Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрадзе прапануюць выдаваць валютныя крэдыты на жыльлё


У чарзе на жыльлё ў Беларусі застаецца 788 тысяч сем’яў, пасьля таго як у выніку зьверкі зь яе выключылі 86 тысяч.

Пра гэта на нарадзе ў кіраўніка краіны заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Мясьніковіч сказаў, што далей зьверка павінна праводзіцца не радзей як раз на год.

«Мы бачым, што ёсьць рознага роду хітрыкі, якія дазваляюць людзям незаслужана атрымліваць дзяржпадтрымку», — заявіў прэм’ер-міністар.

Таксама ён паведаміў, што ў Беларусі застаецца вялікая колькасьць непрыватызаваных кватэр. У праекце ўказу прапанавана, каб цягам году пасьля выхаду гэтага нарматыўнага акту грамадзяне маглі прыватызаваць жытло. У адваротным выпадку яно пяройдзе ў статус арэнднага.

Для прыватызацыі можна выкарыстоўваць чэкі «Жыльлё».

«Чым дом навейшы, тым ён даражэйшы. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне Менску прыватызацыя двухпакаёвай кватэры тыпавых спажывецкіх якасьцяў будзе каштаваць ад 35 млн рублёў у доме 1964 году пабудовы да 142 млн рублёў у доме 1994-га году», — адзначыў прэм’ер-міністар.

Пры гэтым як мінімум 10% ад сумы трэба ўнесьці адразу, а астатняе можна будзе выплаціць у растэрміноўку цягам 40 гадоў.

Таксама віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін выказаўся за далейшае зьніжэньне працэнтных ставак па крэдытах на будаўніцтва жыльля. А таксама за тое, каб вярнуцца да выдачы крэдытаў грамадзянам на жыльлёвае будаўніцтва ў замежнай валюце.

«Пакуль Нацбанк гэтую прапанову пра выдачу крэдытаў у замежнай валюце не падтрымлівае», — сказаў Калінін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG