Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч: 80% аўто з «зялёнага» калідора накіроўваюць на «чырвоны»


З 4 чэрвеня ў пунктах пропуску на беларускай мяжы грамадзян, якія едуць у Беларусь на аўтамабілях празь «зялёны» калідор, накіроўваюць да мытнікаў на «чырвоны» па пяці прыкметах.

Пра гэта распавёў у фэйсбуку першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Да прыкладу, праз «чырвоны» калідор павінны ехаць аўтамабілі, у салёне якіх знаходзяцца чатыры і болей чалавек, а таксама калі ў салёне ці багажніку ёсьць торбы, у якіх патэнцыйна могуць знаходзіцца тавары. Таксама — калі транспартны сродак перасякае мяжу больш як адзін раз за 8 сутак ці зарэгістраваны на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

«Мы прастаялі ў выніку на мяжы ўначы з аўторка на сераду 10 гадзін. 80% аўто зь „зялёнага“ калідора накіроўваюць на „чырвоны“ калідор, натуральна, у канец чаргі. Рэдкія шчасьліўчыкі з абсалютна пустымі аўто могуць праехаць празь „зялёны“. Народ публічна абураецца, памежнікі адказваюць, што проста выконваюць загад. Праблемы створаныя ў першую чаргу для тых, хто ніякім чаўночным бізнэсам не займаецца. Ня выключана, што мытнікам спушчана заданьне „бараніць“ такім чынам беларускую эканоміку», — распавёў Юрась Губарэвіч.

Прэс-сакратар памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка сказаў карэспандэнту Свабоды, што мэдыі нібыта пачынаюць дзьмуць на ваду:

«Па сутнасьці нічога не мяняецца. Проста быў адпрацаваны альгарытм узаемадзеяньня, і яго проста зацьвердзілі ў сумесным нарматыўным дакумэнце. Вызначыліся, што памежнік толькі правярае дакумэнты. Разьбірацца з таварамі абавязаныя мытнікі. Таму ёсьць 5 прыкмет, па якіх на „зялёным канале“, паколькі там стала няма мытніка, памежнік павінен выклікаць мытніка.

Людзі маюць права выбіраць „чырвоны“ ці „зялёны“ калідор. Але „зялёны“ вельмі часта становіцца крыніцай кантрабанды. Таму, калі памежнік выявіў гэтыя прыкметы, ён павінен паклікаць мытніка, каб выключыць якую-колечы кантрабанду на „зялёным“ канале».

Чаму да гэтых прыкметаў адносіцца нават наяўнасьць у салёне аўто чатырох чалавек?

«З улікам таго, што адзін раз на восем дзён паліва зьяўляецца таварам для асабістага карыстаньня, а ўсё астатняе абкладаецца мытам, то гэтыя „бензавозы“ і „цыгарэтавозы“ пачынаюць каапэравацца. Чатыры машыны, чатыры чалавекі. Як кажуць, тыдзень адпрацаваў — і выходныя. Бо ўлік вядзецца і па асобах, і па транспартным сродку. А чэргі вялікія якраз вось з-за гэтых дзялкоў на мяжы, якія любяць увесь час прыбядняцца, але нядрэнна жывуць. Калі нехта едзе адпачываць ці працаваць, то тут няма ніякіх праблем. Страхі могуць узьнікаць толькі ў тых, хто займаецца чаўночным бізнэсам».

Рух «За свабоду», Партыя БНФ і кампанія «Гавары праўду», якія нядаўна выступілі з ініцыятывай «Народны рэфэрэндум», маюць намер высьветліць сытуацыю і накіраваць супольныя звароты ў мытнае і памежнае ведамствы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG