Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З прычыны фінансавых цяжкасьцяў многія беларусы адмаўляюць сабе ў адпачынку. Калі на пачатку 90-х гадоў на замежныя курорты выяжджала каля мільёна чалавек, то два гады таму — каля 100 тысяч. Цяпер лічба мае вырасьці да 500 тысяч.

Ірына Міхальчук — заўсёдная аматарка падарожжаў, а таксама новых шляхоў у адпачынку. Гэтае лета таксама ня стала выключэньнем. Цяпер спадарыня Ірына далёка за межамі Беларусі:

«Я цяпер на Мальце. Вельмі задаволеная і абслугоўваньнем, і надвор’ем — цудоўнае. Цяпер у гатэлі, але неўзабаве іду зь сяброўкамі на экскурсію. Усё ўлічана, і экскурсіі, і ўсё — выдатна, нейкі цуд увогуле».

Каб выправіцца ў чарговае падарожжа, Ірына Міхальчук скарыстоўвае паслугі розных турыстычных агенцтваў, якіх у Беларусі некалькі дзясяткаў. Многія зь іх скіроўваюць маршруты менавіта ў краіны так званага далёкага замежжа, абмінаючы тэрыторыю былога Савецкага Саюзу. У прыватнасьці, турыстычная кампанія «Ростынг»:

Галоўнае, што дыктуе прыярытэты і куды ты паедзеш, — гэта грошы, якія ёсьць. Ці моцна зьмяніўся прыбытак сярэдняй клясы — не. Кола людзей, якія могуць сабе дазволіць адпачынак, не пашырылася
«Мы не працуем ні зь Беларусьсю, ні з Украінай і Расеяй. Толькі Баўгарыя, Турэччына, Грэцыя, Гішпанія, Італія — увогуле краін вялікая колькасьць. Найтаньнейшая будзе Баўгарыя — каля 1600 эўра на сям’ю з трох чалавек, калі ў ліпені. Можна вызначыцца і пазьней, куды і на колькі ехаць, але чым бліжэй да ад’езду, тым даражэй будзе каштаваць».

Сярод прычынаў, якія вымушаюць агенцтвы адмаўляцца распрацоўваць маршруты традыцыйнага паўднёвага кірунку, — ніжэйшы ўзровень сэрвісу пры роўных коштах з турыстычнымі паслугамі ў эўрапейскіх краінах. Таму на ўзьбярэжжа Крыму, у Сочы альбо Адэсу многія беларусы едуць так званымі «дзікунамі». Валянціна Сырэц, аматарка самастойнага адпачынку, кажа пра шматлікія ягоныя перавагі:

«Мы былі ў вёсачцы, у сяле Марское і мне вельмі спадабалася. Ранкам усталі ў шэсьць гадзін і пайшлі на мора — куды захацелі — туды і пайшлі — не прывязаныя ні да сьнеданьняў, ні да абедаў, ні да вячэраў. Калі захочаш — харчуесься сам, калі не — заўсёды ёсьць дзе харчавацца. Я б зь вялікай радасьцю ізноў паехала. На лета — абавязкова. Больш бяз мора не магу».

Спадарыня Валянціна, аднак, прызнаецца, што пакупацца ў моры кожнае лета ёй не па кішэні. Менавіта з прычыны фінансавых цяжкасьцяў многія беларусы адмаўляюць сабе ў адпачынку. Калі на пачатку 90-х гадоў выяжджала каля мільёна чалавек, то два гады таму — каля 100 тысяч. Цяпер лічба мае вырасьці да 500 тысяч. Аднак каля 80% беларусаў увогуле нікуды не выяжджалі, кажа рэдактар газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік:

Агульная кансэрватыўнасьць, наша мэнтальная рыса, яна накладае адбітак і на адпачынак. Зьмены ў прыярытэтах ёсьць, але беларусы заўсёды ідуць за кімсьці ці за чымсьці
«Галоўнае, што дыктуе прыярытэты і куды ты паедзеш, — гэта грошы, якія ёсьць. Ці моцна зьмяніўся прыбытак сярэдняй клясы (а вандруе менавіта яна) — не. Кола людзей, якія могуць сабе дазволіць адпачынак, не пашырылася, а магчыма, нават і звузілася. Магчыма, і густы ў людзей былі б іншыя, магчыма, што і падарожжы былі б іншыя — за акіян, у экзатычныя краіны, самастойныя паездкі па Эўропе. Як пісала Сьвятлана Алексіевіч, што такое сучасны беларус: яму нічога не патрэбна, акрамя чаркі, скваркі і паездкі ў Турэччыну. Яно так і ёсьць. І не таму, што гэта дрэнна, але гэта такое клішэ. Бо дазволіць сабе іншае, нейкую разнастайнасьць людзі ня могуць».

Паводле спадарыні Ліліі, у краіны Паўднёвай Амэрыкі, Афрыкі, на Кубу едуць адпачываць літаральна адзінкі. А для пераважнай бальшыні па-ранейшаму застаюцца прыярытэтнымі чатыры асноўныя маршруты: Турэччына, Баўгарыя, Грэцыя і Крым. Яшчэ адной прычынай таму — беларускі кансэрватызм, які выяўляецца нават у адпачынку:

«Гэта такая агульная кансэрватыўнасьць, наша мэнтальная рыса, яна накладае адбітак і на адпачынак. Зьмены ў прыярытэтах ёсьць, але беларусы заўсёды ідуць за кімсьці ці за чымсьці. Калі ў 1992 годзе беларусам прапанавалі Кіпр — усе ехалі на Кіпр. Затым прапанавалі камбінаваныя экскурсійныя аўтобусныя падарожжы па Эўропе — і гэта таксама быў усплёск. Затым распачаліся розныя авіяпадарожжы. І нельга сказаць, што беларусы сачылі за эўрапейскімі тэндэнцыямі. У Эўропе, да прыкладу, былі вельмі распаўсюджаныя круізы, але ў нас да гэтага мода так і не дайшла. Хоць паводле коштаў круіз раўназначны таму ж адпачынку ў Турэччыне. Але мода так і не прыйшла, а чаму не прыйшла — з прычыны кансэрватызму».

Паводле Ліліі Кобзік, у краінах Заходняй Эўропы таксама распаўсюджаныя турыстычныя маршруты для маламаёмных сацыяльных слаёў насельніцтва, такіх, як студэнцкая моладзь і пэнсіянэры. У Беларусі гэтага кірунку турызму таксама зусім няма.
XS
SM
MD
LG