Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які крэм найлепшы супраць сонца?


Ніхто ня ставіць пад сумненьне, што ракавыя захворваньні скуры зьвязаныя з узьдзеяньнем сонца на скуру.

Тым ня менш, лекарам не зусім ясна, чаму пры безупынным росьце продажу сонцаахоўных крэмаў (гэты паказьнік цяпер набліжаецца да 1 мільярда цюбікаў на год), кожны год прыблізна на 2% узрастае колькасьць дыягназаў мэляномы — злаякаснай пухліны, якая разьвіваецца наогул у скуры, але можа таксама выступаць у пігмэнтавай абалонцы вока, мазгавых абалонках, мазгавой субстанцыі наднырачнікаў.

Каб засьцерагчыся ад рызыкі разьвіцьця мэляномы, экспэрты раяць абмежаваць побыт на сонцы, асабліва каля поўдня, калі сонца прыпякае наймацней, ды выкарыстоўваць дзеля аховы скуры капелюшы, кашулькі і разныя накідкі, замест таго, каб спадзявацца адно на сонцаахоўны крэм.

«Сонцаахоўны крэм гэта не магічны сродак. Гэта ўсяго адзін са спосабаў абароны перад шкодным ультрафіялетавым выпрамяненьнем» — лічыць амэрыканскі дэрматоляг Стывэн Ванг, прэсавы прадстаўнік Фонду барацьбы з ракам скуры, які атрымлівае фінансаваньне, сярод іншага, ад прадуцэнтаў сонцаахоўных крэмаў.

У прынцыпе, добры сонцаахоўны крэм павінен засьцерагаць ад ультрафіялетавага выпрамяненьня тыпу Б, які спрычыняе сонечныя апёкі, ды ультрафіялетавага выпрамяненьня тыпу А, якое прыскорвае працэс старэньня скуры і, як мяркуецца, выклікае ракавыя захворваньні скуры.

Які крэм трэба выбіраць на лета, каб запэўніць сабе найлепшую ахову ад шкоднага сонечнага выпрамяненьня?

Адмыслоўцы раяць купляць крэм з надпісам «ахова шырокага спэктру» (broad spectrum protection) ды з «сонцаахоўным фактарам» (sun protection factor) у межах 15-50. На рынку можна сустрэць і крэмы, на якіх гэты фактар мае вартасьць большую за 50, але экспэрты кажуць, што гэты фактар можа праявіць сябе адно ў лябараторных умовах, якія практычна не сустракаюцца ў рэальным сьвеце.

Пазьбягайце сонцаахоўных спрэяў — пласт сонцаахоўнага рэчыва з спрэю не заўсёды раўнамерна раскладаецца на скуры, а прытым пырскі пры ўдыху могуць патрапіць у лёгкія.

Пазьбягайце крэмаў зь вітамінам А, рэтынолам або яго вытворнымі. Канадзкія лекары выказваюць меркаваньні, што дабаўкі вітаміну А павышаюць адчувальнасьць скуры да сонечнага сьвятла.

Пазьбягайце духмяных сонцаахоўных крэмаў. Дадатак водару да крэму заўсёды азначае больш непатрэбных хімічных рэчываў у сумесі і можа несьці з сабою небясьпеку патэнцыйнага алергену.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG