разьвязаць адразу некалькі праблемаў — яны мяркуюць, у дамах менчукоў стане чысьцей, розныя гатункі сьмецьця будуць зьбіраць паасобку, а значыць, і паасобку перапрацоўваць. А гэта павінна прынесьці надзвычайныя прыбыткі.

Гарадзкія ўлады перакананыя: сьмецьцеправоды перашкаджаюць разьдзельнаму збору сьмецьця. Паводле ўсіх правілаў сучаснай арганізацыі гарадзкой гаспадаркі шкло, паперу, тканіну і іншыя адкіды трэба зьбіраць і перапрацоўваць асобна. Да таго ж сьмецьцеправоды ў шматкватэрных дамах ствараюць шмат праблемаў — вакол іх зьбіраюцца горы сьмецьця, жыхары скардзяцца на непрыемны пах, дый прачыстка забітых сьмецьцеправодаў — таксама нялёгкая задача.

Гэта дае магчымасьць стварыць сыстэму паасобнага збору і ня зьмешваць адкіды. А гэтая сыстэма дае магчымасьць эфэктыўна ўцягваць перапрацаваныя адкіды
У сярэднім кожны беларус у год стварае каля 200 кіляграмаў адкідаў. Найбольш сьмецьця вывозяць са сталіцы. Аднак наяўныя прадпрыемствы могуць даць рады толькі дзясятай частцы адкідаў. Астатняе проста зарываюць у зямлю на адмысловых палігонах, ці яшчэ горш — спальваюць. Палігонаў у Менску тры: «Паўночны», «Прудзішча» і «Трасьцянецкі»

Плянуецца, што ў бліжэйшыя гады ў Беларусі будзе пабудавана 11 сьмецьцеперапрацоўчых прадпрыемстваў з новымі тэхналёгіямі. На іх і разьлічаная новая сыстэма збору сьмецьця.

Гэтае рашэньне цалкам мяняе сыстэму збору адкідаў, — кажа начальніца ўпраўленьня абыходжаньня з адкідамі Мінпрыроды Вольга Сазонава. Чыноўнікі ЖКГ мусяць вырашыць, дзе разьмясьціць пляцоўку для кантэйнэраў, закупіць самі кантэйнэры і арганізаваць збор і дастаўку адкідаў на перапрацоўчыя прадпрыемствы.

Вольга Сазонава: «З пункту гледжаньня аховы прыроды мы, вядома, падтрымліваем гэтую ініцыятыву, бо гэта дае магчымасьць стварыць сыстэму паасобнага збору і ня зьмешваць адкіды. А гэтая сыстэма дае магчымасьць эфэктыўна ўцягваць перапрацаваныя адкіды ў грамадзянскі зварот».

Сазонава нагадвае, што практыка жыцьця безь сьмецьцеправодаў пасьпяхова рэалізаваная ў Гомелі. Там адмовіліся ад гэтай «нецывілізаванай выгоды», там жа пабудаваны і сучасны завод па перапрацоўцы адкідаў.

Як насіць сьмецьце з 16 паверха ўніз, як раскласьці па відах — шкло, макулятура, плястык, зьмяшаныя адкіды?
Распавядае начальнік гомельскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Алег Акушка:

«Гэтая сыстэма эфэктыўна працуе. Няма ў нас праблемаў з забітымі і сьмярдзючымі сьмецьцеправодамі. Вядома, ёсьць пэўныя нязручнасьці. Як насіць сьмецьце з 16 паверха ўніз, як раскласьці па відах — шкло, макулятура, плястык, зьмяшаныя адкіды? Але на агульную санітарыю гэта ўплывае пазытыўна. Скаргаў ад грамадзянаў у нас няма ніякіх.

Акушка кажа, што пазбаўляліся ад сьмецьцеправодаў не адным махам, тлумачылі. «Людзі самі пераканаліся, што чысьціні стала болей».

Як пераканаць людзей пазбавіцца ад сьмецьцеправодаў — пра гэта ніводзін з чыноўнікаў пакуль не выказваўся. «Вялікую ролю будзе граць тое, наколькі добра гэта будзе арганізавана. Павінна быць альтэрнатыва, якая б задаволіла насельніцтва. Трэба нават сацапытаньне зрабіць, наколькі нашыя грамадзяне гатовыя да гэтага», — лічыць Вольга Сазонава.

Прадстаўнікі дзяржаўнага аб’яданьня «Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка» ўжо паабяцалі, што ў гэтым годзе ўсталююць 1250 кантэйнэраў для паасобнага збору сьмецьця. Між тым якраз чалавечы фактар можа стаць на перашкодзе добрым намерам сталічных чыноўнікаў.

Сьмецьце ў нас зусім не выносіцца на выходных. У нас самі дзьверкі сьмецьцеправодаў павыламаныя. Людзі нават не даносяць мяхі са сьмецьцем каля сьмецьцеправоду
Напрыклад, жыхарка аднаго з шматкватэрных дамоў на вуліцы Бельскага скардзіцца, што лесьвіцы яе пад’езда літаральна заваленыя сьмецьцем:

«Сьмецьце ў нас зусім не выносіцца на выходных. У нас самі дзьверкі сьмецьцеправодаў павыламаныя. Людзі нават не даносяць мяхі са сьмецьцем каля сьмецьцеправоду. А ў ЖЭСе кажуць, што прыбіральшчыца іхная сацуладкаваная і яны ня могуць яе звольніць. І яшчэ кураць у нас у пад’езьдзе, а пару месяцаў таму быў пажар, бо нехта кінуў цыгарэту ў шахту сьмецьцеправоду. А на выходныя, не разумею чаму, так шмат сьмецьця, што немагчыма прабрацца да пад’езда. А на ўсе пытаньні ў ЖЭСе адказ: а што ж вы хацелі, выходныя».

Дзяўчына скардзіцца, што немагчыма арганізаваць прыбіраньне лесьвіцы сярод сваіх суседзяў. Яна лічыць, што менавіта жыхары дамоў вінаватыя ў тым, што прастора двара і пад’езду засьмечваецца. Хто і як будзе прывучаць менчукоў зьбіраць сьмецьце разьдзельна, пакуль невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG