Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да апошніх дзён жыцьця Юрась рабіў немагчымае — удасканальваў сваю кнігу «Жывая мова», піша Аляксандар Лукашук.

Немагчымае ня толькі таму, што няроўнае змаганьне з ракам забірала амаль усю энэргію, час і патрабавала палётаў і паездак у розныя краіны на апэрацыі і дасьледваньні, пасьля якіх сіл не ставала нават на размовы, нават на чытаньне, нават на тэлеперадачу пра спорт, зацятым заўзятарам і энцыкляпэдычным знаўцам якога ён быў.

Але адну рэч ён працягваў рабіць увесь гэты час — удасканальваць тэкст, мяняць фармулёўкі, знаходзіць лепшыя прыклады, больш пераканаўчыя аргумэнты ў сваёй унікальнай шматгадовай лінгвістычнай працы. Яго дысертацыя невыпадкова была прысьвечаная моўнаму пурызму — чысьціні мовы. Ён імкнуўся да празрыстасьці, яснасьці, лягічнасьці, нарматыўнасьці, якая дасягальная бадай толькі ў матэматыцы. Але гэтае імкненьне ператварала яго моўныя парады ў дыямэнты. Кароткія гутаркі ў этэры — як вымаўляць, дзе ставіць націск, якое слова выбраць, як будаваць фразу самі зьяўляюцца пэрлінамі беларускай мовы і жанру пэдагагічнага эсэ: дружалюбныя, стрыманыя, нічога лішняга, наўпроставы зварот да чытача, упэўненая ацэнка, цьвёрды філялягічны грунт, канкрэтная парада.

І — цеплыня аўтарскага дыханьня. Кожнае эсэ — як пацалунак.

«Ці памятаем мы пра дзяўчат і дзяўчатак?» — гэтак любоўна пачынаецца размова пра множны лік гэтых назоўнікаў, затым ідзе прызнаньне з прыхаванай усьмешкай: «На жаль, не заўжды і ня кожны», і сканчаецца эсэ гэтак жа прыгожа: «дзяўчынка чытае часопіс для дзяўчынак, дзяўчына ідзе насустрач дзяўчатам».

«У мінулым стагодзьдзі ўеліся ў беларускую мову калькаваныя формы дзеепрыметнікаў — і ніяк дасюль не зьвядуцца», — такім, лёгкім як палёт матылька, сказам пазначае Юрась звыродлівую спадчыну сталінскіх рэформаў мовы і амаль гэтак жа лёгка паказвае элегантнае выйсьце: не «чакаемы» вынік, а — чаканы.

"Слова апоўначы ў нас любяць — і гэта добра. Трэба толькі ставіць яго на сваім месцы»,— раіць аўтар тым, хто блытае гэтае прыслоўе часу з назоўнікам поўнач. Блытае «на жаль і на дзіва», не хавае сваіх эмоцыяў аўтар. Але гэта — ўся ацэначнасьць, далей стваральная частка — што, чаму, як.

"Глядзець як вока, пільнаваць як вока сваё,»—нагадвае ён беларускія адпаведнікі царкоўнаславянскаму «беречь как зеницу ока» (замест калькі «як зрэнку вока»).

Як вока сваё глядзеў Юрась мову.

Бездакорна гучаў у эфіры, надаючы інтэлігентную моўную абалонку сухім навінам, прадстаўляючы драматычныя рэпартажы, задаючы пытаньні суразмоўцам. Далікатна папраўляў чужыя памылкі, уважліва выслухоўваў аргумэнты апанэнтаў, не настойваў на сваёй манаполіі, але адстойваў сваё бачаньне. І, галоўнае, пісаў і гаварыў па-беларуску як жыў, як дыхаў, як кахаў.

Узаемна.
XS
SM
MD
LG