Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з самых вострых палітычных сюжэтаў ва Ўкраіне ў апошнія тыдні — канфлікт вакол тэрмінаў правядзеньня выбараў гарадзкой рады і мэра Кіева.

Пра тое, як разгортваецца канфлікт, і пра яго значэньне распавядае палітычны аглядальнік украінскай службы нашага радыё Дзьмітры Шурхала. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Шурхала: Кіеўскае самакіраваньне стала закладнікам прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў 2015 годзе. Падзеі 2004 году паказалі, што ў таго, хто мае вырашальны ўплыў на сытуацыю ў Кіеве, ёсьць вялікая фора на тое, каб у выпадку ўзьнікненьня нейкіх забурэньняў на прэзыдэнцкіх выбарах узяць сытуацыю пад свой кантроль. Той, хто кантралюе Кіеў, у значнай ступені кантралюе сытуацыю ва Ўкраіне. Улада ня хоча правядзеньня муніцыпальных выбараў, бо ў яе мала шанцаў, што новы мэр і большасьць новай гарадзкой рады будуць ляяльныя да цяперашняй улады. Кіяўляне ў большасьці настроеныя супраць Януковіча, супраць Партыі рэгіёнаў.

РС: А чаго дамагаецца апазыцыя?

Шурхала: Апазыцыя вельмі неаднародная, яна прадстаўленая трыма ўплывовымі сіламі. Яна ня можа дамовіцца наконт адзінага кандыдата ў мэры. Яна таксама разумее, што калі дамоўленасьці ня будзе, то ўсё ж вялікія шанцы, што пераможа кандыдат улады. Таму апазыцыя хаця і настойвае, каб быў выкананы закон і выбары адбыліся ў тэрміны, вызначаныя законам, але яна касьцямі не кладзецца за тое, каб дамагчыся гэтага. Выбары могуць узмацніць супрацьстаяньне ў шэрагах апазыцыі, і на ім можа згуляць улада.

Канстытуцыйны суд вызначыў сваю пазыцыю, паводле якой выбары ў кіеўскую гарадзкую раду і выбары мэра павінны адбыцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Але рашэньне сфармуляванае гэтак расплывіста, што кожны можа трактаваць яго па-свойму.

РС: І гэта канчатковае рашэньне?

Шурхала: Як кажуць адмыслоўцы-юрысты, пытаньне зь мясцовымі выбарамі ў Кіеве выйшла за межы прававога поля, яно не падлягае ўласна праўнаму вырашэньню. Ва Ўкраіне адбылася канстытуцыйная рэформа, цяперашняя кіеўская рада і мэр былі абраныя на датэрміновых выбарах, і тут даволі неадназначная юрыдычная сытуацыя. Экспэрты кажуць, што ўласна прававога рашэньня ня можа быць, тут трэба палітычнае рашэньне. У прынцыпе парлямэнт, а не Канстытуцыйны суд мусіць вырашаць, калі павінны адбывацца выбары. Дэпутаты ад Партыі рэгіёнаў спыталі Канстытуцыйны суд, калі мусяць адбыцца чарговыя выбары ў звычайны тэрмін. На мінулым тыдні Суд адказаў — у кастрычніку 2015 году. Адсюль зрабілі выснову, што тады павінны адбыцца і мясцовыя выбары ў Кіеве. Але папярэднія выбары ў Кіеве былі датэрміновыя.

РС: А ці ня можа гэтае рашэньне Канстытуцыйнага суду стаць своеасаблівым дэтанатарам пратэсту? У нас перад вачыма досьвед Турэччыны, дзе канфлікт вакол забудовы парку ў цэнтры Стамбулу ператварыўся ў палітычны ўраган.

Шурхала: Пратэстная сытуацыя ва Ўкраіне вельмі адрозная ад сытуацыі ў Турэччыне. У нас вялікае незадавальненьне ўладай, але ёсьць і вялікі недавер да апазыцыі. Нядаўна ў нас была спроба правесьці маштабную акцыю пратэсту ў Кіеве, але тая спроба апазыцыі не атрымалася, апазыцыя ня здолела вывесьці на вуліцы ці прывезьці зь іншых рэгіёнаў крытычную масу людзей.

Туркі незадаволеныя сытуацыяй у краіне і выказваюць пратэст. Украінцы таксама незадаволеныя, але яны хочуць бачыць — а што замест. У свой час яны выйшлі на Майдан, бо бачылі рэальную альтэрнатыву. Цяпер такой альтэрнатывы яны ня бачаць. Можа, бліжэй да выбараў нешта зьменіцца. Пасьля таго, як Канстытуцыйны Суд агучыў сваё рашэньне, якое фактычна ставіць крыж на самакіраваньні кіяўлянаў, да будынку гарадзкой Рады на акцыю пратэсту выйшла менш за 1000 чалавек. Для шматмільённага гораду — гэта паказьнік.

РС: Я так разумею, што калі б выбары былі, яны б, магчыма, і прагаласавалі за апазыцыю. Але дамагчыся выбараў моцай вуліцы няма жаданьня.

Шурхала: Так, пайсьці на выбары і прагаласаваць за апазыцыю яны гатовыя. Але супрацьстаяць паліцэйскай сіле жаданьня няма. Людзі ня хочуць гэтую сілу правакаваць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG