Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Горадня: Сымбаль Рэчы Паспалітай вярнуўся ў Новы замак


Гербавы картуш Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў часоў Аўгуста ІІІ усталяваны побач з Новым замкам. Ён быў дэмантаваны з франтона Новага замка ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, калі замак перабудоўвалі на вайсковы шпіталь.

Захаваўся гербавы картуш дзякуючы Станіславу Солтану. З 1858 году ён зьберагаўся ў Солтанавым маёнтку ў Малой Бераставіцы. У 1923 годзе стваральнік Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя Юзаф Ядкоўскі перавёз яго ў Горадню. З таго часу картуш заставаўся на музэйнай тэрыторыі.

Цяпер на здымках добра бачны Пагоня і Карона. Пасьля ўсталяваньня картуша спэцыяліст па рэстаўрацыі з Польшчы правядзе дадатковыя рэстаўрацыйныя працы.

Ідэя ўсталяваньня картуша належыць супрацоўніку Міністэрства культуры Польшчы Марэку Малюхніку. Некалькі гадоў таму, працуючы ў Генэральным консульстве Польшчы ў Горадні, Малюхнік разам з гарадзенскімі краязнаўцамі адшукаў картуш.

Працы па кансэрвацыі праведзеныя сёлета дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча. Зь беларускага боку працы па ўсталяваньні і гранітныя пліты пад яго фундаваў гарадзенскі прадпрымальнік польскага паходжаньня Фэлікс Гавін.

Плянуецца, што бліжэйшым часам у Новым замку адбудуцца ўрачыстасьці з нагоды адкрыцьця новаўсталяванага гербавага картуша Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

XS
SM
MD
LG