Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША: усе астатнія санкцыі застаюцца ў сіле


Амбасада ЗША ў Беларусі распаўсюдзіла заяву аб заканчэньні тэрміну дзеяньня санкцыяў у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў — «Белтэхэкспарту» і «Беларускага оптыка-мэханічнага аб’яднаньня».

У ёй гаворыцца, што тэрмін дзеяньня гэтых санкцыяў скончыўся 23 траўня сёлета. Гэта адбылося згодна з «Актам ЗША аб нераспаўсюджваньні ў дачыненьні да Ірану, Паўночнай Карэі і Сырыі», які прадугледжвае ўвядзеньне санкцыяў на два гады.

Санкцыі ў дачыненьні да вышэйзгаданых кампаній першапачаткова былі ўведзеныя 23 траўня 2011 году. Такім чынам, паводле вызначанай Актам практыкі, праз два гады іх дзеяньне спынілася.

Акт прадугледжвае абмежавальныя меры ў адносінах да замежных асобаў (юрыдычных і фізычных) за перадачу або набыцьцё ў Ірана, Паўночнай Карэі і Сырыі абсталяваньня і тэхналёгій, якія пазначаныя ў шматбаковых кантрольных сьпісах (Рэжым кантролю за ракетнымі тэхналёгіямі, Аўстралійская група, Канвэнцыя аб хімічнай зброі, Група пастаўшчыкоў ядзерных матэрыялаў, Васэнаарская дамоўленасьць). Санкцыі ў рамках Акту таксама могуць быць уведзеныя ў адносінах да замежных асобаў за перадачу абсталяваньня і тэхналёгій, якiя не знаходзяцца ў кантрольным сьпісе, але могуць быць выкарыстаныя пры распрацоўцы зброі масавага паражэньня ці сыстэм крылатых і балістычных ракет.

«Усе астатнія санкцыі ўраду ЗША застаюцца ў сіле, уключна з санкцыямі, уведзенымі 31 студзеня 2011 году і ў жніўні 2011 году ў адказ на дзеяньні ўладаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году ў Беларусі. Як пацьвердзілі ў сумеснай заяве ад 1 сьнежня 2010 году Хілары Клінтан і Сяргей Мартынаў, якія былі ў той час Дзяржсакратаром ЗША і міністрам замежных спраў Беларусі, большая павага да дэмакратыі і правоў чалавека застаецца ключавым пытаньнем для паляпшэньня адносін паміж Злучанымі Штатамі і Беларусьсю», — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG