Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны дзяржаўны доўг вырас з пачатку году на 375 млн даляраў.

  • У чым прычыны гэтага?
  • Ці становіць рост доўгу праблему для беларускай эканомікі і дзяржавы?
  • Якія ёсьць шляхі яе вырашэньня?


Удзельнікі:
  • былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч
  • прафэсар Барыс Жаліба

У чым прычыны росту замежнага дзяржаўнага доўгу?


Валер Карбалевіч: «Замежны доўг на 1 траўня склаў 12,4 млрд даляраў. Ён вырас з пачатку году на 375 млн даляраў. За кошт чаго працягваецца рост доўгу?»

Станіслаў Багданкевіч: «Сапраўды, даўгі ўвесь час растуць. Сёлета вонкавы доўг вырас за кошт крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Частка гэтага крэдыту пайшла на пагашэньне раней атрыманых крэдытаў. Іншая справа, як гэтыя крэдыты выкарыстоўваюцца, наколькі эфэктыўна».

Барыс Жаліба: «Апошнія гады замежны доўг Беларусі вагаўся між 12 і 13 млрд даляраў. Цяпер мы ўступілі ў паласу інтэнсіўнага пагашэньня замежных даўгоў. Найперш вяртаем грошы Расеі і МВФ».

Карбалевіч: «Ці ёсьць гэты доўг праблемай для беларускай эканомікі і дзяржавы? Таму што амаль усе краіны жывуць у доўг. У некаторых эўрапейскіх дзяржавах гэты доўг значна большы, чым у Беларусі, перавышае нават 100% валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Але яны асабліва не турбуюцца. А ці ёсьць падставы для хваляваньня з гэтай нагоды ў Беларусі? І чаму на міжнародных фінансавых рынках Беларусі даюць крэдыты пад большы працэнт, чым краінам з вышэйшым доўгам?»

Багданкевіч: «Даўгі — гэта заўсёды дрэнна для пазычальніка. Лепш жыць па сродках. Беларускі доўг ня вельмі вялікі адносна ВУП. Таму паводле міжнародных стандартаў Беларусь — крэдытаздольная краіна.

Але эканоміка краіны характарызуецца не адным, а шмат якімі паказчыкамі. Даўгі могуць быць і вялікімі. Але калі эканоміка канкурэнтаздольная, фондааддача вялікая, ВУП расьце вялікімі тэмпамі, то даўгі ня страшныя.

Праблема Беларусі ў тым, што эканоміка дрэнна разьвіваецца. Вось вялікія складзкія запасы. Скараціўся экспарт. Вось на гэтым тле рост доўгу небясьпечны».


Доўг — гэта праблема


Жаліба: «Так, сапраўды, з гледзішча ўсясьветных стандартаў наш доўг невялікі, ён складае толькі каля 20% ад ВУП. А міжнародная норма бясьпекі — 50%. І нават Нямеччына мае доўг каля 100% ВУП, Італія — значна больш за 100%, Японія — каля 200%. І ў ЗША — каля 100%.

Але наш доўг прынцыпова адрозьніваецца ад даўгоў названых краін. Апошнія ў стане абслугоўваць свае даўгі, то бок вяртаць іх у тэрмін. Бо ў іх няма праблемы здабычы валюты. У краінах ЭЗ іх грошы (эўра) — міжнародная валюта. А ЗША могуць надрукаваць даляры, калі іх ня будзе хапаць.

Беларусь жа павінна атрымліваць валюту за кошт экспарту. Таму павінен быць станоўчы гандлёвы і плацёжны балянс. А за чатыры месяцы 2013 году Беларусь мае адмоўнае сальда ў гандлі таварамі — амаль 1 млрд даляраў. Хоць па паслугах балянс станоўчы, але ў цэлым мы зноў вярнуліся ў стан хранічнага дэфіцыту гандлёвага балянсу.

Гэтым годам Беларусь павінна вярнуць калі 3,1 млрд даляраў доўгу. Калі не чапаць золатавалютных рэзэрваў, то рэсурсаў хапае толькі на тое, каб вярнуць трохі больш за палову гэтай сумы. У зьвязку з гэтым зразумелыя паездкі Лукашэнкі ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію, на Блізкі Ўсход па крэдыты. Ці каб прадаць беларускія дзяржаўныя аблігацыі. І на ўнутраным рынку ўлады прадалі аблігацыі з пачатку году на суму 0,5 млрд. даляраў.

Такім чынам, адбываецца працэс рэфінансаваньня доўгу. То бок робяцца новыя пазыкі, каб вярнуць старыя даўгі. А тут гаворка ідзе аб фінансавай пірамідзе, якая пры пэўных абставінах можа абваліцца. Таму, хоць наш вонкавы доўг адносна іншых краін і невялікі, але для нас ён небясьпечны».

Якія ёсьць шляхі разьвязаньня праблемы доўгу?


Карбалевіч: «Улады дзеля вяртаньня даўгоў не знайшлі нічога лепшага, як набіраць новыя даўгі, ствараць крэдытную піраміду. А яшчэ ж хутка павісьне на Беларусі доўг за АЭС у памеры 10 млрд даляраў. Якія пэрспэктывы разьвязаньня гэтай праблемы? І як яе бачаць улады? Ці ўлады гэтым, як кажуць, не замарочваюцца, а жывуць сёньняшнім днём, ня думаюць пра заўтра?»

Багданкевіч: «Думаю, урад разумее праблему. Іншая рэч, што публічна пра яе ня кажа. А выйсьце вядомае. Гэта рэфармаваньне эканомікі, мадэрнізацыя рэальнага сэктару. Прычым ня толькі павінна быць замена абсталяваньня, але і пераход на іншую мадэль кіраваньня эканомікай. Патрэбна прыватызацыя. Беларускае ж кіраўніцтва падтрымлівае статус-кво за кошт расейскіх ільготаў. Але назапашаныя праблемы давядзецца разьвязваць — калі ня гэтай уладзе, дык той, якая зьявіцца пасьля».

Карбалевіч: «Сп. Багданкевіч, вось вы кажаце пра неабходнасьць мадэрнізацыі прамысловасьці Але ж для гэтага патрэбныя інвэстыцыі і тыя ж крэдыты. Вось Лукашэнка просіць у Расеі 2 млрд даляраў крэдытаў якраз на мадэрнізацыю. Атрымліваецца зачараванае кола».

Багданкевіч: «Мадэрнізацыя павінна прывесьці да большай эфэктыўнасьці эканомікі. Тады крэдыты будуць акупляцца. Нельга дапускаць такой сытуацыі, калі прадукцыйнасьць працы вырасла на 5%, а заробак — на 22%».

Жаліба: «Спачатку нам трэба выйсьці на станоўчае сальда гандлёвага і плацёжнага балянсу. Для гэтага нам трэба дывэрсыфікаваць экспарт. Дрэнна, што дзьве таварныя пазыцыі — мінэральныя ўгнаеньні і нафтапрадукты — даюць палову даходаў ад экспарту. А МАЗ, БелАЗ, МТЗ даюць 3–4% кожны. Гэта ненармальна. А для выпраўленьня сытуацыі патрэбна мадэрнізацыя вытворчых адносін, адносін уласнасьці, а ня толькі замена абсталяваньня. То бок патрэбная іншая сацыяльная мадэль. І трэба браць інвэстыцыі, у тым ліку і крэдыты, на Захадзе. Бо адтуль капітал прыходзіць з сучаснымі тэхналёгіямі.

Бо Расея нам дасьць 2 млрд даляраў. Але возьме ў заклад беларускую ўласнасьць. Вось цяпер РФ патрабуе стварыць пяць холдынгаў зь беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў (МАЗ — КамАЗ і інш.). У выніку Расея возьме нашыя прадпрыемствы пад сваё кіраваньне, бо расейскія партнэры мацнейшыя. І мы страцім сваю незалежнасьць».

Багданкевіч: «У нас вельмі вялікая ўвага аддаецца замежнаму гандлю, экспарту. Але нам трэба разьвіваць унутраны рынак».

Жаліба: «Але ж даўгі выплачваць трэба валютай. А яе дае толькі экспарт».

Багданкевіч: «Не разумею, чаму павялічваецца замежны доўг, калі дзяржаўны бюджэт прафіцытны. Значыць, не зусім адкрыты бюджэт».

Жаліба: «Бюджэт у нас рублёвы, а даўгі трэба вяртаць валютай».

Багданкевіч: «Але ж абменны курс стаіць. Вонкава ў нас нармальныя паказчыкі, калі не зьвяртаць увагі на дэталі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG