Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шмат гадоў у эфіры Свабоды гучаць лінгвістычныя парады, адказы на пытаньні, тлумачэньні і камэнтары Юрася Бушлякова. Матэрыял гэтых перадачаў складзе новую кнігу Бібліятэкі Свабоды.

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl. org.

БУДОВА СЛОВА

Узгадаць ці згадаць?

У сучасным маўленьні і на пісьме суіснуюць дзеясловы ўзгадаць, узгадваць і згадаць, згадваць, назоўнікі ўзгадка і згадка. Якія з гэтых формаў, зь якой прыстаўкаю, больш апраўданыя ў літаратурным маўленьні?

Нарматыўныя слоўнікі фіксуюць толькі словы з прыстаўкавым з-: згадаць і згадваць, згадацца і згадвацца, згаданы, згадваньне, згадка. Такі падыход несумненна слушны, бо формы з прыстаўкаю уз- (узгадаць, узгадка ды інш.) у прасторы жывой народнай мовы былі і застаюцца вузкарэгіянальнымі, а ў кантэксьце літаратурнай мовы могуць разглядацца як кантамінаваныя, мяшаныя (напрыклад, форма ўзгадаць успрымаецца як вынік афармленьня слова згадаць на ўзор дзеяслова ўспомніць). Выбар на карысьць словаў згадаць, згадка — гэта выбар традыцыйных у літаратурным ужытку сродкаў. Згадаць — у Багдановіча і Купалы, Куляшова і Караткевіча, Быкава і Брыля.

І яшчэ трохі — пра значэньні дзеяслова згадаць. У сучасным літаратурным маўленьні згадаць ужываюць звычайна толькі ў сэнсе ‘ўспомніць’, ня ведаючы або забываючыся пра другое, традыцыйнае і рэгулярнае ў аўтэнтычнай мове, значэньне. “Дзяўчына... ведама, дзяўчына — хто там згадаў, што ў ёй сядзіць”, — пісаў Купала. “Ім ня сьцяць маіх думак і сэрца, не згадаць іх жыцьцёвы сакрэт”, — гэта ўжо радкі з паэзіі Алеся Салаўя. У прыведзеных ілюстрацыях згадаць значыць ‘угадаць’.

То ж памятайма: дзеяслоў згадаць мае ў літаратурнай мове два значэньні: ‘успомніць’ і ‘ўгадаць’ (напрыклад, згадаць былое ‘ўспомніць былое’ і згадаць загадку ‘ўгадаць загадку’).



ФОРМЫ СЛОВА

Множны лік: бярвёны, зьвёны, камяні

У маўленьні і на пісьме здараюцца формы множнага ліку тыпу бярвеньні, зьвеньні, каменьні, карэньні. Як узьніклі такія формы і ці адпавядаюць яны нормам літаратурнае мовы?

Дасьледнікі словаўтварэньня адзначаюць іх мяшаны характар — рэч у тым, што для нашае мовы не характэрны суфіксальны спосаб утварэньня множналікавых формаў назоўнікаў. Форма множнага ліку назоўнага склону характарызуецца канчаткам (), пры гэтым дадатковай суфіксацыі — далучэньня яшчэ нейкага суфікса — няма: волас — валасы, зуб — зубы, ліст — лісты, крыло — крылы і г. д. У формах тыпу карэньні, каменьні накладаюцца адна на адну, крыжуюцца беларускія і расійскія множналікавыя формы (коренья + карані → карэньні).

Вось жа, на месцы скрыжаваных ненарматыўных формаў маем ужываць або звычайныя, тыповыя формы множнага ліку на (), або зборныя назоўнікі. Як ад вясло форма множнага ліку вёслы, ад гняздогнёзды, так, скажам, ад бервянобярвёны, а ад зьвяно (зьвяртаю на гэта асаблівую ўвагу) — зьвёны (ня зьвеньні, а якраз-такі зьвёны).

У сваю чаргу зборныя назоўнікі ўтвараюцца ад асновы формы адзіночнага ліку далучэньнем суфікса [й] і канчатка [э] (пры гэтым канцавыя гукі асновы, апрача губных і [р], падаўжаюцца): брус — брусьсе, дуб — дуб’ё, камень — каменьне, корань — карэньне, крыло — крыльле, ліст — лісьце, пяро — пер’е.

Пры канцы паправім адзін сказ з памылковаю формаю: Дрэва глыбока пусьціла карэньні. Замест формы карэньні трэба ўжыць або правільную форму множнага ліку назоўніка корань, або зборны назоўнік карэньне: Дрэва глыбока пусьціла карані або Дрэва глыбока пусьціла карэньне.




БУДОВА ФРАЗЫ

Дата: сёньня — першага студзеня

Сёньня — першае студзеня ці першага студзеня? Абедзьве названыя формы парадкавых лічэбнікаў — першае і першага — ужываюць у сёньняшняй мове пры абазначэньні даты. У сувязі з гэтым частае пытаньне — якая зь дзьвюх формаў найбольш характэрная, гістарычна апраўданая ў беларускай мове?

У старабеларускую пару дамінавала форма роднага склону: парадкавыя лічэбнікі выступалі, як правіла, у спалучэньні з назоўнікам дзень: шостого дня месяца серпня, дня 28 месяца липца. У літаратурным ужытку ў XX стагодзьдзі адступіліся былі ад традыцыйнага называньня. Зважаючы на расійскую мову, увялі мадэль з словам чысло ў назоўным склоне: першае чысло студзеня. Адсюль — як не было назоўніка чысло — выходзіла: першае студзеня. Злучэньні з родным склонам парадкавага лічэбніка пры называньні канкрэтнай даты некаторыя мовазнаўцы абвяшчалі нават памылковымі.

Нельга з гэтым пагадзіцца. Нашая мова да сёньня захавала часавыя канструкцыі з назоўнікам у родным склоне: мінулае ночы, пагоднага дня, наступнага году. Злучэньне першага студзеня — такой самай тыповай будовы. Можам сказаць: сёньня — сьцюдзёнага дня — нам не ўдалося ўбачыцца, заўтра — другога студзеня — мы сустрэнемся.

Злучэньні тыпу першага студзеня, дваццаць пятага сакавіка або шостага жніўня прыдатныя нам і ў тым разе, калі называем час дзеяньня, і ў тым, калі толькі канстатуем канкрэтную дату. Скажам, да прыкладу: учора быў апошні дзень году — (каторага дня?) трыццаць першага сьнежня; сёньня — першага студзеня; заўтра, у наступныя содні, — другога студзеня.

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG