Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі абласны суд пакінуў без працы Віктара Стукава


Віктар Стукаў
Віктар Стукаў

Старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу быў звольнены з прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно».

Аднавіцца на працы праз Полацкі гарадзкі суд Віктару Стукаву не ўдалося. Цяпер і Віцебскі абласны суд не задаволіў ягоную касацыйную скаргу. Актывіст працягне працу ў незалежным прафсаюзе

Паводле Віктара Стукава, разбор ягонай скаргі ў абласным судзе быў кароткі:

«Прыехаў прадстаўнік прадпрыемства Васіль Зацірахін, судзьдзя каротка пераказала зьмест маёй справы, задала некалькі пытаньняў. Потым судовая калегія з трох чалавек на 10 хвілін пакінула залю. І яшчэ 15 сэкунд судзьдзя чытала рашэньне пра тое, што мяне звольнілі слушна, і што пастанова Полацкага суду застаецца ў сіле. Абласны суд не пераканалі нават вынікі незалежнай экспэртызы пра тое, што акуляры для працы, якія выдаюцца на прадпрыемстве, шкодныя для здароўя і толькі замінаюць працаваць. А між тым адсутнасьць у мяне гэткіх акуляраў і стала адной з падставаў для звальненьня».

Віктар Стукаў будзе рыхтаваць скаргу ў Вярхоўны Суд. Таксама прафсаюзная суполка супрацоўнічае ў гэтым накірунку зь Міжнароднай Арганізацыяй Працы. Паводле Віктара Стукава, уплыў аўтарытэту міжнароднай арганізацыі можа быць больш дзейсным, чымсьці высновы беларускага суду.

Былы лідэр суполкі Свабоднага прафсаюзу «Полацак-Шкловалакна» быў звольнены ў пачатку сакавіка. Фармальная прычына — некалькі папярэджаньняў за парушэньні рэжыму і бясьпекі працы, накшталт адсутнасьці акуляраў. Але сапраўднай прычынай Віктар Стукаў лічыць актывізацыю незалежнага прафсаюзнага руху на «Шкловалакне» і ўплыў на працоўных іншых прадпрыемстваў.

Звольнены актывіст застаецца лідэрам суполкі СПБ, хоць і не зьяўляецца болей працаўніком «Полацак-Шкловалакна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG